Дата нараджэння:
27.02.1907 Выдрэя, п., Лёзненскі раён, Віцебская вобласць
Дата смерці:
02.04.1992
Кароткая даведка:
вучоны ў галіне селекцыі бульбы, аўтар больш за 30 высокаўраджайных гатункаў бульбы (Партызан, Агранамічны, Беларускі 3 і інш.), акадэмік НАН Беларусі і УАСГНІЛ, член-карэспандэнт Акадэміі сельскагаспадарчых навук ГДР, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, Герой Сацыялістычнай Працы (1966), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1951,1974), кавалер ордэнаў Леніна, "Знак Пашаны"
Імёны на іншых мовах:
Альсмик Пётр Иванович (руская);
5257 сімвалаў
Даведка
Пётр Іванавіч Альсмік – адзін з найбольш яркіх прадстаўнікоў айчыннай навукі па стварэнні новых сартоў раслін і паляпшэнні тых, што існавалі, заснавальнік навуковай селекцыі бульбы ў Беларусі. Ён вывеў больш за 30 высокаўраджайных сартоў бульбы, якія паспяхова выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы рэспублікі і ўключаны ў дзяржаўныя рэестры іншых краін.
Нарадзіўся будучы вучоны ў в. Выдрэя Лёзненскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў на аддзяленне раслінаводства Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках (1925). Там актыўна ўключыўся ў працу студэнцкага навуковага таварыства і пачаў займацца селекцыйнай работай. У 1929 г. па размеркаванні быў накіраваны ў якасці малодшага навуковага асістэнта ў аддзел селекцыі Навазыбкаўскай сельскагаспадарчай доследнай станцыі (Бранская вобласць, Расія). З 1931 г. працаваў на Беларускай занальнай бульбяной вопытнай станцыі (пас. Сцяпянка, Мінская вобласць), дзе ў тыя гады былі сканцэнтраваны значныя навуковыя сілы і праводзіліся каштоўныя даследаванні па генетыцы і селекцыі. З першых дзён навуковай дзейнасці П. І. Альсмік праявіў сябе як таленавіты даследчык, які сканцэнтраваў сваю ўвагу на вывучэнні біялогіі бульбы, яе культурных сартоў і дзікіх відаў. Ужо ў 1933 г. апублікаваў першыя вынікі сваёй працы ў кнігах «Бульба і дынаміка яе росту» (у суаўтарстве) і «Стандартныя для БССР сарты бульбы». У 1935 г. узначаліў лабараторыю селекцыі і насенняводства, у 1937 г. заняў пасаду загадчыка групы селекцыі і насенняводства бульбы.
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны П. І. Альсмік застаўся працаваць на станцыі, якая была пераведзена ў в. Зазер’е (Пухавіцкі раён, Мінская вобласць). Пётр Іванавіч працягваў селекцыйную працу і ўдзельнічаў у партызанскім руху. Пад яго кіраўніцтвам супрацоўнікам удалося зберагчы ад вывазу ў Германію матэрыяльныя каштоўнасці станцыі – сарты, абсталяванне, бібліятэку, архіў. За адвагу, праяўленую ў ваенны перыяд, вучоны быў узнагароджаны медалём «Партызану Айчыннай вайны» І ступені (1944).
У першыя пасляваенныя гады П. І. Альсмік выконваў абавязкі кіраўніка Беларускай дзяржаўнай селекцыйнай станцыі, потым быў намеснікам дырэктара па навуковай частцы. Ён хутка аднавіў працу па селекцыі бульбы, паспяхова правёў барацьбу з небяспечным захворваннем – ракам бульбы. За вывядзенне ракаўстойлівых сартоў бульбы (Скараспелка-1, Партызан, Агранамічны і інш.) Пётр Іванавіч быў удастоены Дзяржаўнай прэміі СССР (1951). Вынікі сваіх шматгадовых даследаванняў ён абагуліў у 1953 г. у выглядзе дысертацыі на саісканне вучонай ступені кандыдата сельскагаспадарчых навук пад назвай «Основные вопросы селекции картофеля в Белоруссии», пасля абароны якой атрымаў ступень доктара сельскагаспадарчых навук (рэдкі выпадак у беларускай навуцы). Пасля стварэння ў 1956 г. Беларускага навукова-даследчага інстытута бульбаводства і плодаагародніцтва (пас. Самахвалавічы, Мінскі раён) П. І. Альсмік узначаліў у ім аддзел селекцыі бульбы і больш за 30 гадоў кіраваў рэспубліканскай і ўсесаюзнай тэматыкай селекцыі бульбы. Даследчык распрацаваў тэорыю і прыёмы паэтапнай селекцыі высокакрухмалістых сартоў бульбы на аснове назапашаных скрыжаванняў. Практычным вынікам гэтай працы стала стварэнне сартоў Лошыцкі, Тэмп, Старт, Вярба і інш. Таксама ўвёў у селекцыйны працэс новы этап – экалагічнае выпрабаванне ў розных глебава-кліматычных зонах.
За плённую працу ў галіне селекцыі бульбы ў 1966 г. вучоны быў абраны акадэмікам Акадэміі навук БССР і ўдастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы. У 1974 г. за працу па вывядзенні, размнажэнні і ўкараненні ў вытворчасць новых высокапрадукцыйных сартоў бульбы атрымаў (разам з калегамі) Дзяржаўную прэмію СССР. Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1966), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1977), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1959, 1971, 1973), «Дружбы народаў» (1982), «Знак Пашаны» (1987), чатырма залатымі і трыма срэбранымі медалямі ВДНГ СССР, іншымі медалямі. Удастоены ганаровых званняў «Заслужаны дзеяч навукі Беларусі» (1973) і «Лепшы вынаходнік сельскай гаспадаркі СССР» (1984). У1979 г. стаў акадэмікам УАСГНІЛ.
Пётр Іванавіч Альсмік пакінуў пасля сябе вялікую творчую спадчыну. Ён з’яўляецца аўтарам больш за 100 прац, якія ахопліваюць усе навуковыя і вытворчыя праблемы бульбаводства. Сярод іх – «Лучшие сорта картофеля для БССР» (1948), «Бульба» (1953) і інш. У суаўтарстве былі выдадзены кнігі «Семеноводство и апробация картофеля в БССР» (1948), «Культура картофеля в Белорусской ССР» (1953), «Физиология картофеля» (1979), «Картофель: селекция, семеноводство, технология возделывания» (1988) і інш. Манаграфія вучонага «Селекция картофеля в Белоруссии» (1979), у якой аўтар прывёў вынікі шматгадовых даследаванняў па вывядзенні высокаўраджайных і ўстойлівых да захворванняў сартоў бульбы, была ўдастоена залатога медаля імя І. У. Мічурына УАСГНІЛ. За глыбокія аналітычныя здольнасці, бязмежную адданасць сваёй справе, фантастычную працаздольнасць калегі называлі яго «акадэмікам у ботах». Вучоны дасягнуў выдатных практычных поспехаў у селекцыі і стварыў беларускую школу селекцыянераў бульбы. Вялікі генафонд бульбы, складзены дзякуючы П. І. Альсміку, у цяперашні час выкарыстоўваецца яго паслядоўнікамі і вучонымі з усяго свету.