Дата рождения:
01.05.1925 Марчанкі, в., Гарадоцкі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти:
17.06.1991 Марчанкі, в., Гарадоцкі раён, Віцебская вобласць
Краткая справка:
будаўнік-чыгуначнік (машыніст пуцеўкладачнага крана), Герой Сацыялістычнай Працы (1961), узнагароджаны ордэнам Леніна, медалямі
Имена на других языках:
Амбросенко Алексей Петрович (русский);
3325 символов
Справка
Аляксей Пятровіч Амбросенка нарадзіўся ў вёсцы Марчанкі Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і.
У пачатку 1941 г. паступіў у чыгуначную школу фабрычна-заводскага навучання ў горадзе Лепель. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны Аляксей разам з іншымі навучэнцамі быў эвакуіраваны ў тыл. У ліпені 1941 г. ён стаў рабочым пуцеўкладачнага цягніка, а праз два гады атрымаў спецыяльнасць машыніста пуцеўкладачнага крана. Аляксей Амбросенка прымаў удзел у будаўніцтве чыгуначных шляхоў у прыфрантавой паласе, пад Сталінградам і Наварасійскам. Пасля вайны працаваў на пракладцы чыгуначных магістраляў у Сібіры і на Паўночным Каўказе, на Крымскім паўвостраве і Урале. Змяніў некалькі спецыяльнасцяў – быў машыністам пуцеўкладачнага крана, шафёрам, участковым механікам будаўніча-мантажных цягнікоў. Як высокакваліфікаваны спецыяліст увайшоў у лік перадавых будаўнікоў-чыгуначнікаў краіны.
У 1956 г. у складзе будаўніча-мантажнага цягніка прыбыў у Казахскую ССР на будаўніцтва чыгункі па тэрыторыі Сяміпалацінскай і Талды-Курганскай абласцей. Новая траса стала часткай маштабнага двухбаковага праекта па стварэнні трасы Ланьчжоў – Урумчы – Алма-Ата, якая была павінна злучыць прыгранічныя раёны СССР з Кітайскай Народнай Рэспублікай.
Аляксей Амбросенка кіраваў пуцеўкладачнай машынай. На працягу кароткага тэрміну ён дамогся высокіх вытворчых поспехаў. У 1959 г. перайшоў працаваць на адстаючы ўчастак вытворчасці машыністам каменедрабільнага агрэгата і за кароткі тэрмін здолеў вывесці свой экіпаж у лік перадавых.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 27 красавіка 1961 г. за высокія вытворчыя поспехі, дасягнутыя на будаўніцтве чыгуначнай лініі Актагай – Дружба, Аляксею Пятровічу Амбросенку было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
У сувязі з пагаршэннем савецка-кітайскіх адносін будаўніцтва новай чыгуначнай магістралі ў 1960 г. было прыпынена. У наступным годзе Аляксей Амбросенка стаў вадзіцелем крана на станцыі Макат Гур’еўскай вобласці Казахскай ССР. Новая траса павінна была адкрыць шлях да багатага на радовішчы нафты і газу паўвострава Мангышлак. Будаўнікам давялося працаваць у лютыя зімовыя маразы і ў нясцерпную летнюю гарачыню. Бітва ішла за кожны кіламетр. Але будаўнікі справіліся з гэтай задачай: 29 чэрвеня 1964 г. шлях на Мангышлак быў адкрыты. 30 снежня 1966 г. быў падпісаны дзяржаўны акт аб здачы ў эксплуатацыю 704-кіламетровай чыгуначнай трасы Макат – Мангышлак. Так у канцы 1960-х гг. пачалося інтэнсіўнае асваенне багатага мангышлакскага краю.
Першыя 100 кіламетраў трасы праклаў Аляксей Пятровіч Амбросенка. Увесь час ён знаходзіўся ў пошуку дасканалых метадаў працы, з цікавасцю вывучаў новую тэхніку, якой прамысловасць забяспечвала будаўнікоў-чыгуначнікаў. На новай будоўлі ён асвоіў яшчэ адну спецыяльнасць – працу на шлакападбівачнай машыне. Ахвотна займаўся настаўніцтвам, перадаваў свой вопыт і веды маладым рабочым.
У 1977 г. А.П. Амбросенка вярнуўся ў Беларусь. Уладкаваўся на працу аўтамеханікам у рамонтныя майстэрні калгаса імя Кутузава ў роднай вёсцы Марчанкі Гарадоцкага раёна. Працаваў у калгасе да выхаду на заслужаны адпачынак у 1985 г.
Узнагароджаны ордэнам Леніна, медалямі, адзначаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Казахскай ССР.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».