Дата рождения:
07.05.1923 Жавулкі, вёска, Капыльскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
12.09.1991 Нясвіж, г., Мінская вобласць
Краткая справка:
работнік сельскай гаспадаркі (трактарыст, слесар-рамонтнік), Герой Сацыялістычнай Працы (1971), узнагароджаны ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны ІІ ст., Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі, ганаровы грамадзянін Нясвіжа
Имена на других языках:
Герман Николай Николаевич (русский);
2323 символа
Справка
Мікалай Мікалаевіч Герман нарадзіўся ў вёсцы Жавулкі Капыльскага раёна Мінскай вобласці ў шматдзетнай сялянскай сям’і. Самастойную працоўную дзейнасць пачаў падручным каваля пры Капыльскай машынна-трактарнай станцыі (МТС). У 17 гадоў скончыў курсы трактарыстаў.
З пачаткам вайны разам з сям’ёй застаўся на акупіраванай тэрыторыі і з часам стаў сувязным аднаго з партызанскіх атрадаў. Збіраў і перадаваў у атрад звесткі аб перамяшчэнні нямецкіх цягнікоў, сістэме ўмацаванняў уздоўж чыгункі, колькасці і ўзбраенні варожых гарнізонаў і паліцэйскіх участкаў.
Пасля вызвалення Беларусі быў мабілізаваны і з кастрычніка 1944 г. знаходзіўся ў дзеючай арміі. Да красавіка 1945 г. служыў разведчыкам знішчальнага супрацьтанкавага артылерыйскага палка на 2-м Украінскім фронце, прымаў удзел у вызваленні Чэхаславакіі.
Пасля дэмабілізацыі ў 1947 г. вярнуўся на радзіму, працаваў паляводам у мясцовым калгасе “Чырвонаармеец”. Праз год пераехаў у Нясвіж і ўладкаваўся трактарыстам у Нясвіжскую МТС, а пасля яе скасавання стаў брыгадзірам трактарнай брыгады калгаса імя Кірава.
У 1961 г. Мікалай Герман быў пераведзены слесарам-рамонтнікам у Нясвіжскую райсельгастэхніку. За час працы ўнёс і ўкараніў у вытворчасць больш за дзесяць рацыяналізатарскіх прапаноў. За поспехі, дасягнутыя ў перыяд выканання заданняў восьмага пяцігадовага плана па развіцці народнай гаспадаркі, быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 8 красавіка 1971 г. за выдатныя поспехі, дасягнутыя ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці і выкананні пяцігадовага плана продажу дзяржаве прадуктаў земляробства і жывёлагадоўлі, Мікалаю Мікалаевічу Герману было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля “Серп і Молат”.
Мікалай Герман працаваў у аб’яднанні да выхаду на заслужаны адпачынак у 1985 г. Неаднаразова быў удзельнікам Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР, узнагароджваўся дыпломамі і бронзавым медалём выставачнага камітэта. Прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна, выбіраўся дэпутатам Нясвіжскага раённага Савета дэпутатаў працоўных, узнагароджаны ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны ІІ-й ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі, з’яўляўся ганаровым грамадзянінам Нясвіжа.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта “Герои страны”.