Дата рождения:
12.02.1932 Дуброўна, вёска, Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць
Дата смерти:
08.04.2021 Крошын, в., Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць
Краткая справка:
работнік сельскай гаспадаркі (брыгадзір паляводчай брыгады), Герой Сацыялістычнай Працы (1972), узнагароджаны ордэнамі Леніна (1966; 1972), медалямі
Имена на других языках:
Бабко Александр Митрофанович (русский); Бобко Александр Митрофанович (русский);
3346 символов
Справка
Аляксандр Мітрафанавіч Бабко нарадзіўся ў сям’і сялян вёскі Дуброўна Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. У гады Вялікай Айчыннай вайны дзіцём перажыў нямецка-фашысцкую акупацыю (1941–1944). З ліпеня 1944 г. бацька Аляксандра быў на фронце, дзе атрымаў цяжкае раненне і памёр. З гэтага часу ўсе гаспадарчыя клопаты ляглі на плечы Аляксандра.
У 1954 г. пасля заканчэння службы ў Савецкай Арміі Аляксандр Бабко вярнуўся ў роднае сяло. Працаваў паляводам, у 1956 г. узначаліў паляводчую брыгаду калгаса «Перамога». Гэты год не прынёс хлебаробам багаты ўраджай: з кожнага гектара намалацілі толькі па 6 цэнтнераў збожжа. Гэтак жа слаба ўрадзілі бульба, лён і цукровыя буракі. Малады і энергічны брыгадзір задумаўся аб спосабах павышэння ўрадлівасці. Да пачатку вайны Аляксандр Бабко паспеў скончыць толькі 5 класаў, таму каб павысіць свой адукацыйны ўзровень, скончыў вячэрнюю сярэднюю школу, а затым Навагрудскі саўгас-тэхнікум (цяпер Навагрудскі аграрны каледж).
Брыгадзір і яго падначаленыя актыўна вывучалі асновы агратэхнікі, пераймалі вопыт перадавікоў. Дакладнае захаванне агратэхнічных прыёмаў прывяло да прыкметных зрухаў у росце ўраджайнасці. У 1965 г. брыгада Бабко атрымала па 29 цэнтнераў збожжа і 380 цэнтнераў цукровых буракоў з гектара. У 1966 г. за поспехі, дасягнутыя ў павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак жыта, пшаніцы, грэчкі і іншых збожжавых і кармавых культур, Аляксандр Мітрафанавіч Бабко быў узнагароджаны ордэнам Леніна.
У 1968 г. А.М. Бабко ўзначаліў адстаючую брыгаду, якую неўзабаве вывеў у лік перадавых. За тры гады брыгада пад кіраўніцтвам Бабко павысіла ўраджайнасць збожжавых амаль у два з паловай разы і атрымала рэкордны ўраджай хлеба – 41 цэнтнер на круг. У той жа год з кожнага гектара было атрымана па 220 цэнтнераў бульбы, 426 цэнтнераў цукровых буракоў і 10 цэнтнераў ільновалакна.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 13 снежня 1972 г. за вялікія поспехі, дасягнутыя ў павелічэнні вытворчасці і продажу дзяржаве збожжа, цукровых буракоў і іншых прадуктаў земляробства, і праяўленую працоўную доблесць Аляксандру Мітрафанавічу Бабко было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
Шмат намаганняў прыкладаў А.М. Бабко, каб навесці ўзорны парадак на палях, не праходзіў міма недахопаў, быў патрабавальны і да сябе, і да іншых. Такое стаўленне да сябе і да падначаленых дазволіла яму доўгія гады заставацца ў ліку перадавікоў сельскагаспадарчай вытворчасці, дамагацца стабільна высокіх паказчыкаў. Сваю любоў да працы на зямлі здолеў перадаць сыну і дачцэ. Акрамя вытворчай дзейнасці Аляксандр Бабко шмат часу прысвячаў грамадскай рабоце: ён неаднаразова выбіраўся дэпутатам абласнога, раённага і мясцовага Саветаў дэпутатаў працоўных.
У калгасе «Перамога» А.М. Бабко працаваў да выхаду на заслужаны адпачынак у 1992 г. У вольны час быў актыўным удзельнікам мастацкай самадзейнасці: спяваў у гарадскім і раённым хоры ветэранаў.
Аляксандр Бабко ўзнагароджаны двума ордэнамі Леніна (1966; 1972), медалямі. Некалькі разоў прымаў удзел у рабоце Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР, адзначаны залатым, сярэбраным і бронзавым медалямі ВДНГ СССР, каштоўнымі падарункамі (у т. л. легкавой аўтамашынай «Масквіч»), Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР і інш.
Пераклад 2022 г. матэрыялаў Міжнароднага інтэрнэт-праекта «Герои страны».