Алесь (Аляксандр Кандратавіч) Гурло заявіў пра сябе ў беларускай літаратуры ў пачатку ХХ ст. Паэзія яго цесна спалучалася з біяграфіяй, часам, падзеямі, у якіх прымаў удзел.
Нарадзіўся А. Гурло ў мястэчку Капыль Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер г. Капыль Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. З малых гадоў яму давялося самастойна зарабляць на хлеб. У 1908 г. скончыў Капыльскае двухкласнае вучылішча. У гэты перыяд А. Гурло займаўся самаадукацыяй, захапляўся паэзіяй класікаў рускай літаратуры, творамі Я. Коласа, Я. Купалы, М. Багдановіча. Працаваў рабочым на лесапільні, дзе пачалі фарміравацца яго палітычныя погляды. У 1909 г. уступіў у рады Капыльскай арганізацыі РСДРП, праводзіў агітацыйную работу сярод сялян, удзельнічаў у выданні рукапісных часопісаў «Заря», «Голос низа», «Вольная думка». Далейшы лёс А. Гурло быў звязаны з Санкт-Пецярбургам, дзе ўладкаваўся на работу на ліцейны завод «Вулкан». У 1913 г. быў прызваны ў царскую армію. Служыў на Балтыйскім флоце – спачатку матросам на крэйсеры «Богатырь», а пазней (пасля заканчэння школы унтэр-афіцэраў) на мінаносцы «Забияка». Удзельнічаў у лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцыях, грамадзянскай вайне (штурме Зімняга палаца, падаўленні эсэраўскага мяцяжу ў Яраслаўлі, барацьбе з калчакоўцамі і інш.). У 1919 г. пад Казанню быў цяжка паранены, доўга лячыўся ў шпіталях, як інвалід камісаваны з арміі. Да 1921 г. працаваў у Ніжагародскім рачным порце. Потым вярнуўся ў Беларусь, жыў у Мінску. Працаваў у Наркамасвеце БССР, рэдакцыі газеты «Савецкая Беларусь», пазней у Інбелкульце. У 1929–1930 гг. з’яўляўся навуковым супрацоўнікам Інстытута мовы АН БССР, прымаў удзел у стварэнні тэрміналагічных слоўнікаў. Самастойна падрыхтаваў і выдаў слоўнік «Тэхнічная тэрміналогія» (вып. 1, 1932). Паралельна збіраў вусную народную творчасць, а таксама працаваў над слоўнікам краўцоўскай мовы мястэчка Капыль і краёвым слоўнікам Капыльскага раёна (матэрыялы загінулі ў Вялікую Айчынную вайну). У 1930 А. Гурло быў арыштаваны, праз год асуджаны ўмоўна на пяць гадоў высылкі ў Самару, але потым вызвалены з-пад варты. Памёр ад сухотаў. Рэабілітаваны ў лістападзе 1957 г.
Друкавацца А. Гурло пачаў у 1909 г. у газеце «Наша ніва» (першае апавяданне «Ласун»). Паступова ён вырас у прыкметную творчую асобу, склаўся як арыгінальны мастак слова. У 1924 г. быў выдадзены першы паэтычны зборнік А. Гурло «Барвенак». Потым адна за адной выйшлі кнігі «Спатканні» (1925), «Сузор’і» (1926), «Зорнасць» (1927), «Межы» (1929). Матывы яго лірыкі ў многім пераклікаліся з творчасцю Я. Купалы і Ф. Багушэвіча. Пісаў пра шлях народа з цемры да святла, яго няскоранасць абставінам, жорсткаму лёсу («Дзе ты, доля?», «У турме», «Нядоля», «Не гасіце агнёў» і інш.). Плённымі былі яго пошукі ў медытатыўнай, філасофскай лірыцы («Змаганне за жыццё», «Часта мне гавораць» і інш.). Служба на флоце ўзбагаціла паэта новымі назіраннямі, на аснове якіх узнікла марынісцкая лірыка («Мора», «Думкі маяка», «Шторм», «Заблішчалі ў цёмнай далі маякі» і інш.). Пераважная большасць твораў на гэту тэму напісана ў 1914–1916 гг. Ён адзін з першых паэтаў, хто раскрыў на роднай мове дзівосную экзотыку марскіх краявідаў. Натхнёна пісаў пра гоман хваль, крыкі чаек, залатыя агні маякоў, бурлівасць вады, бяскрайнія зіхоткія марскія далягляды. Паказваў мора ў розных станах і праявах – грознае, ціхае ў вячэрні час, разбуджанае ўсходам сонца, таямніча-казачнае («Вечар на моры», «Мора на ўсходзе сонца», «Русалкі» і інш.). Асобна вылучаюцца прыродаапісальныя вершы А. Гурло з яркай вобразнасцю слоўнага жывапісу, мілагучнасцю радкоў («Хіба ў зіме», «Як гожа», «Пралескі», «Клён», «Канец лета» і інш.). Запамінальнай вобразнай выяўленчасці паэт дасягнуў у паэтычных замалёўках жніўнай пары і вечара («Полудзень пры жніве», «Вечар», «Асенняя ноч» і інш.). Нямала вершаў прысвяціў бацькоўскаму краю, які апяваў з замілаванасцю і любасцю («Мая Мекка», «Колькі мукі...», «Я вокны насцеж адчыню...» і інш.). У 1912 г. напісаў сямейна-бытавую драму «Любоў усё змагае». Алесь Гурло пераклаў на беларускую мову шэраг твораў рускіх, украінскіх пісьменнікаў. Кампазітары Э. Казакоў, А. Стэповіч, М. Хаўхляцаў, Я. Цікоцкі напісалі на вершы паэта песні.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.