Да юбілею Алеся Дудара

24 снежня спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння паэта, тэатральнага крытыка, перакладчыка А. Дудара

Яркай з’явай у беларускай савецкай літаратуры першай паловы ХХ ст. стала дзейнасць аб’яднання «Маладняк», у якое ўваходзілі таленавітыя паэты, празаікі, драматургі, крытыкі. Адным з яго заснавальнікаў з’яўляўся Алесь Дудар (сапраўднае імя Аляксандр Аляксандравіч Дайлідовіч).

Нарадзіўся ён у в. Навасёлкі Мазырскага павета Мінскай губерні (цяпер Петрыкаўскі раён Гомельскай вобласці) у сялянскай сям’і. Дзяцінства хлопчыка прайшло ў Мінску і ў г. Казлове Тамбоўскай губерні, дзе ён жыў з бацькамі ў гады Першай сусветнай вайны. Пасля вяртання ў Мінск працягнуў вучобу ў школе, якую скончыў у 1920 г. Маючы акцёрскія здольнасці, прымаў удзел у пастаноўках Драматычнай секцыі Беларускай вучнёўскай грамады пры Мінскім таварыстве працаўнікоў беларускага мастацтва і тэатральнай трупы пад кіраўніцтвам У. Галубка. Прыкладна ў гэты ж час А. Дайлідовіч упершыню пазнаёміўся з беларускай літаратурай, захапіўся ёю і пачаў пісаць сам. У 1921 г. у газеце «Савецкая Беларусь» пад псеўданімам Алесь Дудар надрукаваў свае першыя вершы, прысвечаныя рэвалюцыйнай барацьбе і сацыялістычнаму будаўніцтву – «Прэч з дарогі», «Зарубежным братам», «Гэй да працы», «Я – мужык», «Новы шлях», «Брату-беларусу», «Паўстаўшым» і інш. У 1923 г. А. Дудар пачаў супрацоўнічаць з рэдакцыямі газет і часопісаў. Разам з іншымі пісьменнікамі прымаў удзел у арганізацыі літаратурнага аб’яднання «Маладняк», быў рэдактарам аднайменнага часопіса (1926–1928), выязджаў у вобласці, наладжваў працу філіялаў у Полацку, Магілёве, Віцебску. У 1925 г. выдаў першыя зборнікі паэзіі «Беларусь бунтарская» і «Сонечнымі сцежкамі» – класічныя ўзоры маладнякоўскага светаўспрымання з перавагай нацыянальна-культурнай тэмы.

 

                                                                                

 

З друку выйшлі зборнікі вершаў «І залацісцей і сталёвей» (1926), «Вежа» (1928), паэма «Шанхайскі шоўк» (1926), зборнік апавяданняў «Марсельеза» (1927), раман «Ваўчаняты» (у суаўтарстве, 1925).

 

                       

 

Пад псеўданімам Тодар Глыбоцкі пісаў рэцэнзіі, артыкулы па драматургіі і тэатральным мастацтве, выдаў кнігу літаратурна-крытычных нарысаў «Пра літаратурныя справы» (1928).

 

 

У 1927–1928 гг. А. Дудар вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. За верш «Пасеклі край наш папалам», які распаўсюджваўся ў рукапісе, быў адлічаны з універсітэта, арыштаваны і сасланы ў Смаленск. Пасля заканчэння тэрміну высылкі ў 1931 г. вярнуўся ў Мінск. Зноў уключыўся ў літаратурнае жыццё, быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў БССР. У гэты перыяд напісаў паэмы «Вайна за мір» (1932), «Слуцак» (1934), цыкл вершаў «Палескія ночы» (1936). На беларускую мову А. Дудар пераклаў асобныя творы А. Пушкіна, А. Блока, І.В. Гётэ, Г. Гейнэ, Ф. Шылера, П. Бамаршэ і інш.

 

 

У кастрычніку 1936 г. А. Дудар быў зноў арыштаваны і прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1957 г.