Дата нараджэння:
04.02.1808 Панюшкавічы, фальв., Бабруйскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерці:
29.12.1884
Кароткая даведка:
паэт, драматург, тэатральны дзеяч, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, заснавальнік нацыянальнай драматургіі і тэатра, асветнік
Псеўданімы:
Войт Навум; Приговорка Наум; Прыгаворка Навум
Варыянты імя:
Дунін-Марцінкевіч Вікенцій Іванавіч; Дунін-Марцінкевіч Вінцук
Імёны на іншых мовах:
Дунин-Марцинкевич Викентий Иванович (руская); Дунин-Марцинкевич Винцент (руская); Дунин-Марцинкевич Винцук (руская);
7650 сімвалаў
Даведка
У гісторыі беларускай нацыянальнай культуры Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу належыць выключна важнае месца – сваёй шматграннай дзейнасцю ён вызначыў цэлую эпоху ў працэсе нацыянальнага адраджэння. Як драматург, паэт, тэатральны дзеяч, асветнік ён зрабіў вялікі ўплыў на станаўленне і развіццё новага беларускага пісьменства і сцэнічнага мастацтва. Менавіта яму было наканавана закладваць падмурак, а ў галіне драматургіі і паэзіі ўзводзіць даволі высокія гмахі новай беларускай культуры. І сярод іншых яе працаўнікоў і дзеячаў ХІХ ст. на гэтай ніве постаць Дуніна-Марцінкевіча ўздымаецца асабліва высока.
Нарадзіўся Вінцэнт (Вікенцій Іванавіч) Дунін-Марцінкевіч у фальварку Панюшкавічы Бабруйскага павета Мінскай губерні ў шляхецкай сям'і. Пасля заканчэння Бабруйскага павятовага вучылішча і Віленскай базыльянскай бурсы паступіў на медыцынскі факультэт Пецярбургскага (па іншых звестках Віленскага ўніверсітэта), але вымушаны быў спыніць вучобу з прычыны хваробы. Служыў чыноўнікам у Мінскім крымінальным судзе, перакладчыкам у Мінскай кансісторыі. У 1840 г. В. Дунін-Марцінкевіч пакінуў службу, набыў невялікі фальварак Люцынка каля Івянца (зараз Валожынскі раён), які стаў для яго месцам сталага жыхарства да канца дзён. З гэтага часу і пачынаецца сур'ёзная літаратурная праца пісьменніка. Пісаў адначасова на дзвюх мовах – польскай і беларускай, прычым даволі часта друкаваў польскія і беларускія творы ў адным зборніку і заўсёды заставаўся нязменным патрыётам роднага краю.
Шмат яскравых старонак упісаў Дунін-Марцінкевіч у тэатральна-мастацкую спадчыну нашага народа. Захапленне тэатрам прыйшло вельмі рана, яшчэ ў тую пару, калі ён жыў у Пецярбургу і Вільні. Не прапускаў ніводнага спектакля і ў Мінску. Мабыць, з гэтага глядацкага захаплення і пачаўся Марцінкевіч-драматург, рэжысёр, акцёр. Пад уплывам спектакляў рускіх і польскіх труп у яго нарадзілася думка стварыць свой, адметны, беларускі тэатр. Намаганнямі Дуніна-Марцінкевіча быў створаны першы беларускі тэатральны калектыў. У гісторыю беларускай культуры ён ўвайшоў пад назвай “Драматургічны гурток Дуніна-Марцінкевіча”. У пабудове свайго тэатра мастак ішоў ад народных форм сцэнічнага мастацтва – прадстаўленняў скамарохаў, батлейкі, школьнага тэатра, народнай драмы, надаючы ім якасна новае праламленне. Яго тэатр спалучаў у сабе розныя віды сцэнічнай творчасці – драматычную, музычную, вакальную, танцавальную. Тэатральныя пачынанні далі плён. У трупу тэатра Дуніна-Марцінкевіча ўваходзіла ўся сям’я пісьменніка, суседзі, вучні мясцовай школы, знаёмыя і сяляне. Тэатр выступаў пераважна ў фальварку Люцынка. Рэпертуар складаўся з п’ес, напісаных самім драматургам. Тэатр быў сінтэтычным і абагульняў у сабе розныя віды сцэнічнай творчасці: оперу, балет, драму. Звесткі пра тэатральную дзейнасць В. Дуніна-Марцінкевіча даюць падставу лічыць яго маёнтак Люцынку адным з цэнтраў беларускай культуры, а тэатр, створаны кіпучай энергіяй пісьменніка, – першым нацыянальным беларускім тэатрам.
Самымі плённымі ў яго тэатральна-драматургічнай дзейнасці былі 1840–1850-я гады. Раннія творы – лібрэта да аперэт “Чарадзейная вада”, “Спаборніцтва музыкаў”, “Рэкруцкі яўрэйскі набор” – да нас не дайшлі, засталіся толькі рэцэнзіі на пастаўленыя па іх спектаклі. Аперэта “Рэкруцкі яўрэйскі набор” была пастаўлена ў 1841 г. у гарадскім тэатры Мінска. В. Дунін-Марцінкевіч быў не толькі ініцыятарам пастаноўкі, але і выканаўцам адной з роляў. Музыку да аперэты напісаў С. Манюшка, які жыў тады ў Мінску.
