Нарадзіўся ў в. Балын, Ліцінскі р-н, Вінніцкая вобл., Украінская ССР. З сям’і сялян.
Скончыў НСШ, 10-ы клас (1941), в. Балын і в. Ліцін, Вінніцкая вобл., УССР. Да вясны 1942 г. жыў у акупіраванай немцамі в. Балын. Вясной 1942 г. прымусова вывезены немцамі на працы на тэрыторыю Польшчы ў канцлагер Ветсфельд. Працаваў у шахце да канца 1944 г. У студзені 1945 г. пасля вызвалення Верхняй Сілезіі савецкімі войскамі быў прызваны ў рады Чырвонай арміі ў 284-ы стралковы полк, г. Чанстахова, Польшча. Люты 1945 г. – стралок-аўтаматчык 538-га стралковага палка 120-й стралковай Керчанскай Чырванасцяжнай дывізіі 1-га Украінскага фронту. 27.02.1945 г. атрымаў асколачнае раненне правага перадплечча, З 03.04.1945 па 29.04.1945 г. знаходзіўся ў эвакуацыйным шпіталі № 24660.
Май 1945 – май 1946 г. – у складзе 1239-га стралковага палка, на пасадзе пісара ў штабе батальёна, г. Славуціч, Кіеўская вобл., УССР. Чэрвень 1946 – красавік 1947 гг. – у званні сержанта службы ў 19-м асобным авіятэхнічным батальёне ў якасці дыспетчара, ст. Лужаны, Чарнавіцкая вобл., УССР. Май 1947 – сакавік 1950 г. – служба ў Ваеннай частцы 62363, займаў пасады дыспетчара, механіка сродкаў аэрадромнай механізацыі, камандзіра хімічнага аддзялення, г. Каламыя, Станіслаўская (з 1962 г. Івана-Франкоўская) вобл., УССР. гг. Пасля дэмабілізацыі працаваў калгаснікам, в. Балын, Вінніцкая вобл., УССР (сакавік – май 1950).
Жнівень 1950 – ліпень 1954 гг. – вучоба ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя М. Горкага. Жнівень 1954 – люты 1960 гг. – загадчык метадычнага аддзела [метадычнага кабінета] Маладзечанскай абласной бібліятэкі. 1955–1960 гг. – на пасадзе сакратара і член прэзідыума Абласнога камітэта прафсаюза работнікаў культуры, г. Маладзечна.
16.03.1960–05.05.1960 – метадыст Дзяржбібліятэкі БССР. Працаваў старшым інспектарам бібліятэчнай інспекцыі Упраўлення культурна-асветных устаноў Міністэрства культуры БССР. З 01.09.1962 г. – выкладчык кафедры бібліяграфіі Мінскага педагагічнага інстытута, з 1967 г. – старшы выкладчык. У 1967 г. скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы АН БССР, кандыдат філалагічных навук (1968). 1970 г. – дацэнт кафедры бібліяграфіі, выкладчык Кіеўскага інстытута культуры (выкладаў курсы “Агульная беларуская бібліяграфія”, “Краязнаўчая бібліяграфія” і інш.). У 1995 г. прысвоена званне прафесара. У канцы 1990-х выехаў у Германію на лячэнне.
Узнагароды: ордэн Айчыннай вайны І ст. (06.04.1985), медалі “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.” (05.1945), “За баявыя заслугі” (30.05.1951).
Працы: “Васіль Быкаў : нарыс творчасці”. Мінск, 1976; біябібліяграфічны нарыс (1996), прысвечаны ўкраінскаму літаратуразнаўцу і бібліёграфу Мікалаю Плеваку; бібліяграфічныя і метадычныя матэрыялы; рэцэнзіі, у тым ліку на кнігу Н. Б. Ватацы “Художественная литература Советской Белоруссии (1917–1960)”. Мінск, 1962 (рэцэнзія змешчана ў часопісе “Советская библиография”. 1963. № 4. С. 68–72); адзін з аўтараў кнігі “История белорусской советской литературы” (1977), бібліяграфічнага паказальніка “Працы выкладчыкаў факультэта бібліятэчна-інфармацыйных сістэм Беларускага ўніверсітэта культуры (1944–1994 гг.)”. Мінск, 1994 і інш.