Канстанцін Адамавіч Гатоўчыц нарадзіўся ў вёсцы (цяпер аграгарадок) Ліпск Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыў мясцовую школу. У 1952 г. быў прызваны ў Савецкую Армію, служыў у будаўнічых войсках на Далёкім Усходзе. Пасля службы застаўся жыць і працаваць у пасёлку Чырвонарэчанскі Прыморскага краю. У 1955 г. быў прызначаны брыгадзірам аддзелачнікаў. У 1957 г. пераведзены ў горад Дальнягорск. Брыгада, якую ўзначальваў К.А. Гатоўчыц, заслужыла славу адной з лепшых у раёне. У 1958 г. за дасягнутыя поспехі ў будаўніцтве і развіцці прамысловых будаўнічых матэрыялаў Канстанцін Адамавіч быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
З 1959 па 1965 гг. у раёне было ўведзена ў эксплуатацыю больш за 15 прамысловых аб’ектаў, а таксама аб’екты сацыяльна-культурнага прызначэння, жыллё. На многіх з іх ударна працавала брыгада К.А. Гатоўчыца.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 9 сакавіка 1966 г. за асобыя заслугі ў развіцці народнай гаспадаркі, навукі і культуры Прыморскага краю Канстанціну Адамавічу Гатоўчыцу было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
Канстанцін Адамавіч Гатоўчыц працаваў у трэсце «Дальметалургбуд» больш за 40 гадоў. У 1982 г. за вялікі асабісты ўклад у развіццё эканомікі раёна і актыўную грамадскую дзейнасць К.А. Гатоўчыцу было прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Дальнягорскага раёна». Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».