Гартны Цішка (сапраўднае імя Жылуновіч Зміцер Хведаравіч)
Дата нараджэння:
04.11.1887 Капыль, г., Мінская вобласць
Дата смерці:
11.04.1937 Магілёў, г.
Кароткая даведка:
пісьменнік, публіцыст, гісторык, акадэмік НАН Беларусі, грамадскі і дзяржаўны дзеяч Беларусі, удзельнік рэвалюцыі 1905–1907 гг., грамадзянскай вайны
Чалавек шырокага творчага дыяпазону: паэт, празаік, драматург, публіцыст, літаратуразнаўца, крытык, Цішка Гартны (Зміцер Хведаравіч Жылуновіч) назаўсёды ўвайшоў у гісторыю беларускай літаратуры. Ён рана далучыўся да рэвалюцыйнага руху, у больш сталыя гады займаў розныя пасады ў партыйна-дзяржаўнай структуры.
Нарадзіўся Цішка Гартны ў мястэчку Капыль (зараз горад) у сям’і беззямельных сялян. Ад бацькі ён навучыўся добра чытаць па-стараславянску. У 1905 г. скончыў Капыльскае двухкласнае вучылішча. Вучоба ў хатніх настаўнікаў, актыўная самаадукацыя таксама паспрыялі набыццю каштоўных ведаў. З юнацкіх гадоў Ц. Гартнага суправаджала цяжкая праца. Быў гарбаром-пасадчыкам у родным мястэчку; у 1909–1913 гг. у пошуках работы аб’ездзіў гарады Беларусі, Латвіі, Літвы, Украіны, Расіі; у 1913 г. працаваў фрэзероўшчыкам на заводзе “Вулкан” (Пецярбург). У 1914 г. з дапамогай сяброў уладкаваўся ў выдавецтва “Новый человек”, дзе два гады працаваў экспедытарам, а затым бухгалтарам. 1 лістапада 1916 г. Ц. Гартны пачаў выдаваць у Пецярбургу газету “Дзянніца” (праз два гады стаў яе рэдактарам). У 1918 г. Ц. Гартны – адказны сакратар Беларускага Нацыянальнага Камісарыята пры ўрадзе РСФСР. Ва ўсіх складаных палітычных сітуацыях ён настойліва абараняў інтарэсы і годнасць беларускага народа. З 1 студзеня 1919 г. на працягу месяца Ц. Гартны быў старшынёй Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі. У 1919–1920 гг. ён – сакратар газеты “Красная звязда” (Харкаў). З 1920 г. – рэдактар газеты “Савецкая Беларусь”, з 1921 г. – часопіса “Полымя”. Узначальваў Дзяржаўнае выдавецтва БССР, быў намеснікам Наркома асветы БССР, членам калегіі Інстытута гісторыі АН Беларусі, дырэктарам Беларускага дзяржаўнага архіва. У 1936 г. Ц. Гартны быў арыштаваны. Рэабілітаваны толькі ў 1988 г.
Сапраўдная літаратурная дзейнасць Ц. Гартнага пачалася ў 1908 г. Свае вершы ён падпісваў псеўданімамі Шулятнік, Капылянін, Сымон Друк, Авадзень і іншымі, але ў гісторыю беларускай літаратуры ўвайшоў як Цішка Гартны. Вялікае ўздзеянне на маладога аўтара аказала паэзія М. Някрасава. Праз газету “Наша ніва” Ц. Гартны пазнаёміўся з вершамі Я. Купалы і Я. Коласа. Першы друкаваны верш “Бяздольны”, прысвечаны Я. Купалу, пабачыў свет у 1909 г. У 1913 г. у Пецярбургу выйшаў зборнік паэзіі “Песні”, які складаўся з трох раздзелаў: “Песні працы”, “Песні кахання” і “Жальбы і жаданні”. Працу Ц. Гартны лічыў першай умовай духоўнага жыцця. Сярод рэалістычных вершаў пра нядолю і бязвыхаднасць сялянскага жыцця сустракаюцца і вершы элегічнага плана, герой якіх сумуе па маладосці: “Дзе вы, гады маладыя…”, “Думкі прэч”, “Да кляніны” і інш. Да пецярбургскага перыяду адносяцца і паэмы “Капыль” (1914), “Паэт, маці і