Выдатны знаўца роднага слова і незлічонай колькасці народных прыказак, прымавак, крылатых выслоўяў і фразеалагізмаў, Міхась Аляксандравіч Скрыпка, нарадзіўся ў в. Месцін Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер в. Месціна Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. Рана застаўся сіратой, выхоўваўся ў родных. З-за палітычных абставін таго часу (Першая сусветная вайна, Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі, грамадзянская вайна) школу скончыў толькі ў 19 гадоў. Пасля заканчэння Рагачоўскага педагагічнага тэхнікума ў 1930 г. ён працаваў настаўнікам у Рыскоўскай сямігадовай школе. У 1940 г. завочна скончыў літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага.
У Вялікую Айчынную вайну М. Скрыпка актыўна ўдзельнічаў у падпольным руху: расклейваў лістоўкі, збіраў зброю для партызан, пераказваў змест зводак Саўінфармбюро насельніцтву, рыхтаваў моладзь да пераходу ў партызанскія атрады. У час адной з партызанскіх аперацый пры выхадзе з акружэння быў захоплены немцамі і накіраваны ў канцлагер «Штатгарт» (Германія). Толькі ў 1944 г., калі савецкія войскі былі ўжо у Польшчы, яму ўдалося ўцячы з палону. У 1944–1945 гг. служыў у Чырвонай Арміі, займаўся рэпатрыяцыяй вывезеных у Германію людзей. Пасля вайны настаўнічаў у школах Магілёўшчыны і Міншчыны. У 1965–1971 гг. М. Скрыпка працаваў намеснікам дырэктара Бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюза пісьменнікаў БССР.
Пісаць ён пачаў яшчэ ў 1924 г., калі вучыўся ў Багушэвіцкай сямігодцы. Вершы М. Скрыпкі ўпершыню з’явіліся ў друку ў 1927 г., але сур’ёзнай літаратурнай працай ён заняўся толькі ў пасляваенны час. У 1958 г. выдаў першы зборнік баек, вершаў і мініяцюр «Сатыра і гумар». Пісаў таксама аповесці, апавяданні і гумарэскі. Былі выдадзены зборнікі «Мая хата не з краю» (1959), «Пад корань» (1962), «Усяк бывае…» (1963), «Шануючы вас» (1982), «Злазьце – прыехалі!» (1985), кніжка антырэлігійных нарысаў «Сцеражыцеся цемрашалаў!» (1964) і інш. У 1977 г. выйшлі выбраныя творы пісьменніка «І з перцам і з сэрцам». Дзецям адрасаваны кніга апавяданняў «Дзіва ў рэшаце» (1963), зборнікі вершаў «Пад смешнай вясёлкай» (1971), «Дзіва ў кошыку» (1983).
Выступаў М. Скрыпка і як драматург. Напісаў сцэнарый кароткаметражнай тэлекамедыі «Акадэмік» (пастаўлена ў 1963 г.). З’яўляецца аўтарам звыш трыццаці аднаактовых п’ес, камедый для мастацкай самадзейнасці: «Дадому» (1958), «Тэлеграма» (1959), «Землякі» (1962), «Чорт дапамог» (1963), «Навагодняя сустрэча» (1963), «Небяспечны госць» (1964), «На сваю галаву» (1966) і інш. Міхась Скрыпка – пісьменнік выразнай грамадзянскай пазіцыі. Ён паказваў у сваіх творах жыццё простых людзей з іх надзённымі праблемамі і пытаннямі, актыўна выступаў супраць зла, у якой бы форме ці абліччы яно не выступала, удала ствараў адмоўныя сацыяльныя тыпы і маральна знішчаў іх. Шэраг баек, гумарэсак, пародый і сёння не страцілі актуальнасці, а некаторыя з іх вывучаюцца ў школе. Таксама М. Скрыпка займаўся перакладамі на беларускую мову асобных твораў рускіх і ўкраінскіх паэтаў (А. Твардоўскага, С. Маршака, С. Міхалкова, А. Барто, С. Алейніка, А. Вішні, П. Глазавога і інш.).
Творчасць пісьменніка была адзначана некалькімі ўзнагародамі. Тройчы яму прысуджаліся прэміі за лепшае апавяданне на конкурсах газет «Звязда», «Чырвоная змена» і «Мінская праўда». У 1985 г. ён атрымаў прэмію за камедыю «Прыгоды Патапкі» на конкурсе Міністэрства культуры БССР. Быў узнагароджаны дзвюма ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г.