Васіль Ільіч Горнак нарадзіўся ў вёсцы Буйнічкава Сенненскага раёна Віцебскай вобласці ў шматдзетнай сям’і калгаснікаў. Пасля службы ў Савецкай Арміі працаваў вадзіцелем аўтамабіля, затым брыгадзірам аўтамабільнага камбіната № 1 Гомельскага абласнога вытворчага аб’яднання аўтатранспарту (з 1987 г. – «Гомельаблаўтатранс») Міністэрства аўтамабільнага транспарту БССР.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 красавіка 1975 г. за высокія дасягненні ў працы і шматгадовую бездакорную працу на адным прадпрыемстве В.І. Горнак быў узнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы ІІІ-й ступені.
У дзясятай пяцігодцы (1976–1980) брыгада Горнака дабілася высокіх паказчыкаў пры выкананні заданняў плана па перавозках народнагаспадарчых грузаў.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 2 красавіка 1981 г. за поспехі, дасягнутыя ў выкананні заданняў дзясятай пяцігодкі і сацыялістычных абавязкаў па перавозках народнагаспадарчых грузаў і пасажыраў, будаўніцтву, рамонту і ўтрыманню аўтамабільных дарог, В.І. Горнак быў узнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы ІІ-й ступені.
У 1982 г. вялікі ўклад Васіля Горнака ў справу павышэння эфектыўнасці аўтамабільнага транспарту быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР.
Выдатных поспехаў брыгада Горнака дасягнула пры выкананні заданняў плана развіцця народнай гаспадаркі па перавозках народнагаспадарчых грузаў у адзінаццатай пяцігодцы. План першага паўгоддзя 1986 г. вадзіцелі брыгады выканалі на 110,9 працэнтаў і пры гэтым зэканомілі 11 100 літраў дызельнага паліва. Свой асабісты план на шэсць месяцаў гэтага ж года года Васіль Ільіч Горнак выканаў на 107,6 працэнтаў.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 14 жніўня 1986 г. за поспехі, дасягнутыя ў выкананні заданняў адзінаццатай пяцігодкі і прынятых сацыялістычных абавязацельстваў, Васіль Ільіч Горнак быў узнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы І-й ступені і стаў поўным кавалерам ордэна Працоўнай Славы.
Васіль Ільіч працаваў на аўтатранспартным прадпрыемстве № 1 «Гомельаблаўтатранс» да апошніх дзён жыцця. Узнагароджаны ордэнамі Працоўнай Славы І, ІІ і ІІІ-й ступеняў, медалямі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».