Дата рождения: 16.06.1923 Расія
Дата смерти: 19.03.1991 Сноў, аг., Нясвіжскі раён, Мінская вобласць
Краткая справка: работнік сельскай гаспадаркі (старшыня калгаса, Герой Сацыялістычнай Працы (1984), заслужаны ветэрынарны ўрач Беларусі, узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1971), Айчыннай вайны ІІ-й ступені (1985), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1973), Чырвонай Зоркі (1945), медалямі, ганаровы грамадзянін Нясвіжа, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны
Имена на других языках: Алексанкин Яков Васильевич (русский);
Якаў Васільевіч Аляксанкін нарадзіўся на Смаленшчыне. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны атрымаў сярэднюю адукацыю. Летам 1941 г. добраахвотнікам пайшоў на фронт. Пачынаў ваяваць у пяхоце, пасля ранення быў накіраваны на вучобу ў Ваенна-ветэрынарную акадэмію (цяпер – Маскоўская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны і біятэхналогіі імя К.І. Скрабіна). У 1944 г. атрымаў дыплом і прыбыў на фронт. Старшы ветэрынарны ўрач 35-га гвардзейскага артылерыйскага палка Якаў Аляксанкін ваяваў ва Усходняй Прусіі. За перыяд службы ўмела арганізаваў догляд, добра паставіў лячэбную справу і дамогся мінімальнага працэнту хвароб коней, за што быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. У красавіку 1945 г. атрымаў цяжкую кантузію. Пасля выздараўлення капітан Аляксанкін працягнуў службу.
Пасля дэмабілізацыі ў 1947 г. Я.В. Аляксанкін стаў загадчыкам ветэрынарнага ўчастка ў Клецкім раёне. Прымаў удзел у аднаўленні сельскай гаспадаркі, разбуранай у час вайны. У 1949 г. узначаліў ветэрынарны ўчастак у вёсцы Сноў і хутка заваяваў аўтарытэт у мясцовых сялян. Добрасумленным падыходам да выканання сваіх абавязкаў і ўмелым ужываннем вопыту работы ў ветэрынарыі дамогся значнага зніжэння хвароб жывёлы ў сялянскіх гаспадарках і на жывёлагадоўчых фермах ў калгасах і саўгасах на тэрыторыі Заходняй Беларусі.
У 1950 г. на тэрыторыі Нясвіжскага раёна было 29 невялікіх калгасаў і саўгас «Горны Сноў», што не дазваляла сельскагаспадарчым арцелям атрымліваць высокія ўраджаі. Узбуйненне гаспадарак адкрывала вялікія магчымасці для развіцця калгаснай вытворчасці. У жніўні 1951 г. шэсць невялікіх і эканамічна слабых сельгасарцеляў Сноўскага сельсавета аб’ядналіся ў калгас імя М.І. Калініна з цэнтральнай сядзібай ў вёсцы Сноў. Узначаліў аб’яднаную гаспадарку Я.В. Аляксанкін. Першы год яго працы на новай пасадзе не даў амаль ніякіх вынікаў: адсутнасць спецыяльнай сельскагаспадарчай тэхнікі, жывёлагадоўчых і гаспадарчых памяшканняў не далі магчымасці вырасціць добры ўраджай і атрымаць шмат малака і мяса. Сваёй першапачатковай задачай старшыня лічыў правядзенне павышэнне культуры земляробства і правільную арганізацыю працы калгаснікаў. У 1950-я гг. шмат увагі надавалася вырошчванню лёну-даўгунцу. Пры ўмелым гаспадаранні ільнаводства дазваляла адсталым гаспадаркам у даволі кароткі тэрмін атрымаць фінансавую незалежнасць. Пасля правядзення абласнога злёту льнаводаў ў Баранавічах малады кіраўнік гаспадаркі абраў асноўнай спецыялізацыяй калгаса ільнаводства. Пад вырошчванне ільну было адведзена 120 гектараў зямлі. У 1953 г. гаспадарка атрымала 2,5 мільёна рублёў прыбытку, а кожны калгаснік атрымаў на працадзень па 2,5 кілаграмы збожжа і па 3 рублі грошай. У наступным годзе ў калгаснай касе мелася больш за тры мільёны рублёў.
У 1954 г. старшыня вынес на ўсеагульнае абмеркаванне праект рэканструкцыі вёскі. Да 1957 г. на свае ўласныя сродкі калгас адбудаваў 60 вытворчых памяшканняў і 20 жылых дамоў, якія прадаваліся калгаснікам у растэрміноўку на 4-5 гадоў без працэнтаў.
Моцная матэрыяльная і вытворчая база гаспадаркі, паступовае павышэнне культуры земляробства абумовіла рост ураджайнасці і развіццё высокатаварнай жывёлагадоўлі. За кароткі тэрмін кіраўніцтва калгасам Якаў Васільевіч унёс вялікі ўклад у справу развіцця сельскай гаспадаркі і росту дабрабыту калгаснікаў. За поспехі ў развіцці сельскай гаспадаркі ў 1958 г. Я.В. Аляксанкін быў адзначаны ордэнам Леніна.
У час сёмай пяцігодкі (1959–1965) калгас імя Калініна ператварыўся ў моцную шматгаліновую гаспадарку з высокай даходнасцю і магутнай вытворчай базай. У 1960-я гг. старшыня працягваў актыўнае ўкараненне перадавых тэхналогій сельскагаспадарчай вытворчасці і дамогся павелічэння ўраджайнасці ўсіх культур пры дапамозе рацыянальнага выкарыстання арганічных і мінеральных угнаенняў, паглыбленай механізацыі і аптымальнай хімізацыі.
