Дата нараджэння:
24.01.1897 Кальнікі, в., Смалявіцкі раён, Мінская вобласць
Дата смерці:
17.03.1969
Кароткая даведка:
вучоны-батанік, патафізіёлаг, заснавальнік глебавай энзімалогіі, акадэмік НАН Беларусі, член-карэспандэнт АН СССР, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, Герой Сацыялістычнай Працы (1967), дзяржаўны дзеяч, узнагароджаны двума ордэнамі Леніна (1967, 1969), ордэнам "Знак Пашаны", удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г.
Варыянты імя:
Купрейчик Василий Феофилович; Купрэйчык Васіль Феафілавіч
Імёны на іншых мовах:
Купревич Василий Феофилович (руская);
3535 сімвалаў
Даведка
Імя выдатнага вучонага, чалавека складанага і цікавага жыццёвага лёсу, матроса рэвалюцыі і прэзідэнта Акадэміі навук Беларусі назаўжды застанецца ў гісторыі не толькі айчыннай, але і сусветнай навукі.
Нарадзіўся В. Купрэвіч у в. Кляннік Барысаўскага павета (цяпер Смалявіцкі раён) у сялянскай сям’і. Скончыў сельскагаспадарчае вучылішча. Некаторы час служыў на флоце. Разам з камандай эсмінца “Самсон” удзельнічаў у штурме Зімняга палаца. У 1918 г. Купрэвіч быў дэмабілізаваны і вярнуўся ў Беларусь. Настаўнічаў на радзіме і адначасова завочна вучыўся ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі кадраў народнай асветы (Масква). У 1931 г. пасля яго заканчэння паступіў у аспірантуру Інстытута біялогіі АН БССР і быў накіраваны ў Ленінград у Батанічны інстытут АН СССР. У 1934 г. пасля абароны кандыдацкай дысертацыі В. Купрэвіч вярнуўся ў Мінск. З 1934 г. па 1938 г. вучоны выканаў у Інстытуце біялогіі шэраг цікавых работ па фітапаталогіі. Пачаў даследаванні аб засваенні раслінамі глебавай вуглекіслаты. З вынікамі гэтай работы выступіў на Усесаюзным з’ездзе фізіёлагаў раслін.
З 1938 г. лёс зноў звязаў В. Купрэвіча з Батанічным інстытутам Акадэміі навук СССР. Ленінградскі перыяд быў найбольш плённы ў творчай дзейнасці вучонага. Асноўнымі яе кірункамі сталі – фізіялогія грыбоў-паразітаў і фізіялогія пашкоджанай імі расліны. Яны і былі пакладзены ў аснову доктарскай дысертацыі В. Купрэвіча, якую ён абараніў у блакадным Ленінградзе ў 1942 г. Менавіта В. Купрэвічу і яго калегам абавязаны Батанічны інстытут захаваннем у вайну буйнейшых у свеце калекцый грыбоў, лішайнікаў, раслін. У 1949 г. В. Купрэвіч стаў дырэктарам гэтага інстытута, а ў 1952 г. яго абралі правадзейным членам і прэзідэнтам Акадэміі навук БССР.
В.Ф. Купрэвічу давялося кіраваць навукай у складаны для Беларусі перыяд, калі народная гаспадарка была разбурана вайной, а навуковы патэнцыял адсутнічаў. З імем В. Купрэвіча звязана многа важкіх старонак у гісторыі Акадэміі навук БССР. Вучоны-біёлаг, ён не замыкаўся ў сферы “асабістай” навукі, а разам з іншымі вучонымі шмат рабіў для развіцця новых навуковых напрамкаў у галіне фізікі, матэматыкі, хіміі, грамадскіх навук. За параўнальна кароткі перыяд, калі В.Ф. Купрэвіч займаў пасаду Прэзідэнта, у Акадэміі навук былі створаны Інстытут цепла- і масаабмену, Інстытут машыназнаўства і аўтаматызацыі, Інстытут будаўніцтва і архітэктуры, Інстытут фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, Лабараторыя электронікі. Значнай вяхой дзейнасці В. Купрэвіча стала стварэнне Інстытута ядзернай энергетыкі, а таксама Інстытута тэхнічнай кібернетыкі.
Пры непасрэдным удзеле В.Ф. Купрэвіча былі створаны Інстытуты фізіялогіі, эксперыментальнай батанікі і мікрабіялогіі, генетыкі і цыталогіі. Многія даследаванні знаходзіліся пад пільнай увагай вучонага-біёлага, а частка з іх праводзілася пад яго непасрэдным кіраўніцтвам.
В. Купрэвіч праявіў сябе буйным даследчыкам у трох галінах біялагічнай навукі: мікалогіі, фізіялогіі раслін і глебавай энзімалогіі. Ён апублікаваў больш за 100 навуковых прац, у тым ліку 7 манаграфій. За плённую працу, вялікія дасягненні ў развіцці айчыннай навукі, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці ён быў удастоены званняў заслужаны дзеяч навукі БССР (1967) і Герой Сацыялістычнай Працы (1969), адзначаны двума ордэнамі Леніна, ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і “Знак Пашаны”. Яго імя прысвоена Інстытуту эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі, Смалявіцкай школе. Імем “Акадэмік Купрэвіч” быў названы цеплаход Чарнаморскага марскога параходства.