Дата нараджэння:
08.11.1784 Шаўры, в., Воранаўскі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерці:
26.11.1864 Вільня, г. (цяпер г. Вільнюс, Літва)
Кароткая даведка:
гісторык, археолаг, інжынер, аўтар праекта Бабруйскай крэпасці, даследчык гісторыі Вялікага Княства Літоўскага
Варыянты імя:
Нарбут Фёдар Яўхімавіч; Остык-Нарбут Тэадор; Остык-Нарбут Фёдар Яўхімавіч; Осцік-Нарбут Тэадор Матэуш; Осцік-Нарбут Фёдар Яўхімавіч
Імёны на іншых мовах:
Narbutt Teodor (польская); Нарбут Теодор (руская); Нарбут Фёдор Евфимьевич (руская); Остик-Нарбут Теодор (руская); Остик-Нарбут Фёдор Евфимьевич (руская);
5064 сімвалы
Даведка
Тэадор Нарбут – адметная асоба ў беларускай гісторыяграфіі. Ваенны інжынер, археолаг, літаратар, краязнавец, гісторык, этнограф, бібліяфіл, калекцыянер – усё спалучалася ў дзейнасці гэтага чалавека. Яго імя было вельмі папулярным у 40–50-х гг. ХІХ стагоддзя сярод усіх, хто цікавіўся гісторыяй Літвы і Беларусі, хто шукаў, паважаў і захоўваў культурную спадчыну двух братэрскіх народаў. Сярод навукоўцаў нарадзілася выслоўе “беларускі Карамзін” – так называлі Нарбута за створаны ім фундаментальны твор “Гісторыя літоўскага народа” (т. 1–9, 1835–41). Усе свае веды вучоны-энцыклапедыст спалучыў у гэтым творы.
Тэадор Нарбут паходзіў са старажытнага шляхецкага роду. Сваё прозвішча ён пісаў як Остык-Нарбут, падкрэсліваючы гэтым непасрэдную сувязь з вельмі магутным родам Остыкаў. Нарадзіўся вучоны ў маёнтку Шаўры Лідскага павета (цяпер Воранаўскі раён Гродзенскай вобласці). Першапачатковую адукацыю атрымаў дома, потым вучыўся ў Лідзе, а з 1799 г. стаў студэнтам матэматычна-інжынернага факультэта Віленскага універсітэта. Тэадор цікавіўся фартыфікацыяй і ў 1803 г. пасля заканчэння вучобы паступіў у Пецярбургскі кадэцкі корпус. Службовую кар’еру ён пачаў у дэпартаменце Ваеннага міністэрства, дзе з’яўляўся даверанай асобай дырэктара – генерала Сухтлене. Спакойнае сталічнае жыццё працягвалася нядоўга: у час руска-пруска-французскай (1806–1807) і руска-шведскай (1808–1809) войнаў Нарбут знаходзіўся ў дзеючай арміі. За праяўленую ў баях мужнасць і за будаўніцтва батарэі на востраве Руген Нарбут атрымаў ордэн св. Ганны. У 1809 г. яму прысвоілі званне паручніка і перавялі ў распараджэнне ваеннага міністра М.Барклая-дэ-Толі. Расія стаяла на парозе вайны з Напалеонам, і перад ваеннай калегіяй паўстала пытанне ўзвядзення новых крэпасцей на заходняй граніцы па лініі Дынабург–Полацк–Рагачоў–Оўруч. У 1810 г. Нарбута накіравалі ў Беларусь для выбару месца будаўніцтва новай крэпасці. Такім месцам стаў раён Бабруйска. Па прадстаўленаму плану Бабруйская крэпасць павінна была стаць самай моцнай у Еўропе. Нарбут сам кіраваў падрыхтоўчымі работамі для яе забудовы, удзельнічаў у будаўніцтве. Да сярэдзіны 1812 г. цытадэль была фактычна гатовая, і Нарбута за сумленную службу ўзнагародзілі ордэнам Уладзіміра ІV ступені з прысваеннем чарговага вайсковага звання – штабс-капітан. Пасля завяршэння будаўніцтва ён атрымаў ордэн св. Ганны ІІ ступені. Бабруйская цытадэль адыграла важную ролю ў вайне рускіх з французамі і немалая заслуга ў гэтым належала Тэадору Нарбуту.