У 1959–1980 гг. гаспадарка дамаглася яшчэ большага павелічэння ўраджайнасці, пераводу на прамысловую аснову жывёлагадоўлі. У 1978 г. сярэдняя ўраджайнасць з гектара склала: збожжа – 40,6 цэнтнера, бульбы – 250 цэнтнераў і цукровых буракоў – 308 цэнтнераў з гектара. Валавы даход калгаса склаў 3 558 500 рублёў.
Яшчэ больш высокіх паказчыкаў дамаглася гаспадарка ў перыяд адзінаццатай пяцігодкі (1981–1985), калі штогадовыя аб’ёмы продажу малака дасягнулі шасці тысяч тон, а выхад мясной прадукцыі перавысіў тры тысяч тон. Сярэдняя ўраджайнасць бульбы захоўвалася ў межах 300-350 цэнтнераў з гектара, а цукровых буракоў дасягала 400 цэнтнераў. Агульны грашовы даход калгаса перавысіў 13 мільёнаў рублёў, пры гэтым чысты прыбытак склаў 6 мільёнаў 200 тысячаў рублёў. У 1980-я гг. калгас (цяпер – сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Агракамбінат Сноў») стаў адной з перадавых гаспадарак рэспублікі. За поспехі, дасягнутыя ў выкананні планаў дзесятай пяцігодкі, 26 сакавіка 1981 г. калгас імя Калініна быў узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў.
Якаў Васільевіч Аляксанкін праводзіў узважаную кадрава-эканамічную палітыку: многія спецыялісты гаспадаркі былі калгаснымі стыпендыятамі і пасля вучобы вярталіся ў роднае сяло. Старшыня гаспадаркі настойліва вучыўся сам і ў 1969 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю па праблеме эканамічнага і культурнага развіцця вёскі. За гады яго кіраўніцтва ў калгасе вырас вялікі атрад майстроў жывёлагадоўлі і паляводства. Высокага звання Героя Сацыялістычнай Працы ўдастоілася свінарка А.А. Сцепановіч, дзяржаўнымі ўзнагародамі была адзначана праца брыгадзіраў, паляводаў і механізатараў. Якаў Васільевіч Аляксанкін быў адзначаны другім ордэнам Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета ад 6 чэрвеня 1984 г. за дасягненне выдатных паказчыкаў і працоўны гераізм, праяўлены ў выкананні планаў і сацыялістычных абавязацельстваў па павелічэнні вытворчасці і продажу дзяржаве збожжа і іншых прадуктаў земляробства ў 1983 г., Якаву Васільевічу Аляксанкіну было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
Вялікае значэнне Я.В. Аляксанкін надаваў развіццю сацыяльна-культурнай сферы. З 1960 г. вялося добраўпарадкаванне вёсак. З 1969 г. цэнтральная сядзіба калгаса забудоўвалася паводле генеральнага плана і хутка ператварылася ў сучасны пасёлак гарадскога тыпу: вулічная сетка была заасфальтавана, у цэнтры будаваліся двух-, чатырох- альбо пяціпавярховыя дамы. Воддаль ад жылля былі пастаўленыя надворныя пабудовы, а агароды знаходзіліся за межамі пасёлка. Для камфортнага адпачынку калгаснікаў у Снове заклалі парк з вадаёмам, адбудавалі басейн закрытага тыпу.
У 1951 г. на тэрыторыі гаспадаркі дзейнічалі адна няпоўная сярэдняя школа, магазін, фельчарска-акушэрскі пункт, драўляны клуб і бібліятэка. Да 1978 г. былі пабудаваны Палац культуры, чатыры школы, столькі ж бібліятэк, тры клубы, дзіцячыя яслі-садок, піянерскі лагер, аптэка, амбулаторыя, бальніца, два аддзяленні сувязі, 12 крам, Дом быту, кафэ, сталовая, лазнева-пральны камбінат і пякарня. У 1976 г. забудова вёскі Сноў была адзначана залатым медалём ВДНГ СССР. З часам былі добраўпарадкаваныя ўсе населеныя пункты на тэрыторыі калгаса, пачаў дзейнічаць універмаг, музычная і дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, вучэбна-вытворчы камбінат, кнігарня, ветэрынарная аптэка і гасцініца.
Якаву Васільевічу Аляксанкіну былі ўласцівы рысы, якія характарызуюць сучаснага кіраўніка: грунтоўнасць, глыбокая кампетэнтнасць, рознабаковыя веды. Свой вопыт ён выклаў у кнігах «Строительство и благоустройство колхозного села» (1957), «Обновленная деревня» (1959), стаў суаўтарам кніг «Центр трудовой подготовки учащихся» (1981), «Сочетание отраслей в животноводстве» (1986).
Якаў Васільевіч прымаў актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці: неаднаразова выбіраўся членам Рэспубліканскага савета калгаснікаў, дэпутатам Нясвіжскага раённага і Сноўскага сельскага Саветаў. Узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна (1958; 1966; 1984), ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1971), Айчыннай вайны ІІ-й ступені (1985), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1973), Чырвонай Зоркі (1946), медалямі, меў ганаровае званне «Заслужаны ветэрынарны ўрач Беларускай ССР» (1967). У 1988 г. Я.В. Аляксанкін выйшаў на заслужаны адпачынак. Яго пераемнікам стаў Герой Беларусі Міхаіл Аляксандравіч Карчміт.
У 2002 г. Якаў Васільевіч Аляксанкін стаў ганаровым грамадзянінам Нясвіжа. У Снове імем Героя названа вуліца.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».