Станіслаў Уладзіміравіч Гермель нарадзіўся ў вёсцы Гарадзішча Брагінскага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і сялян.
З 1954 г. працаваў у калгасе імя Тэльмана. Скончыў вячэрнюю школу рабочай моладзі, Рудакоўскае вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі і з 1962 г. стаў працаваць трактарыстам у тым жа калгасе. У кароткі тэрмін дасканала авалодаў спецыяльнасцю, асвоіў розныя віды сельскагаспадарчай тэхнікі і атрымаў кваліфікацыю механізатара шырокага профілю. Узначальваў механізаванае звяно па апрацоўцы бульбы, у перыяд жніва паспяхова працаваў на ўборцы хлеба.
У 1970–80-х гг. Станіслаў Гермель стаў ініцыятарам шэрага працоўных пачынаў, у тым ліку спаборніцтва за найвышэйшы сутачны намалот збожжавых культур. Актыўна ўдзельнічаў у рабоце па ўдасканаленні тэхналогіі вырошчвання збожжа і бульбы, падняцці культуры земляробства і правільнай арганізацыі працы земляробаў. Некалькі разоў з’яўляўся ўдзельнікам Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР. За самаадданую працу ў гады восьмай, дзявятай і дзясятай пяцігодак быў адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі.
Па выніках уборачнай кампаніі 1973 г. быў удастоены першай прэміі Савета Міністраў БССР і Беларускага рэспубліканскага савета прафесійных саюзаў за высокія паказчыкі ў рэспубліканскім спаборніцтве на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 14 лютага 1975 г. за поспехі, дасягнутыя ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве, і праяўленую працоўную доблесць у павышэнні прадукцыйнасці працы, росце ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур, выкананні народнагаспадарчых планаў і прынятых абавязацельстваў па павелічэнні вытворчасці і продажу дзяржаве прадуктаў земляробства і грамадскай жывёлагадоўлі ў 1974 г. Станіслаў Гермель быў узнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы ІІІ-й ступені.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 27 снежня 1976 г. за поспехі, дасягнутыя ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве, і праяўленую працоўную доблесць у выкананні планаў і сацыялістычных абавязацельстваў па павелічэнні вытворчасці і продажу дзяржаве збожжа, бульбы і іншых сельскагаспадарчых прадуктаў у 1976 г. Станіслаў Гермель быў узнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы ІІ-й ступені.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 7 ліпеня 1986 г. за поспехі, дасягнутыя ў выкананні заданняў адзінаццатай пяцігодкі і сацыялістычных абавязацельстваў па вытворчасці і перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі, Станіслаў Уладзіміравіч Гермель быў узнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы І-й ступені і стаў поўным кавалерам ордэна Працоўнай Славы.
Станіслаў Гермель з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, народным дэпутатам СССР, быў членам Беларускага рэспубліканскага савета прафесійных саюзаў. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Працоўнай Славы І-й, ІІ-й і ІІІ-й ступеняў, медалямі. Працаваў у калгасе да выхаду на заслужаны адпачынак.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта “Герои страны”.