Краткая справка:
удзельнік вызвалення Гомельскай і Магілёўскай абласцей у Вялікую Айчынную вайну, Герой Савецкага Саюза (1944), узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонай Зоркі, медалямі
Варианты имени:
Размадзе Галакціён Самсонавіч
Имена на других языках:
Размадзе Галактион Самсонович (русский);
2205 символов
Справка
Галакціён Самсонавіч Размадзэ нарадзіўся ў Грузіі. У 1934 г. скончыў Кутаіскі сельскагаспадарчы тэхнікум, вярнуўся дадому і стаў працаваць аграномам.
У 1935 г. Г. Размадзэ прызвалі ў Чырвоную армію. Служыць яму давялося ў Забайкаллі. У 1938 г. ён быў удзельнікаў баёў паміж савецкімі і японскімі войскамі ля возера Хасан. У тым жа годзе Г. Размадзэ быў звольнены ў запас і вярнуўся ў Грузію. У 1940 г. скончыў школу НКУС, працаваў следчым.
У лютым 1942 г. Г. Размадзэ зноў стаў салдатам. Пасля заканчэння ваенна-палітычных курсаў быў палітруком. Увосень 1943 г. прыняў камандаванне 5-й стралковай ротай 190-га стралковага палка 5-й стралковай дывізіі 63-й арміі Бранскага фронту.
Капітан Размадзэ асабліва вызначыўся падчас Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі. У лютым 1944 г. перад воінамі 3-й арміі Беларускага фронту стаяла задача: фарсіраваць Дняпро і наступаць на Бабруйск. Рота Г. Размадзэ павінна была фарсіраваць раку і замацавацца на супрацьлеглым беразе. На досвітку 21 лютага 1944 г. байцы выйшлі на бераг Дняпра, першымі пераправіліся цераз раку і авалодалі варожай траншэяй. Разлік кулямёта, які перашкаджаў прасоўванню роты, знішчыў асабіста капітан Размадзэ. Пры пашырэнні плацдарма рота Размадзэ імкліва атакавала праціўніка, які замацаваўся на шашы Рагачоў-Магілёў, выбіла яго з траншэй і вызваліла вёску Тошчыца. Пры падтрымцы танкаў і бронецягніка праціўнік пяць разоў спрабаваў вярнуць населены пункт, аднак байцы пад камандаваннем Г. Размадзэ адбілі ўсе контратакі. Галакціён Размадзэ быў тройчы паранены, аднак не пакінуў поле бою.
За ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання і праяўленыя пры гэтым адвагу і геройства 23 ліпеня 1944 г. Галакціёну Самсонавічу Размадзэ было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Галакціён Размадзэ прайшоў усю вайну. У 1946 г. звольніўся ў запас у званні маёра і пасяліўся ў Маскве. У 1980-я гг. атрымаў званне палкоўніка запасу. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонай Зоркі, медалямі.
Імя Галакціёна Размадзэ ўшанавана ў мемарыяле воінскай славы «Лудчыцкая вышыня» разам з імёнамі герояў-вызваліцеляў Быхаўскага раёна: Івана Барысевіча, Пятра Вінічэнкі, Сундуткалі Іскаліева, Уладзіміра Мартынава і Гуляма Якубава.