Кароткая даведка: княжацкi род герба "Гiпацэнтаўрус"
У адрозненне ад iншых княжацкiх родаў Лiтвы (Бароўскiх, Ямантовiчаў, Свiрскiх) Гальшанскiя не здрабнелi да ўзроўню звычайнай шляхты i на працягу XIV–XVI стст. займалi высокiя дзяржаўныя пасады ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм.
Радавод Гальшанскiх пачынаецца ад аднаго з сыноў Рамонта Гальшана (па А.Нарбуту – ад Хольшы), якi атрымаў удзел за Вiлiяй, дзе i заснаваў замак Гальшаны. Пра яго сына Мiндоўга звестак не захавалася. Паводле Ю.Вольфа, сын Мiндоўга Альгiмонт, "пазней пiсаўся Альгiмунт, вiдавочна, з ласкi Гедымiна быў Кiеўскiм i Пераяслаўскiм намеснiкам" .
Першаю гiстарычнаю асобаю ў сваiм родзе з'яўляецца князь Iван Альгiмонтавiч Гальшанскi (упамiнаецца ў крынiцах у 1379–1401 гг.). Ён быў паплечнiкам Вiтаўта яшчэ ў час яго барацьбы за велiкакняжацкую ўладу, двойчы суправаджаў яго ў эмiграцыю ў Прусiю. Iван Гальшанскi ўзначальваў пасольства, што адвозiла ў Маскву дачку Вiтаўта Соф'ю, нявесту вялiкага князя маскоўскага Васiля Дзмiтрыевiча. З 1392 г. ён уваходзiў у велiкакняжацкую раду. У дадатак да сваёй спрадвечнай вотчыны – Гальшан i Трабаў на Ашмяншчыне – Iван атрымаў ад Вiтаўта Дубровiцкае i Сцяпанскае княствы на Палессi i Глускую воласць на Пцiчы. У Гальшанскiх было пяць сыноў: Андрэй Вязынскi, Сямён Люты, Аляксандр Нялюба, Мiхаiл i Барыс, якi загiнуў у бiтве на Ворскле ў 1399 г. Iх адзiная дачка Ульяна (цi Юльяна) 1 лiстапада 1418 г. узяла шлюб з Вiтаўтам i атрымала ад яго "Наваградак з ваколiцамi як пасаг". Памерла яна ў сямiдзесяцiгадовым узросце i была пахавана ў Вiльнi ў касцёле св. Ганны.
Старэйшы сын Iвана Гальшанскага Андрэй (каля 1365–каля 1410) валодаў Вязынем на Мiншчыне. Хронiка Лiтоўская называе яго князем Вязанскiм (або Вязынскiм). Князь Андрэй Iванавiч памёр рана, "пакiнуўшы ад сваёй жонкi кн. Аляксандры Дзiмiтраўны Друцкай, што памерла ў 1426 г., дочак, якiя выхоўвалiся ў Друцку ў свайго дзядзькi князя Iвана Дзiмiтравiча Друцкага". Адна з iх, князёўна Соф'я Андрэеўна Гальшанская (1405?–1461), у 1422 г. выйшла замуж за Ягайлу, караля Польшчы i нарадзiла яму двух сыноў – Уладзiслава i Казiмiра (будучых Ягелонаў).
