Станіслаў Нарбут – славуты ўрач, грамадскі дзеяч, гуманіст – шмат зрабіў для Браслаўскай зямлі і пакінуў яркі, прыметны след у гісторыі краю, хаця і не з’яўляўся яго ўраджэнцам.
Паходзіў са старажытнага дваранскага роду. Нарадзіўся ў маёнтку Шаўры на Гродзеншчыне (зараз Воранаўскі раён). Яго бацька – Тэадор Нарбут – быў вядомым гісторыкам, археолагам, краязнаўцам, грамадскім дзеячам і ваенным інжынерам. Сям’я С. Нарбута мела дачыненне да паўстання 1863–1864 гг. Улады канфіскавалі маёнтак, а род пазбавілі дваранскага тытула. Ссылка і смерць бацькі, ссылка маці пакінулі глыбокі след у сэрцы хлопца, які з дзяцінства выхоўваўся ў дэмакратычных сямейных традыцыях Нарбутаў. Яго юнацкія гады прайшлі ў Вільні. Пры падтрымцы сваякоў і сяброў бацькі ў 1871 г. скончыў 1-ю Віленскую класічную гімназію. Далей вучыцца на радзіме не мог, бо паходзіў з сям’і дзяржаўных злачынцаў. Таму праз год стаў студэнтам лячэбнага факультэта Баварскага каралеўскага ўніверсітэта ў Мюнхене, які скончыў у 1879 г. У тым жа годзе абараніў доктарскую дысертацыю, прысвечаную вывучэнню каўтуна – хваробы, вельмі распаўсюджанай у той час сярод простых людзей. Яму прысвоілі навуковае званне доктара медыцыны па хірургіі і акушэрству. У 1880-х гг. С. Нарбут вярнуўся на радзіму. Яго месцам жыхарства стала Браслаўшчына. Меў прыватную практыку ў Друі. Для таго, каб займацца лячэннем людзей афіцыйна, патрэбен быў дыплом медыка, выдадзены ў Расіі. Ён паступіў у Дэрпцкі (зараз Тартускі) універсітэт, які скончыў у 1891 г.
Магчымасць паступіць на дзяржаўную службу прадставілася толькі ў 1904 г.: атрымаў пасаду ўрача Новааляксандраўскага павета. Жыў у Браславе. Першапачатковыя клопаты былі звязаны з будаўніцтвам новай бальніцы. Займаўся зборам добраахвотных ахвяраванняў на ўдасканаленне лячэбніцы, яе абсталяванне. Бальніца была адкрыта ў 1906 г. Тут С. Нарбут разгарнуў актыўную дзейнасць, выконваючы шматлікія віды хірургічнага ўмяшання пры лячэнні акушэрскай, афтальмалагічнай, гінекалагічнай і оталарынгалагічнай паталогіі, самаахвярна змагаўся з інфекцыйнымі захворваннямі, высокай у той час дзіцячай смяротнасцю. Доктар дапамагаў усім. У тых выпадках, калі чалавек не мог заплаціць, лячыў бясплатна. Пазней быў прызначаны галоўным урачом Браслаўскай земскай бальніцы.
У гады Першай сусветнай вайны С. Нарбут працягваў працаваць. Голад, холад, разбурэнні ў выніку баявых дзеянняў прывялі да рэзкага павелічэння колькасці хворых сярод насельніцтва. Самаахвярная праца ўрача адзначалася мясцовымі жыхарамі і саслужыўцамі. Улады нарэшце ацанілі С. Нарбута як высокапрафесіянальнага спецыяліста. У 1914 г. ён быў узнагароджаны ордэнам Святога Станіслава 3-й ступені. Пасля вайны пачало наладжвацца мірнае жыццё Браслаўшчыны. Станіслаў Нарбут адыграў важную ролю ў паляпшэнні медыцынскага абслугоўвання насельніцтва: арганізоўваў супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы, санітарную справу. Пад наглядам урача знаходзіліся аптэкі, прадпрыемствы харчавання, лазні, школы. На тэрыторыі, якую абслугоўвала Браслаўская земская бальніца, паказчыкі былі лепшымі, чым у іншых рэгіёнах. Амаль 90 гадоў выконвала свае функцыі бальніца, якую і сёння яшчэ называюць нарбутаўскай лячэбніцай.
Станіслаў Нарбут актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю. Стаў адным з заснавальнікаў Браслаўскай пажарнай каманды. Па яго ініцыятыве яна пераўтварылася ў Браслаўскую добраахвотную пажарную дружыну. Гэтай справе С. Нарбут прысвяціў каля 30 гадоў. Заўсёды ўдзельнічаў у разнастайных мерапрыемствах і ўрачыстасцях, якія праводзіліся ў мястэчку. Сваім асабістым прыкладам ён абуджаў культурнае жыццё мястэчка: быў рэжысёрам і акцёрам аматарскага тэатра. Добра ведаў як рускую, польскую класіку, так і творы прадстаўнікоў іншых літаратур, таму, выбіраючы п’есу для пастаноўкі, часцей давяралі мастацкаму густу С. Нарбута. Ён сам валодаў нядрэннымі акцёрскімі якасцямі і часта прымаў удзел у дабрачынных пастаноўках. Спектаклі выклікалі цікавасць, бо ў іх закраналіся тэмы, якія хвалявалі многіх. З’яўляўся сябрам павятовай камісіі па барацьбе з п’янствам, што даволі рашуча і энергічна дзейнічала супраць незаконнага гандлярства спіртнымі напоямі. Быў ініцыятарам выдання газеты “Браславец” (пазней “Дух Браслаўца”). Яна друкавалася на чатырох старонках, аздаблялася малюнкамі, там змяшчаліся шаржы і карыкатуры, гумарыстычныя і сатырычныя вершы, песні, невялікія нататкі і паведамленні.
Памёр С. Нарбут пасля цяжкай хваробы, прастудзіўшыся ў непагадзь у час візіту да хворага. Пахаваны ў Браславе на Замкавай гары. Былыя пацыенты, мясцовае насельніцтва ахвяравалі неабходныя грошы на ўзвядзенне помніка на яго магіле. Гэта стэла вышынёй 10 м на масіўным кубе, увенчаная ліхтаром, святло якога сімвалізуе самаахвярную працу браслаўскага ўрача. І сёння гэта святло гарыць над Браславам, яго можна ўбачыць са шматлікіх азёр і ўзгоркаў, што акружаюць беларускі горад.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.