Дата нараджэння: 24.12.1798 Завоссе, в., Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць ці г. Навагрудак
Дата смерці: 26.11.1855
Кароткая даведка: паэт, грамадскі дзеяч, публіцыст, асветнік
Імёны на іншых мовах: Mickiewicz Adam Bernard (польская); Мицкевич Адам (руская);
Імя геніяльнага польскага паэта Адама Міцкевіча, нашага земляка, які на ўвесь свет праславіў сваю радзіму, навагрудскую зямлю, стаіць у адным шэрагу з імёнамі найвялікшых пісьменнікаў – класікаў сусветнай літаратуры.
Адама Міцкевіча лічаць польскім паэтам, бо пісаў ён свае творы па-польску. Але ці адбыўся б паэт, калі б не маляўнічыя навагрудскія ўзгоркі, прыгажосць прынёманскага краю, возера Свіцязь, што пошумам сваіх хваляў наганяла спакой і самоту. Ці стаў бы ён паэтам без песень, легендаў, казак, якія чуў з маленства? Да таго ж, усе карані яго ідуць з беларускай зямлі. Бацькі паходзілі з дробнай літоўскай шляхты. У Навагрудскім павеце (цяпер Баранавіцкі раён) Літоўскай губерні, у Завоссі з’явіўся на свет ён сам. Праз два гады пасля яго нараджэння сям’я перабралася ў Навагрудак, але ў Завоссе працягвала вяртацца, часцей за ўсё летам. У Завоссі, а пасля і ў Навагрудку, пазнаёміўся А. Міцкевіч з беларускай мовай, на якой гаварылі сяляне і тутэйшая шляхта, мясцовымі легендамі, паданнямі, звычаямі.
У Навагрудку будучы паэт скончыў павятовую дамініканскую школу, атрымаў значныя па тым часе веды, у тым ліку па літаратуры. У 1812 г. памёр бацька, і яго сябар, суддзя Растоцкі, дапамагаў маці гадаваць дзяцей. Ён браў іх на лета на сваю сядзібу Руту, паблізу Навагрудка, якая стала трэцяй мясцінай дзяцінства А. Міцкевіча.
У 1815 г. будучы паэт паступіў у Віленскі ўніверсітэт. Спачатку ён вывучаў фізіку і матэматыку, а затым перавёўся на гісторыка-філалагічны факультэт. Ва ўніверсітэцкім асяроддзі тых часоў асабліва моцнымі былі патрыятычныя настроі. Разам з аднадумцамі А. Міцкевіч стварыў саюз філаматаў. Таварыства першапачаткова ставіла культурна-асветніцкія мэты, але пазней наладзіла сувязь з будучымі дзекабрыстамі.
Паэтычны талент А. Міцкевіча праявіўся яшчэ ў школе, але перыядам інтэнсіўнай літаратурнай вучобы сталі 1817–1819 гг., звязаныя з пачаткам яго філамацкай дзейнасці. Менавіта ў ранніх вершах выказаў паэт свае вольналюбівыя погляды і памкненні сяброў. У сваёй ранняй паэтычнай творчасці ён прытрымліваўся канонаў класіцызму, але пад уплывам беларускага фальклору і заснаваных на ім балад Я. Чачота паэт паступова станавіўся на шлях рамантызму і стварыў свае першыя рамантычныя балады. Немалаважную ролю ў пераходзе да рамантызму адыграла каханне да Марылі Верашчакі, якая стала для яго тым, кім была Беатрычэ для Дантэ, Лаўра для Петраркі. Так з’явіліся балады “Свіцязь”, “Свіцязянка”, “Рыбка” і іншыя, што ўвайшлі ў першы том сачыненняў паэта “Балады і рамансы” (1822). Другі том твораў А. Міцкевіча выйшаў у 1823 г. і складаўся з дзвюх паэм – “Гражына” і “Дзяды”.
Пасля заканчэння ўніверсітэта А. Міцкевіч быў накіраваны настаўнікам у Коўна, але педагагічная дзейнасць не прынесла яму задавальнення. Паэта цягнула да віленскіх сяброў, да сумеснай канспіратыўнай работы. У гэты час з’явілася на свет яго знакамітая “Ода да маладосці”, якую можна назваць маніфестам свабодалюбівай моладзі. Пазней ён стварыў такія цудоўныя прыклады рэвалюцыйнай рамантычнай паэзіі, як “Песня Адама”, “Песня філарэтаў”.
У 1823 г. А. Міцкевіча арыштавалі па справе філаматаў і філарэтаў і кінулі ў базыльянскія муры. Праз паўгода па хадайніцтву прафесара ўніверсітэта І. Лялевеля яго вызвалілі з турмы і накіравалі настаўнікам у Адэскі ліцэй, далей ад сталіцы. У Адэсе паэтам быў напісаны цыкл лірычных вершаў, дзе адбіўся яго багаты ўнутраны свет, яго ідэал пачуцця чыстага, глыбокага, непарушнага. Тут з’явіліся бліскучыя цыклы санетаў, у якіх ва ўсёй красе праявілася яго паэтычнае майстэрства, і былі зроблены першыя накіды паэмы “Конрад Валенрод”.