Браты Андрэя Гальшанскага, Сямён i Мiхаiл, адыгралi значную ролю ў час барацьбы памiж Свiдрыгайлам i Жыгiмонтам. Сямён Люты (?–1433), намеснiк Вiтаўта ў Вялiкiм Ноўгарадзе (каля 1420 г.), намеснiк наваградскi (1422 г.) рыхтаваў замах на вялiкага князя лiтоўскага Свiдрыгайлу ў Ашмянах у 1432 г., за што быў пакараны смерцю (яго патапiлi ў Заходняй Дзвiне). Такi ж лёс напаткаў i Мiхаiла Гальшанскага (?–1433), намеснiка кiеўскага. Пасля ўзвядзення Свiдрыгайлы на вялiкае княжанне Мiхаiл Iванавiч стаў адным з яго гарачых прыхiльнiкаў. Нават тады, калi Свiдрыгайла страцiў у снежнi 1432 г. велiкакняжацкi тытул, Мiхаiл Гальшанскi ўзначалiў войска вялiкага князя i ў чэрвенi 1433 г. разбiў Жыгiмонта. "Невядома, што сталася прычынаю дзеля ягонага пераходу на бок Жыгiмонта, вядома толькi тое, што, ваюючы за апошняга, у жнiўнi 1433 г. пад Коўнам трапiў у палон да Швiдрыгайлы", i, як падаюць сучасныя энцыклапедычныя крынiцы, быў пакараны смерцю.
Пры Казiмiры князi Гальшанскiя часова адышлi на другi план, але засталiся буйнымi землеўладальнiкамi. Сыны Сямёна Iванавiча Лютага ў XV ст. валодалi, апрача Гальшан, Глуска i Дубровiцы, Шашоламi на Вiленшчыне, Копыссю, Раманавам i Баранню ў Аршанскiм павеце. Пазней частка радавых маёнткаў праз шлюб дачкi Сямёна Трабскага (сын Сямёна Лютага) з Марцiнам Гаштольдам адышла да апошняга. Другая частка гальшанскiх вотчын трапiла да зяця Сямёна Юр'евiча (унук Лютага) – князя Канстанцiна Iванавiча Астрожскага. Яшчэ адзiн унук Сямёна Лютага Аляксандр Юр'евiч узяў шлюб з Соф'яй, дачкой вiленскага ваяводы Алехны Судзiмонтавiча i атрымаў вялiкую частку спадчыны цесця: Воўпу ў Гарадзенскiм, Хожава ў Ашмянскiм, Сутокi, Заазер'е i частку Харэцкай воласцi ў Мiнскiм паветах. Ён першым з Гальшанскiх п¬райшоў з праваслаўя ў каталiцтва i дасягнуў пасады кашталяна вiленскага.
Сын Аляксандра Павел (каля 1490–1555) з'яўляецца адным з найбольш таленавiтых прадстаўнiкоў роду князёў Гальшанскiх. Ён вучыўся ў Кракаўскiм унiверсiтэце, у Рыме. Пасля вяртання ў ВКЛ стаў прэлатам-архiдыяканам касцёла св. Станiслава ў Вiльнi. Ён адыгрываў значную ролю ў дзяржаўным i грамадскiм жыццi ВКЛ, актыўна стаяў супраць Рэфармацыi. Ад бацькоў унаследаваў вялiкую частку радавых вотчын Гальшанскiх i судзiмонтаўскай спадчыны, якiя разам з iншымi маёнткамi завяшчаў вялiкаму князю.
Пачынальнiкам галiны князёў Гальшанскiх-Дубровiцкiх быў Iван Юр'евiч (1440?–1481), унук Сямёна Лютага. Ён атрымаў пры падзеле спадчыны маёнтак Дубровiцу, i яго дзецi сталi называцца князямi Дубровiцкiмi. Iван быў пакараны смерцю ў 1481 г. за ўдзел у змове супраць вялiкага князя Казiмiра. Яго бацька, Юрый Сямёнавiч Гальшанскi (каля 1410–каля 1457), быў адным з арганiзатараў выбрання вялiкiм князем Казiмiра Ягелончыка ў 1440 г., аднак у 1456 г. далучыўся да апазiцыi, якая хацела абраць вялiкiм князем Сямёна Алелькавiча. Сямён Дубровiцкi (унук Iвана Юр'евiча; каля 1515–1556) – апошнi прадстаўнiк роду Гальшанскiх па мужчынскай лiнii. Пасля яго смерцi вялiзныя вотчыны, якiя ён атрымаў у спадчыну ад бацькi i старэйшых братоў, былi падзелены памiж яго сёстрамi.