Водна-балотны заказнік рэспубліканскага значэння “Стары Жадзен” створаны на тэрыторыі Жыткавіцкага і Лельчыцкага раёнаў Гомельскай вобласці ў 2015 г. Леса-балотны комплекс плошчай больш за 17 тыс. га з хваёвых лясоў, вярховых і пераходных балот размешчаны ў міжрэччы Прыпяці, Сцвігі і Убарці. Гэтыя мясціны ўключаны ў склад біясфернага рэзервату “Прыпяцкае Палессе”, маюць міжнародны прыродаахоўны статус тэрыторыі, важнай для птушак і водна-балотнага ўгоддзя (Рамсарская тэрыторыя).
Большая частка заказніка пакрыта хваёвым лесам. У складзе флоры зарэгістравана каля 500 відаў сасудзістых раслін, сярод якіх рададэндран жоўты, вярба чарнічная, асака балоталюбівая, вярба лапландская, сон лугавы, фіялка балотная, журавіны драбнаплодныя з’яўляюцца ахоўнымі. Заказнік насяляюць 145 відаў жывёл: еўрапейская норка, рачны бабёр, выдра, соня-палчок, еўрапейская шыракавушка, начніца, гіганцкая і малая вячэрніцы, грабеньчаты трытон, балотная чарапаха і інш. Таксама адзначана прысутнасць 20 відаў птушак, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь: вялікі арлец, вяртлявая чарацянка, чорны бусел, балотная сава, белая сініца інш.
З-за высокай ступені забалочанасці і слабога развіцця дарожнай сеткі тэрыторыя заказніка цяжкадаступная. Яго ўгоддзі выкарыстоўваюцца мясцовым насельніцтвам для палявання, збору ягад і грыбоў, выпасу жывёлы.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.