Міхась Калачынскі нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў піянерважатым, быў супрацоўнікам крупскай раённай газеты “Голас калгасніка”. Таленавітага юнака накіравалі ў Мінск на курсы пры Камуністычным інстытуце журналістыкі імя С.М. Кірава, пасля заканчэння якіх (1936) ён працаваў кансультантам, а потым адказным сакратаром газеты “Літаратура і мастацтва”. Менавіта з гэтага часу і пачалася плённая літаратурная праца Міхася Калачынскага. Праз пэўны час яе давялося спалучаць з нялёгкімі ваеннымі буднямі ў час савецка-фінляндскай і Вялікай Айчыннай войн. Пасля заканчэння вайны Міхась Калачынскі займаў розныя пасады ў рэдакцыях армейскіх газет, пасля дэмабілізацыі быў галоўным рэдактарам альманаха “Советская Отчизна” (цяпер – часопіс Нёман), амаль дваццаць гадоў узначальваў часопіс “Беларусь”.
Свае першыя верш паэт апублікаваў у 1932 г. у часопісе “Іскры Ільіча”. У даваенны час Міхась Калачынскі пісаў аб індустрыялізацыі і калектывізацыі, выхаванні новага чалавека, гераічнай абароне сацыялістычных заваёў, выдаў дзве ккіжкі для дзяцей: “Косця-чэкіст” (1938) і “Пакет” (1939). Свой першы зборнік паэт прысвяціў падзеям савецка-фінляндскай вайны, куды ўвайшлі вершы “Ён вернецца…”, “Лінія сутыкнення”, “Перабежчык”, “Раскуты”, аднак гранкі кнігі былі знішчаны ў час бамбардзіроўкі Мінска ў чэрвені 1941 г. Новыя кнігі Міхася Калачынскага сталі з’яўляцца ў мірны час: “Сонца ў блакіце” (1949), “У вялікім паходзе” (1952), “Прыпар” (1956), “Сосны і дзюны” (1960), “Гронка рабіны” (1964), “Паясы” (1968), “Докшыцкі каравай” (1974), “Кніга дружбы” (1975), “Суквецце” (1977), “Ля берагоў запаветных” (1983). Вобразы, уражанні, дэталі вайны і ваеннага побыту назаўсёды ўвайшлі ў творчы арсенал Калачынскага-лірыка:
На ўсход раптоўна рынула вайна,
І забраталі бежанцаў дарогі.
Брыдуць, брыдуць, а збажына
Людзям з жальбою кланяецца ў ногі…
Вядома, творчы абсяг паэта не абмяжоўваўся толькі ваеннай тэматыкай. Ён адгукаўся на жывы рух жыцця, пісаў аб мірнай стваральнай працы народа. Міхась Калачынскі заўважае і хараство чалавечых спраў, і жывы росквіт яблыневай квецені, і полымя рабінавых гронак. Яго творы пра многае могуць сказаць і чытачу, за плячыма якога такі ж складаны жыццёвы шлях, і маладому чалавеку, што праз паэтычныя формулы імкнецца разгадаць складанасць і прыгажосць жыцця.
Плённа працаваў паэт і на ніве дзіцячай літаратуры. У розныя гады з-пад яго пяра выходзяць кнігі “Насустрач жыццю” (1951), “На лясным паўстанку” (1955), “Прыгоды Патапкі” (1958), “Лясныя казкі” (1967), “За палямі, за лясамі” (1969), “Мая мазаіка” (1971), “Рэха зямлі” (1978), “Снежная казка” (1986). Творы Міхася Калачынскага выдаваліся на рускай, украінскай, латышскай, літоўскай, польскай і англійскай мовах. Шэраг вершаў паэта пакладзены на музыку Мікалаем Аладавым, Рыгорам Пукстам, Юрыем Семянякам, Аляксеем Туранковым і інш.
Міхась Калачынскі працаваў і ў галіне мастацкага перакладу. На беларускай мове была надрукавана “Паэма братэрства” Э. Межалайціса (1958, з А. Вялюгіным), асобныя вершы М. Бажана, М. Джаліля, А. Малышкі, А. Пракоф’ева, М. Рыльскага, У. Сасюры, Я. Смелякова, П. Тычыны, С. Ясеніна і інш. Па яго сцэнарыях пастаўлены дакументальныя “Утро жизни” (1960), “Первоклассники” (1962), “Встреча друзей” (1963), “Поступь Белоруссии”, “Сказ о садоводе” (1964).
Міхась Калачынскі – паэт самабытнага таленту, высокага грамадзянскага гучання. Няўрымслівы змагар за народныя ідэалы, ён напаўняў свае творы шчырым святлом любові да Радзімы, да чалавека працы. Паэт узнагароджаны ордэнамі «Знак Пашаны», Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны II ступені, медалямі, у 1974 г. атрымаў ганаровае званне “Заслужаны работнік культуры Беларусі”.
Матэрыял падрыхтаваны ў 1996 г., актуалізаваны ў 2020 г.