9 Мая – Дзень Перамогі


За ўсё мы ўдзячны ім

Была вайна, была вайна, была вайна…

Была за ёю пераможная вясна,

І гром салюта, і птушыны грай,

Людская радасць з краю ў край!

 

І мірны ўсход, і цішыню

Усе адчулі, нібы ўпершыню.

Адчуў салдат, адчуў сявец:

Вайне канец! Вайне канец!

 

Гарматным рэхам вёсны адгулі.

Рунеюць зноў жытнёвыя палі.

Ды толькі смутак наш і дні трывог

Застылі ў абелісках ля дарог.

 

І кожны год, нібыта ўпершыню,

Прыходзім мы да Вечнага агню,

Нясём паклон, нясём салют –

Нам не забыць такіх мінут!

 

Гараць гірлянды, гальштукі цвітуць –

Нашчадкі клятву вернасці даюць

Сваім героям, мёртвым і жывым:

Мы помнім іх, за ўсё мы ўдзячны ім!

 

Нам праз гады, праз далеч мірных дзён,

Той майскі дзень яшчэ ярчэй відзён.

Над намі сонца і сцягоў ірдзень –

Не згасне ў сэрцы Перамогі дзень!

Мікола Чарняўскі