Кароткая даведка: старажытны шляхецкі род герба “Трубы”
Існуе некалькі версій паходжання гэтага роду. Па адной з іх радавод Нарбутаў (паводле легенды) “разам з Радзівіламі і Остыкамі цягнецца ад вярхоўнага жраца Ліздэйкі, які быццам бы быў сынам вялікага князя Нарымонта”. Многія прадстаўнікі роду пісаліся як Остыкі-Нарбуты, хутчэй за ўсё для таго, каб лішні раз падкрэсліць старажытнасць свайго паходжання і непасрэдную сувязь з некалі вельмі магутнымі Остыкамі. Тэадор Нарбут, вядомы гісторык і археолаг, аўтар дзевяцітомнай працы “Старажытная гісторыя літоўскага народа” (1835–1841), выводзіў радаслоўную свайго роду ад нашчадкаў лідскай княгіні Ганны Шуйскай – другая версія. Адной з крыніц вывучэння паходжання Нарбутаў з’яўляюцца даследаванні расійскага вучонага, аўтара чатырох выпускаў “Генеалогии Белоруссии”, прафесара А.Нарбута. На яго думку, існавала некалькі дваранскіх родаў з прозвішчам Нарбуты (каля дзевятнаццаці). Іх продкі першапачаткова рассяляліся на землях усходняй Літвы. Нават само прозвішча Нарбут вучоны адносіць да слоў літоўскага паходжання і тлумачыць яго як “сем’янін”.
На Беларусі Нарбуты аселі на Гродзеншчыне і жылі ў асноўным у Лідскім павеце. З 1811 г. род быў унесены ў шостую частку радаводнай кнігі Гродзенскай губерні, а пасля ўключэння Лідскага павета ў склад Віленскай губерні Нарбуты ўвайшлі ў алфавітны спіс тытулаваных дваранскіх родаў па гэтай губерні.
Першым у радаводзе згадваецца Альбрэхт. Ён быў сынам Нарбута з легендарнага роду Даўспрунгаў. Нашчадкі Альбрэхта займалі высокія дзяржаўныя пасады ў Вялікім княстве Літоўскім. Так, Войцех Нарбут быў каралеўскім маршалкам, харунжым надворным літоўскім, у 1508 г. узначальваў пасольства ў Маскву; Мікалай займаў пасады намесніка жмудскага, старосты крэўскага і мазырскага, маршалка каралеўскага і ваяводы падляшскага, а Станіслаў – старосты ашмянскага, ваяводы мсціслаўскага. Прадстаўнікі роду былі не толькі дзяржаўнымі дзеячамі, але і філосафамі, асветнікамі, вучонымі, вайскоўцамі.
У Беларускай энцыклапедыі названы тры Нарбуты: Казімір (1738–1807) – ураджэнец Лідскага павета, палітык, дэпутат сейма і літоўскага трыбунала, маршалак, прадстаўнік эклетычнага кірунку ў філасофіі эпохі Асветніцтва на Беларусі і ў Літве; Тэадор (1784–1864), родам з маёнтка Шаўры Лідскага павета, гісторык, археолаг, ваенны інжынер рускай арміі; яго сын Людвіг (1832–1863) – дэмакрат, рэвалюцыянер. Падчас паўстання 1863–1864 гг. ён паспяхова вёў баі супраць карнікаў, атрымаў званне палкоўніка і загінуў у Дубічанскіх балотах. Другі сын Тэадора Нарбута – Баляслаў – таксама ўдзельнічаў у паўстанні, а трэці – Станіслаў – стаў вядомым лекарам. Бацькоў Нарбутаў “за плохое воспитание семьи” саслалі ў Сібір, на карысць ураду былі канфіскаваны ўсе іх маёнткі, а будынак для прыкладу і ўстрашэння іншых быў зруйнаваны з зямлёй. Аднак, дзякуючы знакамітаму майстру гісторыка-архітэктурных пейзажаў Напалеону Ордзе, захавалася памяць пра выдатную сям’ю Нарбутаў. Ён стварыў мастацкі малюнак (у многім дакументальны), пад якім напісана: “Шаўры, маёмасць Нарбутаў”. У суседнім паселішчы Нача ў касцёле пахаваны Тэадор Нарбут (маецца надмагільная пліта), а на могілках у Шаўрах – яго жонка Хрысціна і сын Баляслаў.
Род гродзенскіх Нарбутаў існуе і ў наш час. Шматлікія яго прадстаўнікі жывуць у Расіі, Польшчы, Швецыі, Даніі, Літве і іншых краінах.
Матэрыял падрыхтаваны ў 1998 г.