Марк Смагаровіч нарадзіўся ў вёсцы Забалацце Акцябрскага раёна, што на Гомельшчыне, вучыўся ў школе, захапляўся маляваннем і паэзіяй. У час Вялікай Айчыннай вайны яго сям’ю напаткаў страшны лёс: бацькі былі закатаваны ў фашысцкім канцлагеры, двое старэйшых братоў загінулі на фронце, сястру расстралялі за ўдзел у падпольным камсамольскім сходзе. Чатырнаццацігадовым падлеткам прыйшоў Марк Смагаровіч у партызанскі атрад імя В.І. Чапаева. У час адной з баявых аперацый быў цяжка паранены і страціў абедзве рукі… Аднак мужны чалавек не скарыўся, перамог хваробу… і стаў паэтам.
Прашу не залічваць мяне ў калекі,
Хоць я і калека з калек,
Бо рукі, як двух дарагіх чалавекаў,
Вайна адабрала навек.
Не ведалі б людзі вайны ліхалецця,
Шчаслівай была б маладосць,
А рукі мае – ў парадку паверце.
Яны існуюць.
Яны ёсць.
Адна з іх, занятая мірнаю працай,
Вырошчвае новы ўраджай.
Другая – глядзіце: яна на плакаце,
Вайну не пускае ў наш край.
Першыя вершы Марка Смагаровіча былі надрукаваны ў 1949 г., праз некалькі гадоў шэраг яго твораў быў уключаны ў зборнік твораў маладых пісьменнікаў “На сонечных сцежках”. У 1955 г. з’явілася першая кніжка паэта “Мой таварыш”. У гэтым жа годзе Марк Смагаровіч быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў БССР. Паэтычныя зборнікі ішлі адзін за адным: “На крыллях песні” (1958), “Маё выступленне” (1961), “Крокі” (1966), “Пачастунак” (1969), “Разводдзе” (1973), “Сплаў” (1976), “Жорны віру” (1980), “Бляск крышталю” (1983), “Далоні Радзімы” (1994). Адной з галоўных тэм творчасці Марка Смагаровіча была вайна, памяць аб ёй. Падзеі Вялікай Айчыннай і свайго лёсу ён апісваў з такім даверам, які выклікае павагу і да самога паэта, і да людзей яго пакалення.
Паэт захапляўся прыгажосцю роднага Палесся, пісаў пра сяброўства і каханне, па-майстэрску ўмеў перадаць думкі і пачуцці, выкліканыя рознымі праявамі жыцця; выказаць любоў да роднага краю ў кароткіх, але дакладных па-назіральнасці, багатых на колеры і вобразы вершах.
Для дзяцей Марк Смагаровіч напісаў шэраг паэтычных кніжак: “Каля кастра” (1959), “Жураўліная труба” (1968), “Паглядае Дзіма ў неба” (1978), “Гартаванне” (1987).
У 1966 г. у серыі “Бібліятэка “Вожыка” быў надрукаваны калектыўны зборнік “Са свайго пункту гледжання”. Паспрабаваў свае сілы ў галіне сатыры і гумару і Марк Смагаровіч: у кніжку ўвайшлі яго гумарыстычныя вершы “Певень-вартаўнік”, “Метад новы”, “Размова”, “Варывон”, “Невядомая прычына”, “А гармонік плача, плача…” і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 1996 г., актуалізаваны ў 2020 г.