муза” (1915) – раннія вопыты ў жанры лірычнага эпасу. У першай з іх шырока выкарыстоўваюцца фальклорны і гістарычны матэрыял, рамантычная вобразнасць. Факты асабістага жыцця паэт умела спалучыў з грамадскімі з’явамі. У другой паэме аўтар вызначыў сваё паэтычнае крэда: назваў сваю музу “музай змагання”, падкрэсліўшы тым самым сілу паэзіі, яе непарыўную сувязь з жыццём і барацьбой народа. Другі зборнік вершаў “Песні працы і змагання” (1922) тэматычна працягвае матывы першага. Значнае месца ў кнізе займаюць творы, напісаныя да 1917 г. Многім з іх уласцівы элементы публіцыстычнай рыторыкі, лозунгі. У наступным зборніку “Урачыстасць” (1925) шмат меладычных твораў: “Мая душа”, “Я жыву”, “Сімфонія”, “Белым матылёчкам”. У вершах, аб’яднаных у цыкле “Урачыстасць жыцця”, Ц. Гартны раскрываецца як тонкі лірык з багатым светаўспрыманнем, здольнасцю заўважаць хараство навакольнага свету. У трэцім зборніку аўтар адлюстраваў рысы чалавека новай эпохі, які прагне ведаў і імкнецца да перабудовы свету. Ц. Гартны выступаў і ў жанры сатырычнага верша, байкі, фельетона: “Пан, якіх многа”, “Папоўскія гадкі”, “Сымон-пан”, “Бог памагае” і інш.
Найбольш ярка талент Ц. Гартнага як мастака слова выявіўся ў прозе. Ён спрабаваў свае сілы ў розных формах эпічнага жанру: пісаў нататкі, нарысы, абразкі, навуковыя публікацыі, апавяданні, аповесці, раманы. У першых апавяданнях пісьменніка на роднай мове “На ўсходзе сонца”, “Думкі”, “Адвячоркам”, “Думка беларуса” і іншых перададзены глыбокія душэўныя перажыванні герояў, іх роздум над уласным лёсам і лёсам блізкіх людзей. У апавяданнях 1918 г. (сказах, як называў іх сам Ц. Гартны) паказана суровая рэчаіснасць, напоўненая драматызмам сацыяльных канфліктаў. Усе апавяданні аўтара аб’яднаны ў зборнікі “Трэскі на хвалях” (1924) і “Прысады” (1927). Рэвалюцыя, Грамадзянская вайна, цяжкія выпрабаванні ў гады акупацыі – галоўныя тэмы зборніка “Трэскі на хвалях”. Кніга “Прысады” сведчыла пра глыбокае пранікненне пісьменніка ў псіхалогію людзей. У канцы 1920-х – пачатку 1930-х гг. Ц. Гартны напісаў шэраг твораў, прысвечаных рабочаму класу. Яны ўвайшлі ў зборнікі “Гоман зарніц” і “Наступ на горны” (абодва 1932). Значнай з’явай у беларускай прозе лічыцца раман Ц. Гартнага “Сокі цаліны” (1914–1929), які складаецца з 4-х кніг: “Бацькава воля”, “На перагібе”, “Крыжавыя дарогі”, “Чырвоныя зарніцы”. Ён вызначаецца шырокім ахопам жыццёвых з’яў, разнастайнымі чалавечымі характарамі і лічыцца першым беларускім сацыяльным раманам. У рамане “Перагуды” (1935) пісьменнік паказаў вёску ў перыяд калектывізацыі. Ц. Гартны з’яўляецца таксама аўтарам п’ес “Хвалі жыцця”, “Сацыялістка”, “На стыку”, “Дзве сілы”. Займаўся таксама мастацкім перакладам – у 1932 г. у яго перакладзе выйшаў раман А. Фадзеева “Апошні з Удэге”. Пісаў літаратуразнаўчыя даследаванні творчасці Я. Купалы, Я. Коласа, М. Чарота і іншых (зборнік “Узгоркі і нізіны”, 1928). Творчая спадчына Ц. Гартнага прываблівае сваёй самабытнасцю. Ён шмат зрабіў для развіцця беларускага кнігадрукавання, перыядычнага друку, асветы і навукі.