Прадпрыемства па перапрацоўцы мяса ў Брэсце было створана 19 лістапада 1939 г. на базе невялікай прыватнай вытворчасці, якая дзейнічала тут яшчэ з пачатку 1930-х гг. Мясакамбінат стаў часткай сістэмы мясной і малочнай прамысловасці Заходняй Беларусі і знаходзіўся ў падпарадкаванні Трэста мясной прамысловасці ў Беластоку. У гады Вялікай Айчыннай вайны прадпрыемства працягвала працаваць, пры адступленні нямецка-фашысцкіх захопнікаў узарвана.
Паступова перапрацоўка мяса была адноўлена і ў 1946 г. склала ўжо больш за 1 тыс. т за год. У наступныя гады вялося ўдасканальванне і пашырэнне вытворчасці: пабудаваны новыя вытворчыя памяшканні (1959), праведзена рэканструкцыя халадзільніка і каўбасна-кулінарнага цэха (1972), створана база ўтрымання жывёл і адноўлены кампрэсарны цэх (1985), адкрыты фірменны гандаль (1992). Асартымент складаўся з больш чым 50 відаў прадукцыі.
Пасля заняпаду ў 1990-я гг. новы этап развіцця прадпрыемства пачаўся ў пачатку 2000-х гг. Была праведзена буйная мадэрнізацыя цэхаў і дапаможнай вытворчасці, вырашана праблема перапрацоўкі адходаў, пашыраны штат. У 2012 г. у склад прадпрыемства на правах філіяла ўключаны Кобрынскі мясакамбінат. У выніку рэканструкцыі павялічыліся аб’ёмы мясаперапрацоўкі і вытворчасці каўбас, значна палепшылася якасць і пашырыўся асартымент.
У цяперашні час адкрытае акцыянернае таварыства “Брэсцкі мясакамбінат” уваходзіць у холдынг “Канцэрн Брэстмясамалпрам” і з’яўляецца адным з лідараў мясаперапрацоўчай галіны краіны. Камбінат выпускае ў месяц каля 3 тыс. т прадукцыі больш за 300 найменняў пад брэндамі “Брэсцкі мясакамбінат”, “Мясныя падушачкі”, “Добры Апік”, “Namazka”. Яго прадукцыя прызнана пераможцам конкурсаў “Народная марка Беларусі”, “Чэмпіён смаку”, “Брэнд года”, “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь”, “Лепшая прадукцыя года”. Прадпрыемства з’яўляецца лаўрэатам Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці (2006, 2009, 2016, 2019, 2022) і Прэміі Садружнасці Незалежных Дзяржаў за дасягненні ў галіне якасці прадукцыі і паслуг (2021).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.