Нарадзіўся ў м. Чавусы, Магілёўская губ., цяпер г. Чаусы, Магілёўская вобл.
Працоўны стаж з дзяцінства. Працаваў па найме, чорнарабочым у Чавускіх механічных майстэрнях, на будоўлі Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, селькорам магілёўскіх газет. Удзельнік стварэння клубных бібліятэк, чытальняў. Скончыў Мінскі фізкультурны тэхнікум, літаратурнае аддзяленне Мінскага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага (193?, завочна), курсы экскурсаводаў (мастацтвазнаўчы семінар) пры Дзяржаўным Эрмітажы, г. Ленінград (1937). Член навукова-метадычнага камітэта Вышэйшага савета фізічнай культуры БССР. Супрацоўнік аддзела камплектавання Дзяржбібліятэкі БССР (193?–19.02.1935). Загадчык бібліятэкі завода “Чырвоная Баварыя”, г. Ленінград (1937). Блакаднік Ленінграда. 22.05.1943 г. прызваны ў рады РСЧА Дзяржынскім РВК, г. Ленінград. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны (1943–1944). Тэлефаніст, паштальён 1-й стралковай роты 36-й запасной стралковай брыгады, 78-га запаснога стралковага палка; 289-га стралковага палка 120-й стралковай дывізіі, радавы. Удзельнік абароны Ленінграда, ваяваў на Ленінградскім фронце. Быў тройчы ранены (1943; 1944; 27.04.1944). Дэмабілізаваны 12.09.1944 г. Экскурсавод (з 1938), навуковы работнік, лектар, начальнік аб’яднанай аховы (03.1942–05.1943), загадчык навукова-асветніцкага аддзела (1958–1960), старшы метадыст (1960–1971), арганізатар і загадчык сектара сацыялагічных даследаванняў (1971–1977) Дзяржаўнага Эрмітажа, г. Ленінград. З 1977 г. на пенсіі.
Працы: аўтар-складальнік больш за 30 выданняў; “Здания и залы Государственного Эрмитажа: 15 открыток” (Ленинград, 1951), “Краткий путеводитель по музею” (Москва, 1952), “The Hermitage Museum: a short guide” (Moscow, 1955), “Западноевропейская живопись: альбом репродукций: в 2-х вып.” (Москва, 1957–1958), “Государственный Эрмитаж: по залам музея” (Ленинград, 1962), “Живопись: альбом” (7-е изд.; Ленинград, 1968) і інш.
Узнагароды: ордэны Чырвонай Зоркі (30.04.1975), Ачыннай вайны I ст. (06.04.1985), Знак Пашаны, медалі “За абарону Ленінграда” (03.06.1943), “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.” (09.05.1945).
Пахаваны ў Санкт-Пецярбургу.