Алена Іванаўна Лагоўская нарадзілася ў г. Ігумен Мінскай губерні (цяпер г. Чэрвень Мінскай вобласці). Тэатральны лёс будучай актрысы пачаўся з 1922 г., калі яна паступіла ў Беларускую драматычную студыю ў Маскве. Кіраўнікамі і педагогамі былі таленавітыя акцёры і рэжысёры Маскоўскага Мастацкага тэатра В. Смышляеў, Б. Афонін, А. Гейрот, С. Гіяцынтава. У 1926 г., пасля заканчэння вучобы, увесь выпуск студыі паехаў на працу ў Віцебск, дзе быў арганізаваны Другі беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-2), пазней перайменаваны ў Беларускі дзяржаўны тэатр імя Я. Коласа. У ім актрыса працавала да 1970 г.
Першыя гады А. Лагоўская іграла пераважна хлопчыкаў і дзяўчынак, але ў 1930 г. атрымала ролю першай Вядучай у складаный пастанощцы «Першая конная» У. Вішнеўскага. Спектакль вырашаўся як рамантыка-эпічны і патрабаваў ад акцёраў прыўзнятасці, пафасу. Асабліва вялікая эмацыянальная і галасавая нагрузка падала на Вядучых, якія ў пэўнай ступені былі каментатарамі падзей, што адбываліся на сцэне. Алена Лагоўская з роллю справілася бліскуча, яе ігра знаходзіла гарачы водгук у гледачоў.
З асаблівым поспехам выконвала актрыса ролі простых жанчын, сялянак у беларускім рэпертуары. Стварыла такія маляўнічыя, каларытныя народныя вобразы, як Альжбета («Паўлінка» Я. Купалы),Аўдоцця Захараўна («Пяюць жаваранкі» К. Крапівы), бабка Мар'я («Навальніца будзе» паводле Я. Коласа), Агата («Цэнтральны ход» К. Губарэвіча і І. Дорскага), Наста («Над Бярозай-ракой» П. Глебкі), Свацця («Несцерка» В. Вольскага). Этапнай для А. Лагоўскай была роля Марылі ў спектаклі «Раскіданае гняздо» Я. Купалы, які стаў значнай з'явай у беларускім тэатральным мастацтве. У ім за гісторыяй сялянскай сям'і бачылася жыццё беларускага народа. Крытыка адзначала, што Марыля ўваходзіць у нашу свядомасць як ярка, рэзка акрэслены характар – маці, якая самааддана абараняе сваіх дзяцей. У гэтай ролі, адной з самых значных у яе творчасці, актрыса дасягала драматычнага гучання.
Яркія вострахарактарныя ролі сыграла А. Лагоўская ў класічным рэпертуары – Пашлёпкіна («Рэвізор» М. Гогаля), Варвара, Квашня, Сцепаніда («Ягор Булычоў і іншыя», «На дне», «Мяшчане» М. Горкага), Тандрахова («Мараль пані Дульскай» Г. Запольскай), Клаўдзія («Дзеці Ванюшына» С. Найдзёнава), Фяона («Мінулася кату масленіца» А. Астроўскага).
З іншых роляў актрысы вылучаюцца Ганна Бяссмертная («Праўда і крыўда» паводле М. Стэльмаха), Марфа Пятроўна («Рускія людзі» К. Сіманава), Патапава («Бітва ў дарозе» Г. Нікалаевай), Карміцелька («Марыя Сцюарт» Ф. Шылера), Голда («Тэўе-малочнік» паводле Шолам-Алейхема), доктар Гейнц («Гарачае лета ў Берліне» паводле Д. К'юсак).
Алена Лагоўская была актрысай яркай індывідуальнасці, большасць яе сцэнічных вобразаў вылучалася самабытнасцю, народнасцю. Утворчых дасягненнях тэатра ёсць доля працы той слаўнай кагорты коласаўцаў, да якіх належала А. Лагоўская.
Актрыса ўзнагароджана ордэнам «Знак пашаны», дзвюма Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, медалём «За доблесную працу».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.