Дата рождения:
18.09.1930 Любань, г., Мінская вобласць
Дата смерти:
26.03.2008 Любань, г., Мінская вобласць
Краткая справка:
работнік сельскай гаспадаркі (механізатар, кіраўнік звяна), Герой Сацыялістычнай Працы (1973), кавалер ордэнаў Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга
Имена на других языках:
Астрейко Владимир Тимофеевич (русский); Острейко Владимир Тимофеевич (русский);
3118 символов
Справка
Уладзімір Цімафеевіч Астрэйка нарадзіўся ў Любані. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны скончыў пачатковую школу, падлеткам перажыў нямецка-фашысцкую акупацыю. Улетку 1944 г. стаў працаваць у Любанскім калгасе імя Сталіна (з 1960 г. «Беларусь»), скончыў курсы трактарыстаў пры Любанскай машынна-трактарнай станцыі. З 1946 г. У.Ц. Астрэйка – механізатар Любанскай МТС. Разам з памочнікам Іванам Белічонкам (будучым Героем Сацыялістычнай Працы) апрацоўваў палі ў калгасах імя Сталіна і «Чырвоная змена». Пасля завяршэння тэрміновай службы ў радах Савецкай Арміі У.Ц. Астрэйка вярнуўся ў родны калгас.
Малады механізатар араў зямлю, даглядаў пасевы, збіраў ураджай, быў заняты на рамонце тэхнікі і падвозе мінеральных угнаенняў. Пры высокай якасці палявых работ паспяхова выконваў свае зменныя заданні і праз пэўны час стаў механізатарам высокай кваліфікацыі. Па выніках восьмай пяцігодкі (1966–1970) за поспехі, дасягнутыя ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці і выкананні пяцігадовага плана продажу дзяржаве прадуктаў жывёлагадоўлі, быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Яшчэ ў 1950-я гг. у Любанскім раёне шырока разгарнуўся рух за стварэнне механізаваных звёнаў у раслінаводстве. Гэты метад быў новым кірункам у арганізацыі працы раслінаводаў, дазваляў істотна павысіць культуру земляробства і збіраць высокія ўраджаі. У калгасе «Беларусь» вырашылі пайсці па шляху перадавых гаспадарак і стварыць комплексныя механізаваныя звёны для вырошчвання прапашных культур.
У 1970 г. У.Ц. Астрэйка ўзначаліў механізаванае звяно па вырошчванні бульбы. На працягу некалькіх пяцігодак яго звяно паспяхова перавыконвала свае абавязацельствы, дамагалася стабільна высокіх паказчыкаў ураджайнасці, забяспечвала скарочаныя тэрміны ўборачнай кампаніі пры выдатнай якасці працы.
Разумеючы, што яго ведаў недастаткова, Уладзімір Цімафеевіч ахвотна займаўся самаадукацыяй, пераймаў вопыт лепшых бульбаводаў. У хуткім часе старанная праца разам з перадавой агратэхнікай дала добры плён. У трэцім годзе дзявятай пяцігодкі (1971–1975) звяно Астрэйкі вырасціла рэкордны ўраджай – па 482 цэнтнеры клубняў з кожнага гектара.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 12 снежня 1973 г. за вялікія поспехі, дасягнутыя ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве, і праяўленую працоўную доблесць у выкананні прынятых абавязацельстваў па павелічэнні вытворчасці і продажу дзяржаве збожжа, бульбы, цукровых буракоў і іншых прадуктаў земляробства Уладзіміру Цімафеевічу Астрэйку было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
Уладзімір Цімафеевіч працаваў у калгасе «Беларусь» (цяпер – сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Таліца-Агра») да выхаду на заслужаны адпачынак і ахвотна дзяліўся сакрэтамі свайго майстэрства. Прымаў актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці краіны: з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР 9-га склікання (1975–1980), выбіраўся дэпутатам мясцовых Саветаў. Узнагароджаны ордэнамі Леніна (12.12.1973), Працоўнага Чырвонага Сцяга (08.04.1971), медалямі.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў Міжнароднага інтэрнэт-праекта «Герои страны».