Антон Маркавіч Гарбацэвіч нарадзіўся ў вёсцы Залессе Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці ў шматдзетнай сялянскай сям’і. У сямігадовым узросце застаўся без бацькі, змалку дапамагаў маці весці гаспадарку, таму скончыў толькі два класы мясцовай школы.
У сярэдзіне 1920-х гг. быў рознарабочым на будаўніцтве чыгункі Асіповічы – Магілёў, зборшчыкам шклабою на шкляным заводзе ў пасёлку Ялізава, рабочым у вышукальнай партыі торфапрадпрыемства “Свабода”, кіраваў элеватарнай машынай па здабычы торфу.
У 1934 г. А.М. Гарбацэвіч быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Падчас службы набыў спецыяльнасць сувязіста. Пасля звальнення ў запас вярнуўся на торфапрадпрыемства, асвоіў новы тып машын па здабычы торфу. Праз некаторы час Антон Маркавіч зарэкамендаваў сябе як рацыяналізатар і наватар вытворчасці, ініцыятыўны і адказны работнік.
Паўторна быў прызваны ў войска ў 1939 г., прымаў удзел у паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь, савецка-фінляндскай вайне 1939–1940 гг. Падчас Вялікай Айчыннай вайны А.М. Гарбацэвіч служыў у тэлеграфна-кабельнай роце асобнага палка сувязі на Паўночна-Заходнім фронце. З 1944 г. праходзіў службу ў групе савецкіх войскаў у Іране. У 1946 г. быў дэмабілізаваны.
Са жніўня 1946 г. працаваў на торфапрадпрыемстве «Свабода» (у 1953 г. перайменавана ў «Татарку») прэсоўшчыкам, машыністам лакамабіля. У сярэдзіне 1950-х гг. пачалося тэхнічнае пераўзбраенне тарфянай прамысловасці. Антон Гарбацэвіч скончыў курсы электрыкаў і стаў працаваць слесарам па рамонце тэхналагічнага абсталявання, потым узначаліў брыгаду слесараў. Антон Маркавіч заўсёды быў у ліку перадавікоў і наватараў вытворчасці, з’яўляўся актыўным настаўнікам рабочай моладзі, самаадданай працай падаваў прыклад сваім калегам.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 29 чэрвеня 1966 г. за выдатныя поспехі, дасягнутыя ў выкананні заданняў сямігадовага плана па развіцці тарфяной прамысловасці, Антону Маркавічу Гарбацэвічу было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
Антон Гарбацэвіч працаваў на прадпрыемстве да выхаду на заслужаны адпачынак у 1972 г. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны ІІ ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».