З гісторыі беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва
Вытокі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі бяруць пачатак з глыбокай даўніны. Найбольш старажытныя яго ўзоры адносяцца да позняга палеаліту і адлюстроўваюць разнастайныя ўяўленні чалавека пра сусвет і навакольнае асяроддзе. З пераходам да аселага жыцця набыла распаўсюджанне салярная сімволіка.
З адкрыццём выплаўкі медзі і бронзы з’явіліся металічныя ўпрыгажэнні. У X–XIII стст. шырокае развіццё набылі разьба па косці і дрэве, мастацкае ліццё, шкларобства, ювелірнае мастацтва. У XV ст. узніклі першыя рамесныя аб’яднанні – цэхі.
Асаблівага росквіту дасягнула ювелірная справа, актыўна развівалася шкларобства, збройніцтва, злотніцтва, выраб паліхромнай рэльефнай кафлі з геаметрычным, раслінным, геральдычным дэкорам.
У XVIII ст. узніклі шкларобчыя, ткацкія, фаянсавыя мануфактуры, жалеза- і медналіцейныя заводы.
Адным з багатых і старажытных мастацтваў беларусаў з’яўляецца ткацтва. На працягу стагоддзяў яно развівалася, удасканальвалася, перадавалася з пакалення ў пакаленне. У гэтым відзе дэкаратыўна-прыкладной творчасці знайшла сваё адлюстраванне векавая гісторыя беларускага народа, яго майстэрства, мастацкі густ.
Габеленавае мастацтва – адно з дзівосных вынаходніцтваў чалавецтва. Традыцыі вырабу габеленаў у Беларусі налічваюць не адно стагоддзе. Бязворсавыя дываны-карціны ў XVII–XVIII стст. стваралі на ткацкіх мануфактурах у Нясвіжы, Міры, Карэлічах, Альбе, Слоніме, Гродне. Ткалі габелены з раслінным арнаментам, геральдычнымі матывамі, сюжэтнымі кампазіцыямі, партрэтнымі выявамі, рабілі абівачную габеленавую тканіну. У сённяшнім тэхналагічным грамадстве ўнікальнае аўтарскае габеленавае мастацтва набывае асаблівую каштоўнасць і прывабнасць. Такія вырабы можна сустрэць як у паўсядзённым побыце ў выглядзе насценных пано, разнастайных дамскіх аксесуараў, так і ў музеях, галерэях, бібліятэках, вучэбных установах, офісах і тэатрах, дзе яны экспануюцца як творы мастацтва ці выконваюць іншую функцыю ў залежнасці ад месца знаходжання.
Шырока ўжываліся ў народных звычаях і абрадах паясы, што складалі абавязковую частку беларускага народнага строю. Тэхніка вырабу вызначалася разнастайнасцю прыёмаў. Іх вілі, плялі на пальцах, калодачцы, вілачцы, дошчачках, кроснах і інш.
Цудоўным узорам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які стаў не толькі гістарычным культурным сімвалам, але і сучасным брэндам Беларусі, з’яўляецца славуты слуцкі пояс. Надзвычай прыгожы, сімвалічны і дарагі прадмет мужчынскага гардэроба быў даступны толькі прадстаўнікам вышэйшаг саслоўя. Доўгія шырокія паясы з прыгожым малюнкам і складаным пляценнем з каштоўных нітак атрымалі распаўсюджанне на беларускіх землях яшчэ ў XVI–XVII стст. Беларускія ткачы стварылі свае непаўторныя ўзоры і сімвалічныя матывы, эксклюзіўную тэхналогію. Сусветную вядомасць атрымалі паясы Слуцкай персіярні – мануфактуры самай заможнай і ўплывовай дынастыі Еўропы Радзівілаў.
У хуткім часе слуцкія паясы пачалі капіраваць на другіх мануфактурах – у беларускіх Гродне, Слоніме, Ружанах, Паставах, Карэлічах, Шклове, польскіх Кабылках, Ліпкаве, Кракаве, Гданьску, французскім Ліёне, у Аўстрыі і інш. Вытворчасць арыгіналаў на самой мануфактуры Радзівілаў прадаўжалася да сярэдзіны ХІХ ст. Сёння ў Беларусі захоўваюцца адзінкавыя экзэмпляры знакамітых паясоў і іх фрагментаў. У 2012 г. пачалося адраджэнне тэхналогіі вырабу слуцкіх паясоў. Сучасныя майстры ствараюць іх дакладныя копіі, аналагі і мастацкія стылізацыі. У 2013 г. у Слуцку адкрыты Музей гісторыі слуцкіх паясоў.
З глыбокай старажытнасці ў Беларусі вядомы ручнікі.
Традыцыйны побыт беларуса нельга ўявіць без іх, у складаных і разнастайных функцыях якіх адчуваецца подых аддаленых эпох, звычаі колішніх пакаленняў. Ручнікі ткалі на кроснах, аздаблялі ўзорыстым натыканнем (браным, пераборным, выбраным, закладным), вышыўкай, вязанымі і плеценымі карункамі, прошвамі, махрамі. Сёння тканыя, вышываныя ручнікі сталі сімвалам беларускай нацыі.
Адзенне, сурвэткі, фіранкі, навалачкі, абрусы, ручнікі, посцілкі, дываны спрадвеку майстры ўпрыгожвалі тканымі ўзорамі.
Для аздаблення адзення, бялізны, мастацкіх тканін (навалачак, абрусаў, ручнікоў) выкарыстоўваліся карункі. З XVI ст. іх прывозілі ў Беларусь з Францыі і Германіі, з XVIII ст. пры беларускіх манастырах і маёнтках існавалі майстэрні па вырабе карункаў з залатых і сярэбраных нітак, пазней з шаўковых і баваўняных з характэрнымі геаметрычнымі і расліннымі ўзорамі. З сярэдзіны XX ст. карункавыя вырабы сталі аб’ёмнымі.