Дата нараджэння:
01.01.1932 Давыдавічы, в., Калінкавіцкі раён, Гомельская вобласць
Дата смерці:
17.11.2018
Кароткая даведка:
пісьменнік, перакладчык
Імёны на іншых мовах:
Коршуков Евгений Иванович (руская);
2309 сімвалаў
Даведка
Яўген Іванавіч Каршукоў нарадзіўся ў вёсцы Давыдавічы Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці ў настаўніцкай сям’і. Дзіцём перажыў цяжкія гады акупацыі. У 1951 г. закончыў сярэднюю школу і паступіў на аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння вучобы вярнуўся на Гомельшчыну, працаваў у акцябрскай і веткаўскай раённых газетах, шматтыражцы трыкатажнай фабрыкі “8 Сакавіка”, на Гомельскай студыі тэлебачання.
У 1971 г. Яўген Каршукоў быў прызначаны загадчыкам аддзела літаратуры газеты “Літаратура і мастацтва”, у 1975 г. стаў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса “Вожык”, у 1980–1989 гг. з’яўляўся галоўным рэдактарам выдавецтва “Юнацтва”. Шмат гадоў працаваў у апараце Саюза пісьменнікаў БССР. З 2005 г. кіраваў ваенна-мастацкай студыяй пісьменнікаў Цэнтральнага Дома афіцэраў у Мінску, узначальваў рэдакцыйны савет літаратурна-мастацкага альманаха “Армия и культура”.
Свой першы вершаваны фельетон “Лазня” Яўген Каршукоў напісаў для калгаснай газеты па просьбе настаўніка літаратуры. Яго ж чытаў членам прыёмнай камісіі на ўступных экзаменах у БДУ. Друкавацца Яўген Каршукоў пачаў з 1955 г. Першая кніга апавяданняў “У дарогу” выйшла ў 1963 г. Затым былі надрукаваны зборнікі апавяданняў і аповесцяў: “Не без таго…” (1967), “Сустрэча” (1969), “Бывай, кампанія!”(1977), “Перад Новым годам” (1980), “Пісьмо жонцы” (1982), “І надыходзіць дзень” (1982), “Надвячоркам” (1992), кнігі для дзяцей “Змоўшчыкі” (1975), “Пасланне нашчадкам” (1987), “Васька” (1992). Яўген Каршукоў найбольш вядомы як гумарыст і сатырык. Акрамя гумарыстычных кніжак, надрукаваных у бібліятэчцы часопіса “Вожык”, у кожным зборніку прозы добрая палова старонак адведзена смеху. У сваіх творах аўтар высмейваў хапуг, выпівох, нядбайных бацькоў, сварлівых жонак, кіраўнікоў невысокага ўзроўню.
У 2008 г. выйшаў зборнік лірычных вершаў Яўгена Каршукова “Над вечным Бугам” упэўнена заявіў аб сябе як паэт-лірык. За паэму “Над Бугам” ён быў узнагароджаны прэміяй Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры.
Чытачам Яўген Каршукоў вядомы і як перакладчык з рускай, украінскай, славацкай і польскай моў. Са славацкай ім перакладзены раман Р. Морыц “Выбух” (1984), зборнікі апавяданняў “Апошні вераснёвы дзень” (1982), “Разбуджаны голас” (1988).