Дата нараджэння:
28.06.1922 Сіцянец, в., Салігорскі раён, Мінская вобласць
Дата смерці:
23.05.2004
Кароткая даведка:
пісьменнік, крытык, літаратуразнавец, даследчык творчасці З. Бядулі, П. Глебкі, Я. Коласа, К. Чорнага, А. Гурло і інш.
Псеўданімы:
Лебедзеў З.
Імёны на іншых мовах:
Кудрявцев Иван Фёдорович (руская);
2253 сімвалы
Даведка
Адметнае месца ў беларускай культуры і літаратуры належыць Івану Фёдаравічу Кудраўцаву – вядомаму крытыку, літаратуразнаўцу, таленавітаму празаіку, педагогу.
Ён нарадзіўся ў в. Сыцянец Салігорскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям'і. Пасля заканчэння Старобінскай сярэдняй школы паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, эвакуіраваўся ў Мардоўскую АССР. Працаваў настаўнікам у Саранскім раёне. У лютым 1942 г. быў прызваны ў Чырвоную Армію. Удзельнічаў у баях на Заходнім, Варонежскім, 1-м і 2-м Прыбалтыйскіх і Ленінградскім франтах. Пасля дэмабілізацыі ў лістападзе 1945 г. вярнуўся ў Мінск, дзе працягваў вучобу ва ўніверсітэце, які скончыў у 1948 г. Займаўся завочна ў аспірантуры і ў 1954 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Идеи и образы в творчестве Кузьмы Чорного». Працаваў літаратурным супрацоўнікам, загадчыкам аддзела ў рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва» (1947–1955), адказным сакратаром часопіса «Беларусь» (1955–1965), старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута педагогікі Міністэрства асветы БССР (1965–1970), загадчыкам літаратурнай часткі Беларускай дзяржаўнай філармоніі (1971–1974). З 1975 па 1988 г. з'яўляўся навуковым супрацоўнікам Інстытута мастацтва, этнаграфіі і фальклору АН БССР. У 1988 г. выйшаў на пенсію. Іван Фёдаравіч Кудраўцаў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, медалямі, граматамі Вярхоўнага Савета БССР.
Друкавацца І. Кудраўцаў пачаў у 1947 г. Выступаў у перыядычных выданнях з рэцэнзіямі і крытычнымі артыкуламі, даследаваў жыццё і творчасць К. Чорнага, Я. Коласа, З. Бядулі, П. Глебкі, А. Гурло і інш. У 1950 г. быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў БССР. Ён з'яўляецца аўтарам манаграфіі «Кузьма Чорны: ідэі і вобразы ў творчасці» (1956, 2-е выд. 1962), літаратуразнаўчага нарыса «Кузьма Чорны: жыццё і творчасць» (1968), склаў з У. Агіевічам падручнікі «Кніга для чытання ў 2 класе школ рабочай і сельскай моладзі» (1952), «Кніга для чытання ў 3 класе школ рабочай і сельскай моладзі (1952). Напісаў раман «Разгневаная зямля» (1984) і кнігу ўспамінаў «Мая вайна: з памяці здабытае» (2002), у якіх адлюстраваны падзеі Вялікай Айчыннай вайны.