Аркадзь Вікенцьевіч Гаўрлік нарадзіўся ў горадзе Ліда Гродзенскай вобласці ў сям’і чыгуначніка. У 1929 г. скончыў сярэднюю школу і пачаў працоўную дзейнасць на чыгунцы: быў рамонтным рабочым, слесарам-аглядчыкам вагонаў. У 1930 г. паступіў у Варонежскі сельскагаспадарчы інстытут, дзе атрымаў спецыяльнасць агранома-буракавода.
Пасля заканчэння інстытута быў накіраваны развіваць буракаводства ў Казахскую ССР. Працаваў старэйшым аграномам пры Мукрынскай машынна-трактарнай станцыі (МТС) Алма-Ацінскай вобласці. У лістападзе 1945 г. быў прызначаны дырэктарам Лугаўской МТС.
Цукровыя буракі былі новай для Казахстана культурай, і Аркадзю Вікенцьевічу прыйшлося прыкласці шмат сіл і энергіі, ведаў і творчасці для яе ўкаранення ў мясцовае раслінаводства. Калектыў механізатараў МТС кожны год выконваў усе сельскагаспадарчыя работы ў тэрмін. У 1947 г. Лугаўская МТС пад яго кіраўніцтвам выканала план трактарных работ на 124 працэнты, у 1948 г. – на 141 працэнт. У 1947 г. з кожнага гектара палёў было сабрана ў сярэднім: зерня –11,9 центнера, цукровых буракоў – 400,9 цэнтнера.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 28 сакавіка 1948 г. за атрыманне высокіх ураджаяў пшаніцы, жыта, бавоўны і цукровых буракоў і забяспечанасці насеннем збожжавых культур для вясновай сяўбы Аркадзю Вікенцьевічу Гаўрліку было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля “Серп і Молат”.
Вялікіх поспехаў калектыў Лугаўской МТС дамогся і ў наступныя гады, асабліва ў перыяд асваення абложных зямель. Збожжавых культур з кожнага гектара ў 1956 г. было сабрана па 13,6 цэнтнера, цукровых буракоў – па 377,1 цэнтнера.
Пасля рэарганізацыі МТС у снежні 1958 г. А.В. Гаўрлік пераехаў у Акмалінскую вобласць, дзе быў прызначаны дырэктарам адсталага цаліннага саўгаса “Маскоўскі” і праз некалькі гадоў вывеў яго ў лік перадавых. Цаліннікі саўгаса штогод давалі дзяржаве да 40-50 тысяч тон хлеба. Аркадзь Вікенцьевіч узначальваў саўгас да выхаду на заслужаны адпачынак у 1970 г. Выбіраўся членам Цалінаградскага абкама Кампартыі Казахстана, дэпутатам Джамбульскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных. Узнагароджаны ордэнам Леніна, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта “Герои страны”.