Напружаная праца ў цяжкіх кліматычных умовах пад Бабруйскам прывяла да абвастрэння захворванняў, атрыманых ад ран і кантузіі, да поўнай страты слыху. У 1812 г. Нарбут пайшоў у адстаўку і вярнуўся ў свае Шаўры, дзе пачаў займацца гісторыяй і археалогіяй.
Яшчэ працуючы ваенным спецыялістам на берагах Дняпра, Нёмана і Бярэзіны, Нарбут пры земляробчых работах знаходзіў шмат прылад працы, чарапкоў ад посуду, манет. Уражвалі яго і курганы – месцы старажытных пахаванняў. Знаходкі цікавілі маладога інжынера, і ён пачаў сам бліжэй знаёміцца з загадкавымі рэшткамі даўніны. Падняпроўе дало вельмі многа Нарбуту для фарміравання яго навуковага светапогляду, і пра свае першыя вопыты ён ўспамінаў не раз у сталым узросце, будучы ўжо вядомым гісторыкам. У Шаўрах археалогія цалкам захапіла адстаўнога афіцэра, і ён з маладым запалам пачаў вывучаць старажытныя гарадзішчы ў ваколіцах маёнтка. Пасля даследаваў археалагічныя аб’екты каля Гродна, Ліды. Ён цікавіўся геральдыкай, нумізматыкай, этнаграфіяй, мясцовымі легендамі, фальклорам; апісваў многія гербы, пячаткі. Адначасова з археалогіяй Нарбут займаўся і краязнаўствам. Ён пакінуў цікавыя старонкі гісторыі Ліды, Вільні, Крэва, Гродна, Навагрудка і іншых месц; адшукаў у Старым Быхаве адну з першых хронік ХVI ст. і зрабіў з яе выпіскі пра пахавальны абрад; увёў у навуковы ўжытак шэраг гістарычных крыніц, у тым ліку “Хроніку Быхаўца”.
Самастойнымі раскопкамі Нарбут займаўся на першым этапе сваіх даследаванняў. Пазней ён пазнаёміўся з працамі іншых вучоных. Плённы ўплыў на развіццё археалогіі і гістарычнай навукі Беларусі, а таксама і на Нарбута зрабіў славуты прафесар Віленскага універсітэта У.Лялевель. Галоўным дасягненнем іх сумеснай дзейнасці было заснаванне ў 1855 г. Віленскага музея старажытнасцей і Археалагічнай камісіі пры ім. Дзейнасць камісіі абудзіла гістарычную думку Беларусі: з’явілася цэлая плеяда гісторыкаў, этнографаў, краязнаўцаў. Нягледзячы на тое, што Нарбут жыў у правінцыі, ён падтрымліваў пастаянную сувязь са сталічнымі вучонымі. У Шаўрах пабывалі К. і Я.Тышкевічы, А.Кіркор, У.Сыракомля, а А.Міцкевіч запазычыў у Нарбута легенду пра “дзяды” для сваёй славутай паэмы.
Навуковая дзейнасць Тэадора Нарбута была перапынена паўстаннем 1863 г. Яго сям’ю не абмінулі віхурныя падзеі тых дзён. Пад Дубічамі загінуў старэйшы сын Людвік, жонку Хрысціну выслалі ў далёкую Пермскую губерню, а цяжка хворага Тэадора пакінулі ў Вільні пад пільным паліцэйскім наглядам, дзе ён і памёр 14 лістапада 1864 г. Пахавалі Нарбута непадалёку ад родных Шаўраў, побач з парафіяльным касцёлам у Начы.