9 лютага 1852 г. на сцэне Мінскага гарадскога тэатра адбылася прэм’ера камічнай оперы “Сялянка” (“Ідылія”), і на тэатральных падмостках адкрыта прагучала беларускае слова. Гэты своеасаблівы оперна-драматычны твор быў напісаны ў 1842–1844 гг. і з вялікімі намаганнямі ў 1846 г. надрукаваны. Пастаноўка оперы на сцэне прынесла тое, чаго не зрабіла кніжнае выданне: яна атрымала шырокі грамадскі водгук у друку і ашаламляльны поспех у гледачоў. Усе ўдзельнікі прадэманстравалі выдатныя выканальніцкія здольнасці і ў драме, і ў спевах, і ў танцы. Найбольшае ўражанне выклікала гульня самога Дуніна-Марцінкевіча, які выступіў у ролі войта Навума Прыгаворкі. На жаль, першае адкрытае прадстаўленне “Сялянкі” аказалася і апошнім. З боку афіцыйных улад катэгарычна забараняліся выступленні на “простанароднай мове” (шляхта гаварыла па-польску, сяляне — па-беларуску). Фактычна забаранялася і дзейнасць тэатра, мэтай якога якраз і было несці са сцэны жывое беларускае слова. Аднак пастаўленая па-за законам “Сялянка” працягвала жыць. Трупа давала спектаклі нелегальна на прыватных кватэрах у Глуску, Слуцку, Бабруйску, Мінску. “Сялянка” небеспадстаўна лічыцца першай беларускай операй. Тэорыі гэта азначэнне не супярэчыць, таму што твор сапраўды насычаны опернымі элементамі. У ім шырока ўжываюцца арыі, дуэты, квартэты, хары. Змястоўнасцю вылучаюцца танцавальныя нумары. Аднак абмежаваць “Сялянку” рамкамі звычайнага опернага лібрэта значыла б звузіць мастацкі сэнс і значэнне гэтага твора, раскрыццё якіх шмат у чым залежыць ад пераканаўчасці драматычных сцэн. Увядзенне на тэатральныя падмосткі сялянства – адна з галоўных рыс камедыі Дуніна-Марцінкевіча, што вылучае яе сярод твораў славянскіх папярэднікаў і сучаснікаў пісьменніка. У гэтым – наватарства Марцінкевіча-драматурга.
1863–1864 гг. у творчай біяграфіі пісьменніка былі надзвычай складаныя і драматычныя. У час паўстання паліцыя прыпісвала яму аўтарства антыўрадавых выданняў. Ссылка дачкі Камілы, арышт самога В. Дуніна-Марцінкевіча, грашовыя штрафы, строгі нагляд паліцыі пасля вызвалення з турмы – усё гэта вялікім цяжарам навалілася на пісьменніка.
У 1866 г. В. Дунін-Марцінкевіч напісаў “Пінскую шляхту” – аднаактовую камедыю, у якой талент аўтара праявіўся яшчэ з большай і новай сілай. У жанравых адносінах яна блізкая да фарса-вадэвіля: тут многа сцэн камедыйна-бытавога плана, а дзеянне нярэдка суправаджаецца спевамі і танцамі. Аўтару належыць прыярытэт у распрацоўцы гэтага жанру ў беларускай літаратуры. Камедыя “Пінская шляхта” прысвечана выкрыццю нікчэмнай, паразітычнай сутнасці існавання чыноўнікаў. Сатырычнае завастрэнне вобразаў чыноўнікаў, гіпербалізацыя адмоўных рыс характару дасягаецца шляхам падкрэслівання як знешніх партрэтных рыс, так і адпаведных моўных дэталей, жэстаў, рэплік. Камедыя “Пінская шляхта” ўвайшла ў залаты фонд айчыннай сатырычнай камедыяграфіі.
Тонкае адчуванне рэчаіснасці праявілася і ў наступнай п’есе В. Дуніна-Марцінкевіча – камедыі “Залёты” (1870), апошнім вядомым творы пісьменніка. З драматычнай напружанасцю аўтар перадаў характар тых сацыяльных перамен, якія адбываліся ў парэформеннай вёсцы. Лёс п’ес “Пінская шляхта” і “Залёты” аказаўся надзвычай драматычным. Доўгім і пакутлівым шляхам ішлі яны да гледачоў. Абедзве апублікаваны толькі ў 1918 г.
Дунін-Марцінкевіч пісаў таксама вершаваныя апавяданні, аповесці, балады (“Гапон”, “Вечарніцы”, “Купала”, “Травіца брат-сястрыца”, “Шчароўскія дажынкі”, “Быліцы, расказы Навума”, “Халімон на каранацыі”). Паэт шырока выкарыстоўваў фальклорныя вобразы і матывы, а таксама народныя песні, прыпеўкі, прыказкі, прымаўкі. У сваіх творах пісьменнік праяўляў схільнасць да камедыйна-сатырычнага жанру.
Дзейнасць і творчасць В. Дуніна-Марцінкевіча вызначыла якасна новы этап у гісторыі нацыянальнай культуры. Зерне, пасеянае ім на ніве асветніцтва, літаратуры і мастацтва, прабілася і дало новыя ўсходы. Творы пісьменніка засведчылі пераход ад фальклорных і ананімных форм да сталай прафесіянальнай творчасці. В. Дунін-Марцінкевіч па праву носіць імя пачынальніка новай беларускай літаратуры, прафесіянальнай драматургіі, тэатра.
Матэрыял падрыхтаваныў 2007 г., актуалізаваны ў 2011 г.