Дата нараджэння: 27.12.1912 Чэрвень, г., Мінская вобласць
Дата смерці: 28.05.1980
Кароткая даведка: народны архітэктар СССР, заслужаны будаўнік Беларусі, правадзейны член Акадэміі мастацтваў СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1968), імем якога названа вуліца ў Мінску
Імёны на іншых мовах: Король Владимир Адамович (руская);
Адметнае месца ў гісторыі беларускай архітэктуры займае Уладзімір Адамавіч Кароль – таленавіты дойлід, выдатны педагог, дзяржаўны дзеяч. З яго іменем звязаны першыя крокі па аднаўленні беларускіх гарадоў, разбураных у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Нарадзіўся У. А. Кароль у Ігумене (цяпер Чэрвень Мінскай вобласці) у сям’і служачага. У 1931 г. скончыў Віцебскі мастацкі тэхнікум. Працоўную дзейнасць пачаў настаўнікам малявання ў адной са школ Дзяржынска Мінскай вобласці. За кароткі тэрмін стаў яе дырэктарам. У 1934 г. паступіў на архітэктурны факультэт Усерасійскай акадэміі мастацтваў у Ленінградзе. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны паспяхова абараніў дыпломны праект і быў залічаны ў аспірантуру. У ліпені 1941 г. уступіў у народнае апалчэнне і як памочнік ваеннага інжынера дывізіі прымаў удзел у абароне блакаднага Ленінграда.
З 1945 г. пачалася актыўная творчая дзейнасць У. А. Караля ў Беларусі. Неабходна было ў цяжкіх умовах разрухі ўзнавіць і развіць будаўнічую базу, стварыць праектныя арганізацыі, вырашыць пытанні па падрыхтоўцы архітэктурных кадраў. Сярод спецыялістаў, якія прыехалі з Масквы, Ленінграда, Кіева і ўзначалілі гэту работу, быў У. А. Кароль. Яго прызначылі кіраўніком архітэктурна-планіровачнай майстэрні інстытута “Белдзяржпраект” і адначасова намеснікам начальніка Упраўлення па справах архітэктуры пры Савеце Народных Камісараў БССР.
У 1946 г. У. А. Кароль (у суаўтарстве з архітэктарамі С. Б. Сперанскім і Н. Я. Трахтэнбергам) распрацаваў праект забудовы цэнтральнай часткі сталіцы, які быў задуманы як комплекс архітэктурных ансамбляў. Творчая праца актыўна працягвалася ў 1947–1948 гг. У конкурсе на рашэнне Цэнтральнай (цяпер Кастрычніцкай) плошчы Мінска адным з лепшых быў прызнаны праект, распрацаваны групай архітэктараў у складзе Г. П. Баданава, У. А. Караля, М. С. Асмалоўскага, М. П. Паруснікава. Уладзімір Адамавіч удзельнічаў у праектаванні другой чаргі Ленінскага праспекта (цяпер праспект Незалежнасці) ад плошчы Перамогі да плошчы Калініна. У 1968 г. групе архітэктараў за стварэнне ансамбля праспекта была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР. Сярод лаўрэатаў быў і У. А. Кароль.
Шмат увагі ў сваёй творчасці архітэктар удзяляў праектаванню асобных збудаванняў. Помнікамі беларускай архітэктуры 1940–50-х гг. з’яўляюцца будынкі Галоўнага паштамта і Цэнтральнага тэлеграфа (цяпер Белтэлекам) у Мінску (абодва ў суаўтарстве з А. Р. Духанам). Неад’емнай часткай у ансамблі праспекта Незалежнасці і плошчы Перамогі стаў манумент Перамогі, узведзены па праекце У. А. Караля і Г. У. Заборскага (скульптары З. І. Азгур, А. А. Бембель, А. К. Глебаў, С. І. Селіханаў). Уладзімір Адамавіч быў таксама адным з аўтараў Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”.
Веданне справы, арганізатарскія здольнасці У. А. Караля былі заўважаны, і ў 1955 г. ён узначаліў Дзяржаўны камітэт БССР па справах будаўніцтва. Знаходзячыся на гэтым адказным пасту, актыўна ажыццяўляў дзяржаўную будаўнічую палітыку ў рэспубліцы, удзельнічаў у развіцці індустрыяльнага будаўніцтва. Яго часта можна было ўбачыць у архітэктурных майстэрнях праектных арганізацый, на будаўнічых пляцоўках азотна-тукавага камбіната ў Гродне, у новых жылых кварталах горада беларускіх шахцёраў Салігорска, горадзе беларускіх нафтавікоў, мікрараёнах сталіцы.
Творчую і дзяржаўную работу У. А. Кароль спалучаў з грамадскай і навукова-педагагічнай дзейнасцю. Член-карэспандэнт Акадэміі будаўніцтва і архітэктуры СССР, дацэнт кафедры архітэктуры Беларускага політэхнічнага інстытута, ён шмат увагі надаваў падрыхтоўцы навуковых кадраў рэспублікі. Як член праўленняў Саюзаў архітэктараў СССР і БССР садзейнічаў далейшаму росту творчай актыўнасці архітэктараў.
Пра разнастайнасць навуковых інтарэсаў У. А. Караля сведчаць артыкулы ў перыядычным друку, асобныя манаграфіі, рэцэнзіі і даклады па пытаннях архітэктуры. Шматгранная дзейнасць Уладзіміра Адамавіча неаднаразова адзначалася ўрадавымі ўзнагародамі, медалямі, ганаровымі граматамі. Адна з вуліц Мінска названа яго іменем.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.