Кароткая даведка: шляхецкі род герба “Рох III”
Карані гэтага славутага роду зыходзяць з глыбокай мінуўшчыны часоў Вітаўта Вялікага. Яго першым вядомым прадстаўніком лічыцца Фёдар (памёр да 1509 г.). Яго сын Канстанцін (Касцюшка), дзяк велікакняжацкай канцылярыі, у 1509 г. атрымаў ад вялікага князя Жыгімонта І Старога маёнтак Сяхновічы (цяпер Жабінкаўскі раён Брэсцкай вобласці), ад назвы якога род часам называўся Касцюшкі-Сяхновіцкія.
Цэнтрам касцюшкаўскай спадчыны, іх радавым гняздом лічыліся Сяхновічы, ворыўныя землі якіх ужо ў канцы XVI ст. не маглі задаволіць усіх нашчадкаў роду (тым больш, што па законах Вялікага княства Літоўскага, правы на вотчыну пераходзілі не толькі з мужчынскага боку, але даваліся і “па кудзелі” – па жаночай лініі). Таму шмат Касцюшкаў з’ехалі з Берасцейшчыны ў іншыя землі. Але нават на чужыне многія з іх захоўвалі “прыдомак” “Сяхновіцкія” як памяць пра свае карані, свае вытокі.
Касцюшкі займалі даволі сціплыя дзяржаўныя пасады. Яны ахвотна вялі гаспадарку і лічыліся шляхтаю незаможнаю, местачковаю, якая свята трымалася старасвецкіх традыцый і высока несла свой шляхецкі гонар. У 1852 г. некаторыя з іх былі занесены ў радаводную кнігу Гродзенскай губерні.
“Русіны племені беларусаў” – так назваў гэты род польскі даследчык, біёграф Тадэвуша Касцюшкі Т.С.Корзан. Згодна яго працы “Kościuszko. Biografia z dokumentow Wysnuta” (Kraków, 1894) радавод Касцюшкаў вядзецца ад сыноў Канстанціна Івана і Фёдара, якія далі пачатак дзвюм галінам роду: Іванавічам (старэйшай) і Фёдаравічам (малодшай). У 1561 г. браты падзялілі Сяхновічы, пасля чаго яны сталі складацца з пяці маёнткаў. Найбольш буйнымі з іх былі Сяхновічы Вялікія і Сяхновічы Малыя. Першыя спрадвечна належалі старэйшай галіне. Так, напрыклад, у гістарычных крыніцах сустракаецца запіс аб тым, што Павел Касцюшка (пісар гродскі, лоўчы брэсцкі) аднавіў у 1727 г. царкву св. Мікалая ў Сяхновічах Вялікіх, пабудаваную яго продкамі. На жаль, звесткі пра галіну Іванавічаў заканчваюцца восьмым каленам – канец XVIII ст.
Больш мнагалюднай была малодшая галіна Касцюшкаў. Самымі вядомымі яе прадстаўнікамі з‘яўляюцца: Аляксандр Ян (1629–1707?), Амброжы Казімір (1667–1722?), Людвіг Тадэвуш (?–1757), Андрэй Тадэвуш Банавентура (1746–1817) – гонар і слава роду.
Аляксандр Ян, зямянін, падсудак брэсцкі, пасол сейма, удзельнік выбараў караля Яна ІІІ, уладар Сяхновіч Малых. Пасля яго смерці маёнтак перайшоў да сына Амброжы Казіміра Людвіга Тадэвуша. Палкоўнік войска Вялікага княства Літоўскага, мечнік брэсцкі, ён усё сваё жыццё прысвяціў выратаванню спадчыннай гаспадаркі. Нялёгкія абставіны прымусілі Людвіга Тадэвуша часова перадаць Сяхновіцкі маёнтак у карыстанне свайму дзядзьку – харунжаму Фаўстыну Бенядзікту Касцюшку (1672–1755). Сам жа ён стаў арандатарам фальварка Марачоўшчына (Мерачоўшчына). Тут, у невялікім сядзібным доме ля Косава (цяпер Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці), нарадзілася чацвёра дзяцей Людвіга і пані Тэклі з роду Ратомскіх. Сярод іх і Тадэвуш Касцюшка, самы славуты прадстаўнік Касцюшкаў-Сяхновіцкіх. Смерць Тадэвуша (1817 г.) – апошняя вядомая дата пра мужчын роду. Нашчадкамі гэтай сям’і з’яўляліся толькі прадстаўніцы жаночай лініі.
Іншыя галіны Касцюшкаў былі вядомыя ў Гродзенскім павеце, Новагародскім, Мінскім, Мсціслаўскім, Полацкім ваяводствах, Інфлянтах.
Матэрыял падрыхтаваны ў 1998 г.