Дата нараджэння:
01 ці 06.04.1862 Халопенічы, г. п., Крупскі раён, Мінская вобласць
Дата смерці:
16.04.1940
Кароткая даведка:
этнограф, фалькларыст, мовазнавец, гісторык культуры, мемуарыст, бацька Максіма Багдановіча
Псеўданімы:
А.Б-вич; А.Б-ович; А.Б.; Борисовский А.; Гродненский обыватель
Варыянты імя:
Багдановіч Адам Юравіч; Багдановіч Адольф Георгіевіч
Імёны на іншых мовах:
Богданович Адам Егорович (руская); Богданович Адольф Егорович (руская);
5156 сімвалаў
Даведка
У гісторыі Беларусі Адама Ягоравіча Багдановіча часцей згадваюць як бацьку класіка нацыянальнай літаратуры Максіма Багдановіча. І ўсё ж актыўная грамадская і шматгранная навуковая дзейнасць гэтай выдатнай асобы ўяўляе інтарэс сама па сабе. У сям’і А. Багдановіча захоўваліся багатыя народныя традыцыі. Ужо ў дзяцінстве ён праявіў вялікую цікавасць да беларускага фальклору (таленавітай апавядальніцай была бабка Р. К. Осьмак). Веды ў гэтай галіне выкарыстаў пазней у этнаграфічных працах. Многія з іх яшчэ ў той час атрымалі высокую ацэнку вучоных.
Нарадзіўся Адам Ягоравіч у мястэчку Халопенічы Бабруйскага павета (зараз Крупскі раён) у сялянскай сям’і. Першапачатковую адукацыю атрымаў у мясцовай царкоўнапрыходскай школе, дзе выявіў выдатныя здольнасці да навук. Два гады (1874–1876) працаваў памочнікам настаўніка ў Халопенічах. У час навучання ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі (1879–1882) арганізаваў гурток самаразвіцця і самаадукацыі. Пасля паспяховага заканчэння вучобы быў накіраваны на работу ў школу ў в. Пагарэлае Ігуменскага павета (зараз Чэрвеньскі раён). З 1885 па 1891 г. з’яўляўся загадчыкам 1-га гарадскога пачатковага вучылішча ў Мінску. Пасля рэзкага пагаршэння здароўя (захварэў на сухоты) разам з сям’ёй пераехаў у Гродна (1892), дзе паступіў на службу ў мясцовае аддзяленне сялянскага зямельнага банка. Адначасова быў дырэктарам публічнай бібліятэкі. Адам Ягоравіч пастаянна займаўся самаадукацыяй: вывучыў нямецкую, французскую, польскую, лацінскую, грэчаскую і старажытнаяўрэйскую мовы, што дапамагала яму ў навукова-асветніцкай дзейнасці. У 1896 г. пасля смерці першай жонкі (М. А. Мякоты, маці Максіма) быў пераведзены па службе ў Ніжні Ноўгарад, дзе адразу ўвайшоў у кола перадавой мясцовай інтэлігенцыі, пасябраваў з М. Горкім. З 1907 г. жыў у Яраслаўлі. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі прызначаны кіраўніком Яраслаўскага аддзялення сялянскага банка. У 1920–1931 гг. працаваў загадчыкам навуковай бібліятэкі Яраслаўскага дзяржаўнага музея, адначасова выкладаў гісторыю культуры ў мастацкім, музычным і тэатральным тэхнікумах.
У час навучання ў семінарыі А. Багдановіч пачаў актыўна збіраць фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы (запісваў казкі, паданні, легенды, беларускія абрады, звычаі, песні, замовы), частка якіх пазней увайшла ў кнігу П. В. Шэйна “Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края” (т. 1–3, 1887–1902). З 1886 г. займаўся публіцыстычнай дзейнасцю: выступаў з артыкуламі па гісторыі і этнаграфіі, народнай асвеце і зямельным пытанні, рэцэнзіямі і артыкуламі пра навінкі рускай і заходнееўрапейскай літаратуры, тэатральныя пастаноўкі ў газетах “Минские губернские ведомости”, “Минский листок”, “Гродненские губернские ведомости” і інш. У “Минском листке” былі надрукаваны працы “Очерк положения женщин в крестьянской среде Белорусского края” і “Педагогические воззрения белорусского народа” (абедзве 1886). Апублікаваў фальклорна-этнаграфічны нарыс “Про панщину” (1894) і грунтоўнае даследаванне “Пережитки древнего миросозерцания у белорусов” (1895), дзе вялікі фактычны матэрыял, сабраны на тэрыторыях Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў, класіфікаваны ў асобныя раздзелы (перажыткі фетышызму, анімізму, пераўвасабленняў, культу сонца, чараўніцтва і інш). У навуковай працы, якую выдатны этнограф пісаў звыш 10 гадоў, – двухтомнай манаграфіі “Язык земли. Образование водоречных имен и от них происходящих” (не апублікавана) – А. Багдановіч раскрыў сувязь рачной і азёрнай наменклатуры краін Еўропы, Азіі, Паўночнай Афрыкі з глыбокімі этнагенічнымі працэсамі старажытнасці. На тэарэтычнай аснове гэтага даследавання былі створаны яго работы “Этнический состав народов славянских и русских”, “Этнический состав белорусского народа” (захаваліся ў рукапісах) і “Язык земли. Население Верхнего Поволжья, Оки и Камы” (1966). Пісьменніцкі талент А. Багдановіча ў поўнай меры раскрыўся ў аўтабіяграфічных мемуарах “Мои воспоминания” (1965), якія ён пачаў у 1934 г. і працягваў пісаць да канца жыцця. Гэта мастацкі твор і адначасова даследаванне па этнаграфіі, фальклору, народнай асвеце, культуры і сацыялогіі Беларусі другой паловы XIX ст. Адам Багдановіч абраў прынцып храналагічнай падачы падзей, сацыяльна-грамадскія зрухі праілюстраваў зменамі рэалій сялянскага жыцця, найбольш яскрава пры гэтым падаў карціны жыцця сваёй сям’і. Ён аўтар успамінаў пра сына Максіма, М. Горкага, Ф. Шаляпіна. На працягу жыцця вёў шырокую перапіску, адрасатамі былі М. Горкі, Я. Колас, З. Бядуля і інш.
Усё жыццё А. Багдановіч з захапленнем займаўся навуковай працай. Унёс вялікі ўклад у развіццё беларускай навукі, асветы і культуры. Нашчадкі вельмі ўдзячныя яму за зберажэнне творчай спадчыны сына, якую А. Багдановіч перадаў у Інбелкульт, а таксама за “Материалы к биографии Максима Богдановича” (1965). Асабісты архіў і багатая бібліятэка Адама Ягоравіча вельмі пацярпелі ў час пажару ў Яраслаўлі ў 1918 г. Тое, што захавалася, зберагаецца ў Інстытуце мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.