Кароткая даведка: магнацкі (з 1529 г. графскі) род герба “Рабданк”
Варыянты імя: Гаштаўты
Уся ранняя гісторыя Геранёнаў (цяпер Суботнікі на поўначы ад Ліды) звязана з панамі Гаштольдамі. Крыжацкія хронікі згадваюць у 1380-х гадах “Гаштольдэндорф” – вотчыну гэтага славутага роду, заснавальнікам якога згодна летапісам быў Крумпа, гетман літоўскага князя Ердзівіла. Сын Крупмы Гаштольд атрымаў ад вялікага князя Альгерда Камянец Падольскі, адным з першых у Літве прыняў каталіцтва, узяўшы імя Пётр, і пабудаваў у Вільні кляштар “для польскіх магнатаў-францысканцаў". Ён займаў пасаду кашталяна замка Вялена на Нёмане, кіраваў яго абаронай ад крыжакоў у 1364 г. і загінуў разам з яго абаронцамі. Сын Гаштольда Андрэй (1350?–1410?), намеснік віленскі і крэўскі, адзін з уплывовых паноў-рады, стаў першым уладальнікам Геранёнаў (пазней Мураваныя Геранёны) – рэзідэнцыі свайго роду.
Пан Ян (Івашка) Гаштольд, сын Андрэя, быў сярод бліжэйшых паплечнікаў Вітаўта ў барацьбе за аднаўленне суверэннасці княства пасля Крэўскай уніі, стаяў на чале “сепаратыстаў” у барацьбе за незалежнасць Літвы, за вяртанне ёй Валыні і Падляшша. Ён выказаўся за трынаццацігадовага Казіміра Ягелона пры выбары ліцвінамі вялікага князя пасля межусобіцаў 1430 гг. і стаў яго рэгентам і фактычна правіцелем Вялікага княства Літоўскага. Хутка Ян заняў пасаду ваяводы трокскага, потым віленскага і атрымаў амаль 30 дробных маёнткаў у Літве, а таксама больш буйныя Тыкоцін на Падляшшы і Палонна ў Луцкім павеце на Валыні. Заўзяты прыхільнік палітычнай незалежнасці ВКЛ, Ян Гаштольд быў супраць абрання Казіміра польскім каралём. Калі гэта адбылося ён узначаліў апазіцыю магнатаў, за што страціў ласку караля, а разам з ёй і асноўны маёнтак – “Мураваныя Геранёны”, які вярнулі Гаштольдам толькі ў 1493 г.
Радавыя вотчыны бацькі значна павялічыў сын Яна Марцін (1430?–1483). Ён быў паслядоўна мужам дзвюх князёвен Гальшанскіх. Першая з іх, якая па маці паходзіла з роду князёў Друцкіх, унесла ў род Гаштольдаў Быхаў і Шклоў на Дняпры. Другі шлюб даў Марціну частку ўласных маёнткаў Гальшанскіх – долю ў Гальшанах, Трабах на Ашмяншчыне і ў Глуску на Палессі.
Энергічны характар і палітычныя ідэі Яна Гаштольда пераняў сын Марціна і княгіні Марыны Трабскай Альбрэхт (Ольбрахт, Войцэх, 1465?–1539) – не толькі самы вядомы прадстаўнік роду, але і найбольш знакаміты палітычны дзеяч Першай паловы XVI ст. Альбрэхт быў прызначаны наваградскім намеснікам у час шматлікіх крымскіх набегаў (1503–1506 гг.). Ён біў татараў з гетманам Станіславам Кішкам, а ў 1505 г., калі літоўскія паны пры з’яўленні татарскіх загонаў каля Наваградка спешна ад’ехалі за Нёман, Гаштольд застаўся ў замку і адбіў напад. Ён удзельнічаў у войнах з Масквою – абараняў Смаленск у 1507 г., змагаўся пад Оршаю, летам 1513 г. разбіў маскоўскае войска пад Полацкам.
Пік магутнасці Альбрэхта Гаштольда прыпадае на 1522–1538 гг., калі ён сумяшчаў пасады ваяводы віленскага і канцлера ВКЛ. У 1529 г. Гаштольд прыняў удзел у складанні Першага Літоўскага Статута. Па яго ініцыятыве ў Статут былі ўведзены прававыя нормы, паводле якіх чужынцы, што не з’яўляліся ўраджэнцамі ВКЛ, не мелі права займаць у княстве пасады і набываць там нерухомасць. Альбрэхт Гаштольд быў праціўнікам уніі з Польшчай і спрыяў абвяшчэнню ў 1529 г. Жыгімонта ІІ Аўгуста вялікім князем ВКЛ, што было спробай адасобіць княства ад Кароны. Ул.Пацеха, гістарыёграф Боны, крытычны да “сепаратызму” канцлера Гаштольда, дае яму наступную характарыстыку: “Горды магнат <...> быў шчыра прывязаны да свайго краю і не даў скарыстаць сябе як сродак чужым краінам. Аслеплены ў сваім кансерватызме, не разумеў перамен, якія адбываліся пад уплывам уніі з Польшчай”. Аднак Гаштольд разумеў сэнс зменаў, але ставіўся да іх адмоўна і ўсімі сіламі змагаўся супраць інкарпарацыі – зліцця Літвы з Польшчай.
Альбрэхт з’яўляўся самым багатым землеўласнікам у княстве. Ён валодаў Быхавым і Тайманавам на Дняпры, Бубаснай у Бабруйскай воласці, вялікімі маёнткамі на Кіуўшчыне, Трабскім княствам. Шлюб з адзінай дачкою князя Васіля Вярэйскага (родзіча маскоўскіх князёў, які перабег у Вялікае княства і атрымаў там значныя маёнткі) прынёс Гаштольду Любеч на Дняпры, Валожын, Койданава і Усу на Міншчыне, а таксама былы маёнтак Гедыгольдаў – Радашковічы. У 1529 г. Альбрэхт набыў тытул графа на Мураваных Геранёнах (са зменай герба). Памёр Гаштольд у 1539 г. і быў пахаваны ў Віленскай катэдры. Яго адзіны сын Станіслаў (1507?–1542), ваявода наваградскі і трокскі, памёр бяздзетным і ўся маёмасць Гаштольдаў вярнулася ў 1542 г. да вялікага князя.