Дата нараджэння:
05.01.1907 Радучы, в., Чавускі павет, Магілёўская губерня (цяпер Чавускі раён, Магілёўская вобласць)
Дата смерці:
03.07.1987
Кароткая даведка:
драматург, сцэнарыст, тэатральны крытык, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1968), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1972)
Варыянты імя:
Губарэвіч Канстанцін Лявонавіч; Губарэвіч Канстанцін Лявонцьевіч
Імёны на іншых мовах:
Губаревич Кастусь (руская); Губаревич Константин Леонтьевич (руская);
4642 сімвалы
Даведка
Вялікі ўклад у скарбніцу беларускай нацыянальнай культуры ўнёс Кастусь Губарэвіч – таленавіты майстра слова, які заўжды верыў у высокае прызначэнне мастацтва і сваімі творамі імкнуўся выхоўваць любоў да людзей і да сваёй Радзімы.
Нарадзіўся К. Губарэвіч у вёсцы Радучы Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям'і. На фарміраванне асобы будучага літаратара і сцэнарыста паўплывалі яго настаўнікі: яшчэ ў школе хлопчык займаўся ў драматычным гуртку, які арганізавала настаўніца літаратуры. Падчас вучобы ў Магілёўскім педагагічным тэхнікуме (цяпер Сацыяльна-гуманітарны каледж УА «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова»; 1925–1927) на Кастуся Губарэвіча значны ўплыў аказаў выкладчык мовы і літаратуры, драматург В. Гарбацэвіч, і выкладчык спеваў, кампазітар М. Чуркін. Акрамя літаратуры Кастусь захапіўся новым відам мастацтва – кінематографам. Менавіта таму ён паступіў на сцэнарнае аддзяленне Дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі ў Маскве (цяпер Усерасійскі дзяржаўны ўніверсітэт кінематаграфіі імя С. А. Герасімава), дзе з задавальненнем слухаў лекцыі майстроў, хадзіў на прагляды фільмаў.
Працоўны шлях К. Губарэвіча быў надзвычай насычаным: ён працаваў рэдактарам сцэнарнага аддзела студыі мастацкіх фільмаў «Савецкая Беларусь» у Ленінградзе (цяпер г. Санкт-Пецярбург; 1931–1933); з 1933 па 1941 г. быў рэдактарам, арганізоўваў здымкі, распрацоўваў сюжэты часопісаў і кінанарысаў, складаў дыктарскія тэксты на студыі дакументальных фільмаў у Мінску.
У час Вялікай Айчыннай вайны Кастусь Губарэвіч працаваў рэдактарам радыёстанцыі “Савецкая Беларусь”, пасля вызвалення Мінска – загадчыкам аддзела палітвяшчання і літаратурных перадач на Беларускім радыё. Акрамя таго, была праца у рэдакцыі газеты “Літаратура і мастацтва”, пасада члена рэпертуарнай камісіі кінастудыі “Беларусьфільм”, галоўнага рэдактара рэпертуарнай калегіі Міністэрства культуры БССР.
Творчая дзейнасць К. Губарэвіча была не менш змястоўнай і плённай. У 1926 г. ён дэбютаваў у літаратуры з апавяданнямі і вершамі. Друкаваўся ў альманаху “Дняпроўскія ўсплёскі”, часопісе “Маладняк”, газетах “Палеская праўда”, “Савецкая Беларусь” і “Чырвоная змена”. У 1930 г. выйшаў зборнік яго апавяданняў “Гайда туды і Жывыя шрубы”. Уяўленне аб творчасці пісьменніка было б няпоўным, калі б па-за ўвагай засталася яго крытычная і публіцыстычная спадчына. К. Губарэвіч напісаў мноства артыкулаў і рэцэнзій па праблемах развіцця тэатра і кіно на Беларусі, якія вылучаліся кампетэнтнасцю, разуменнем эстэтычнай і крэатыўнай ролі гэтых відаў мастацтва ў грамадстве.
У 1948 г. Кастусь Губарэвіч звярнуўся да драматургіі. Менавіта драматургічныя творы занялі цэнтральнае месца ў яго творчасці: п'есы «Цэнтральны ход» пра Канстанціна Заслонава, лірычная камедыя «Алазанская даліна» (напісаны ў суаўтарстве з І. Дорскім), твор пра гераічную абарону Брэсцкай крэпасці – “Цытадэль славы”. Гэту працу аўтар вёў на працягу многіх гадоў, у выніку чаго з’явіліся новыя варыянты п’есы – “Брэсцкая крэпасць” і “Людзі і каменне”.
У сваіх творах К. Губарэвіч выкарыстоўваў драматызм сапраўдных фактаў і канцэнтраваў увагу на такіх падзеях і праблемах, вырашыць якія немагчыма без барацьбы і канфліктаў. Драматургія пісьменніка вызначаецца шырокай тэматычнай разнастайнасцю: ён пісаў аб буйных гістарычных падзеях (“Галоўная стаўка”, “Брэсцкі мір”), аб жыцці вёскі (“На крутым павароце”, “А куды ж нам падзецца?”), аб узаемаадносінах моладзі (“Простая дзяўчына”), аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны (“Першы ўрок”) і інш.
Важкі ўклад Кастусь Губарэвіч унёс і ў кінадраматургію. Фільмы па яго сцэнарыях мелі поспех не толькі ў беларускага, але і ўсесаюзнага гледача, а некаторыя з іх шырока вядомыя і за мяжой. Яшчэ ў далёкім 1932 г. ім быў напісаны сцэнарый аднаго з першых дзіцячых беларускіх фільмаў “Баям насустрач”. Па сцэнарыях К. Губарэвіча пастаўлены мастацкі фільм “Дрэвы на асфальце”, дакументальны – “Савецкая Беларусь”, тэлефільмы “Галоўная стаўка”, “Далёкая песня” і інш.
Менавіта Кастусь Губарэвіч стаў стваральнікам беларускага дзіцячага кіно. За сцэнарыі мастацкіх фільмаў “Дзяўчынка шукае бацьку”, “Анюціна дарога” і “Паланэз Агінскага” ў 1972 г. драматургу прысуджана Джяржаўная прэмія БССР у галіне кінематаграфіі.
Таленавіты драматург пакінуў пасля сябе значную творчую спадчыну і па праву атрымаў ганаровае званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР (1966). Кастусь Губарэвіч – лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1968), кавалер ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга (1955), Дружбы народаў (1976), двух ордэнаў “Знак Пашаны” (1944, 1967), узнагароджаны медалямі, Ганаровымі граматамі.