Усцін Восіпавіч Бабкін нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Мінскай вобласці. Сваю працоўную дзейнасць пачаў у 1948 г. шахцёрам на здабычы бурага вугалю ў Падмаскоўным вугальным басейне (Масбас), што ў той час уваходзіў у склад трэста «Сталінагорсквугаль» камбіната «Маскоўсквугаль» (цяпер аднайменнае ААТ). Спачатку працаваў горнарабочым-крапільшчыкам і праходчыкам у брыгадзе па праходцы горных вырабатак. Працаваў ударна, па-стаханаўску, быў перадавым работнікам вытворчасці, усяляк спрыяў паляпшэнню арганізацыі працы. Пасля дасканалага авалодання найноўшым абсталяваннем працаваў на шахце № 39/40 (пазней – шахта «Прагрэс») машыністам ачышчальных камбайнаў. Удзельнічаў у асваенні першых механізаваных комплексаў «Тула» на шахтах Новамаскоўскага раёна. Найбольш высокіх вытворчых паказчыкаў на вугледабычы дабіўся ў перыяд выканання планавых заданняў сёмай пяцігодкі (1959–1965).
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 29 чэрвеня 1966 г. за выдатныя заслугі ў выкананні заданняў сямігадовага плана па развіцці вугальнай і сланцавай прамысловасці і дасягненне высокіх тэхніка-эканамічных паказчыкаў у працы Усціну Восіпавічу Бабкіну было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
Да выхаду на заслужаны адпачынак У.В. Бабкін працаваў слесарам на Паўночна-Задонскім эксперыментальным заводзе ў структуры Падмаскоўнага навукова-даследчага і праектна-канструктарскага інстытута вугальнай прамысловасці. Жыў у горадзе Сталінагорск (з 1961 г. – Новамаскоўск) Маскоўскай (з 1958 г. – Тульскай) вобласці. Быў узнагароджаны ордэнам Леніна (1966), медалямі, у тым ліку «За працоўную адзнаку» (1954).
Імя Героя ўвекавечана на памятным стэндзе каля Палаца культуры г. Новамаскоўск.
Пераклад 2022 г. матэрыялаў Міжнароднага інтэрнэт-праекта «Герои страны».