У гісторыю беларускага тэатральнага мастацтва Георгій Андрэевіч Волкаў увайшоў не толькі як самабытны акцёр, але і як таленавіты рэжысёр, які паставіў на сцэне Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы шмат цікавых спектакляў.
Нарадзіўся ён у Маскве ў сям’і рабочага. У 1941 г. паступіў у Маскоўскае гарадское тэатральнае вучылішча. У кастрычніку 1944 г. з выпускнікоў вучылішча (курс У. Гатоўцава) быў створаны Брэсцкі абласны драматычны тэатр імя Ленінскага камсамола Беларусі. Сярод тых, хто прыехаў у Брэст, быў і Г. Волкаў. На працягу некалькіх гадоў ён удзельнічаў у многіх спектаклях, з 1950 г. пачаў працаваць рэжысёрам. У 1955 г. скончыў Вышэйшыя рэжысёрскія курсы пры Ленінградскім тэатральным інстытуце імя А. Астроўскага. У 1965–1979 гг. быў галоўным рэжысёрам тэатра. У 1967 г. атрымаў званне народнага артыста БССР. З 1979 па 1985 г. загадваў кафедрай у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (да 1987 г. з’яўляўся выкладчыкам кафедры майстэрства акцёра і рэжысуры).
Творчасць Г. Волкава-акцёра адметная глыбокай распрацоўкай вобразаў у спалучэнні з тонкім псіхалагічным аналізам і лірызмам. Яго выразная мастацкая індывідуальнасць праявілася ў розных ролях. Артыст іграў Аляксея Ладыгіна («Звычайны чалавек» Л. Лявонава), Паўку Карчагіна («Як гартавалася сталь» паводле М. Астроўскага), Сяргея Цюленіна («Маладая гвардыя» паводле А. Фадзеева). Пераканальна і ярка стварыў вобразы Дзмітрыя Ульянава («Сям’я» І. Папова), Медзвядзенкі («Чайка» А. Чэхава), барона Урангеля («Фінал» П. Строгава). Запамінальнымі сталі ролі Труфальдзіна («Слуга двух гаспадароў» К. Гальдоні), Трыстана («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі), Барона («Юстына» Х. Вуаліёкі) і інш. Вялікай жыццёвай праўдай, прастатой, эмацыянальнай сілай прасякнуты ўсе сцэнічныя вобразы акцёра. У кожнай ролі ён імкнуўся перадаць думкі і пачуцці сваіх герояў.
Першая рэжысёрская работа Г. Волкава – спектакль «Вераб’іныя горы» А. Сімукова (1950) – уражвала гармоніяй мастацкіх сродкаў, яркай акцёрскай ігрой. Незвычайнай і цікавай атрымалася пастаноўка «Юнацтва бацькоў» Б. Гарбатава (1952). Як рэжысёр Г. Волкаў арганічна адчуваў артыста, імкнуўся да глыбокай унутранай распрацоўкі характараў, адметнай трактоўкі твора, выразнай сцэнічнай формы. У 1950-я гг. ён ставіў спектаклі па п’есах рускіх драматургаў, у якіх маральна-этычная праблематыка была вызначальнай. Сярод такіх пастановак – «Вясельнае падарожжа» У. Дыхавічнага (1954, 1959), «У добры час!» (1955) і «У пошуках радасці» (1957) В. Розава, «Два колеры» А. Зака і І. Кузняцова (1960) і інш. Рэжысёр звяртаўся да твораў замежных аўтараў. Спектаклі «Дон Сезар дэ Базан» А. Дэнеры і Ф. Дзюмакуара (1954, з І. Паповым), «Джэні Герхарт» паводле Т. Драйзера (1958), «Арганаўты» Ю. Эдліса (1963), «Пігмаліён» Б. Шоу (1964) і іншыя з поспехам ішлі на сцэне тэатра. З асаблівай прыхільнасцю адносіўся Г. Волкаў да п’ес беларускіх драматургаў. У пастаноўках «Сэрца на далоні» паводле І. Шамякіна (1966), «Людзі і камяні» (1968), «Брэсцкі мір» (1969) і «Брэсцкая крэпасць» (1972) К. Губарэвіча, «Усяго адно жыццё» А. Маўзона (1970), «Выбачайце, калі ласка!» А. Макаёнка (1972), «Апошняя інстанцыя» (1975) і «Нашчадак» (1976) М. Матукоўскага і іншых рэжысёрам уздымаліся надзённыя праблемы сучаснасці, распрацоўвалася гісторыка-рэвалюцыйная тэма, адлюстроўваліся падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Сярод спектакляў з класічнага рэпертуару, пастаўленых у розныя часы Г. Волкавым, – «Беспасажніца» (1957) і «На ўсякага мудраца хапае прастаты» (1970) А. Астроўскага, «Мяшчане» М. Горкага (1971) і інш.
Для творчасці Г. Волкава характэрны акрэсленая мастакоўская пазіцыя, імкненне да выяўлення ідэйнага зместу спектакля, яго асноўнай думкі. Як вопытны рэжысёр ён настойліва і мэтанакіравана працягваў арыентацыю на пастаноўку п’ес, дзе вырашаліся вострыя сацыяльныя канфлікты, маральна-этычныя праблемы. Рэжысёрскай манеры Г. Волкава былі ўласцівы рэалістычная дакладнасць, стройная кампазіцыйная пабудова спектакля, падрабязная распрацоўка псіхалогіі характараў, абгрунтаванасць учынкаў персанажаў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г.