Іван Трафімавіч Касьянюк нарадзіўся на Брэстчыне. Свой працоўны шлях пачаў вадзіцелем аўтамабіля аўтамабільнай базы Брэсцкага аддзялення Заходняй (з 1957 г. – Беларускай) чыгункі. У пачатку 1960-х гг. стаў працаваць памочнікам машыніста крана дыстанцыі пагрузачна-разгрузачных работ Брэсцкага чыгуначнага вузла Брэсцкага аддзялення Беларускай чыгункі (БЧ).
Галоўнае прызначэнне чыгуначнага вузла ў той час заключалася ў перапрацоўцы гандлёвых грузаў, што накіроўваліся з Савецкага Саюза за мяжу і наадварот. Тут ажыццяўлялася перагрузка імпартных грузаў з вагонаў заходнееўрапейскай каляіны ў вагоны «рускай» каляіны, перастаноўка пасажырскіх і грузавых вагонаў з адной каляіны на другую. Іван Трафімавіч паспяхова авалодваў новай прафесіяй: скончыў Гомельскую дарожна-тэхнічную школу пры Гомельскім аддзяленні БЧ і атрымаў кваліфікацыю машыніста дызель-электрычнага крана. За поспехі ў выкананні заданняў восьмай пяцігодкі (1966–1970) быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Займаючыся перапрацоўкай знешнегандлёвых грузаў, І.Т. Касьянюк штогод дамагаўся высокіх паказчыкаў у працы. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 21 красавiка 1975 г. за высокія дасягненні і шматгадовую бездакорную працу ён быў узнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы ІІІ-й ступені.
Як перадавік і наватар вытворчасці займаўся самаадукацыяй, пераймаў перадавы вопыт знатных чыгуначнікаў краіны, быў ініцыятарам стварэння комплексных механізаваных брыгад. У перыяд дзясятай пяцігодкі (1976–1980) І.Т. Касьянюк паспяхова выканаў шэсць з паловай гадавых заданняў. У канцы 1970-х гг. прымаў удзел у рабоце Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР, быў узнагароджаны бронзавым медалём. За выдатную падрыхтоўку маладых спецыялістаў-чыгуначнікаў атрымаў ганаровае званне «Заслужаны настаўнiк працоўнай моладзі Беларускай ССР». Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 2 красавіка 1981 г. за дасягнутыя поспехі ў выкананні заданняў дзясятага пяцігадовага плана перавозак і сацыялістычных абавязацельстваў Іван Трафімавіч Касьянюк быў узнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы ІІ-й ступені.
Найбольш выдатных поспехаў дамогся І.Т. Касьянюк пры выкананні заданняў і сацыялістычных абавязацельстваў, прынятых на перыяд адзінаццатага пяцігадовага плана развіцця народнай гаспадаркі. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 3 ліпеня 1986 г. за поспехі, дасягнутыя ў выкананні заданняў адзінаццатай пяцігодкі і сацыялістычных абавязацельстваў, Іван Трафімавіч Касьянюк быў узнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы І-й ступені і стаў поўным кавалерам ордэна Працоўнай Славы.
Да выхаду на заслужаны адпачынак І.Т. Касьянюк працаваў у Брэсцкай механізаванай дыстанцыі пагрузачна-разгрузачных работ. Прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці: доўгі час займаў пасаду старшыні прафсаюзнага камітэта вытворчага ўчастка вузла Брэст-Заходні, неаднаразова выбіраўся дэпутатам Брэсцкага абласнога Савета народных дэпутатаў.
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1971), Працоўнай Славы І-й (1986), ІІ-й (1981) і ІІІ-й (1975) ступеняў, медалямі. Адзначаны знакам «Перадавы чыгуначнік» Міністэрства сувязі Польскай Народнай Рэспублікі, знакамі «Ганароваму чыгуначніку» Міністэрства шляхоў зносін СССР, «Выдатны работнік Беларускай чыгункі» БССР, званнем заслужанага настаўнiка працоўнай моладзі Беларускай ССР (1977).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.