У 1825 г. А. Міцкевіч вярнуўся з Адэсы ў Маскву. Яго ўзяў на службу ў сваю канцылярыю маскоўскі генерал-губернатар Д. В. Галіцын. У Маскве паэт выдаў трэцюю па ліку кнігу – напісаныя ў Адэсе “Санеты” і завяршыў адзін з лепшых сваіх твораў – вершаваную “гістарычную аповесць” ці паэму “Конрад Валенрод”. Цэлых пяць гадоў пражыў А. Міцкевіч у Расіі. Пазнаёміўся і пасябраваў з лепшымі прадстаўнікамі рускай інтэлігенцыі – П. Вяземскім, В. Жукоўскім, А. Грыбаедавым, Я. Баратынскім, А. Дэльвігам і многімі іншымі. Асабліва цеснае сяброўства звязала А. Міцкевіча з А. Пушкіным. Сведчаннем вялікай дружбы двух паэтаў сталі ўзаемныя пераклады іх твораў.
У 1828 г. А. Міцкевіч пераехаў жыць у Санкт-Пецярбург, дзе выйшла ў свет яго паэма “Конрад Валенрод” і два тамы вершаў. Паэта непакоіў падзел Рэчы Паспалітай, ён імкнуўся выехаць з краіны, дзе бачыў карціны рабства і дэспатызму, дзе былі жорстка пакараны яго сябры-філарэты, дзе блізкіх яго сэрцу людзей, дзекабрыстаў, напаткалі шыбеніца і Сібір. І ў 1829 г. паэт назаўсёды пакінуў Расію. Пачаліся гады доўгіх блуканняў і падарожжаў: Берлін, Дрэздэн, Прага, Швейцарыя, Італія.
У 1832 г. паэт апынуўся ў Парыжы, дзе працаваў у газеце “Польскі пілігрым”, закончыў і апублікаваў новую паэму “Пан Тадэвуш, альбо Апошні наезд у Літве”. Год заканчэння паэмы стаў пераломным у асабістым жыцці паэта. Ён ажаніўся з дачкой вядомай піяністкі М. Шыманоўскай Цэлінай, з якой пазнаёміўся яшчэ ў Маскве. Сямейнае жыццё прынесла заспакаенне, але сям’ю трэба было забяспечваць матэрыяльна, і ў 1839 г. паэт стаў прафесарам лацінскай літаратуры Лазанскага ўніверсітэта ў Швейцарыі, а праз год перайшоў у Калеж дэ Франс у Парыжы, дзе на працягу 1840–1844 гг. чытаў курс лекцый па славянскіх літаратурах. У сярэдзіне 1830-х гадоў Міцкевіч захапіўся гісторыяй. Ён працаваў над першым томам гісторыі Польшчы, але рукапіс кнігі не захаваўся. У 1835–1836 гг. А. Міцкевіч напісаў на французскай мове п’есу “Барскія канфедэраты” і пачаў другую “Якуб Ясінскі, або Дзве Польшчы”, апошняя – пра паўстанне 1794 г. у Вільні. На той час п’есы Міцкевіча не друкаваліся і не ставіліся.
Жыццё ў Парыжы прыносіла як свае радасці, так і расчараванні. Некаторы час А. Міцкевіч уваходзіў у гурток “Кола”, які аб’ядноўваў людзей рэлігійна-містычных настрояў, а ў 1846 г. стаў адным з кіраўнікоў левага крыла польскай эміграцыі. З вялікім спадзяваннем сустрэў паэт рэвалюцыю 1848 г. у Заходняй Еўропе. У Рыме ствараў польскія легіёны для падтрымкі руху карбанарыяў. У Парыжы заснаваў інтэрнацыянальную газету “Трыбуна народаў”, у якой друкаваліся выступленні ў абарону прыгнечаных народаў.
У 1855 г., пасля смерці жонкі, накіраваўся ў Стамбул. Турцыя ў той час ваявала з Расіяй, і А. Міцкевіч збіраўся арганізаваць там польскія легіёны для барацьбы супраць царызму. Свой намер ён не паспеў здзейсніць, бо памёр ва ўзросце 57 гадоў. Быў пахаваны ў Канстанцінопалі. Пры першай магчымасці астанкі паэта перавезлі ў Парыж, а ў 1890 г. – у Кракаў і пахавалі ў асобнай нішы Вавельскага замка.
Творчасць паэта аказала вялікі ўплыў на развіццё беларускай літаратуры. У 1830–1840-я гг. у польскай літаратуры склалася так званая беларуская школа, у якую ўваходзілі пісьменнікі, што ўслед за А. Міцкевічам пісалі на тэмы з жыцця беларускага народа і беларускага фальклору. Пад непасрэдным уплывам А. Міцкевіча пачыналі літаратурную дзейнасць Я. Баршчэўскі, А. Рыпінскі, У. Сыракомля. Дабратворны ўплыў яго паэзіі адчулі В. Дунін-Марцінкевіч, А. Вярыга-Дарэўскі, В. Каратынскі, Я. Купала, Я. Колас. Яе традыцыі развівалі М. Танк, А. Куляшоў, П. Панчанка, В. Таўлай і інш. Творы паэта на беларускую мову перакладалі В. Дунін-Марцінкевіч, А. Вярыга-Дарэўскі, Я. Колас, Я. Купала, К. Крапіва, П. Панчанка, К. Кірыенка і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2008 г., актуалізаваны ў 2011 г.