Дата нараджэння:
26.06.1932 Нароўля, г., Гомельская вобласць
Дата смерці:
09.05.2014 Віцебск, г.
Кароткая даведка:
пісьменнік, сцэнарыст, перакладчык
Варыянты імя:
Сімановіч Давыд Рыгоравіч
Імёны на іншых мовах:
Симанович Давид Григорьевич (руская);
3203 сімвалы
Даведка
Паэзія Давіда Рыгоравіча Сімановіча – прыкметная і арыгінальная з'ява беларускай літаратуры. Яго творам уласцівы маштабнае адчуванне часу, вобразнасць, глыбокая лірычнасць, імкненне да філасофскага асэнсавання рэчаіснасці.
Давід Сімановіч нарадзіўся ў г. Нароўля Гомельскай вобласці ў сям'і служачага. У час Вялікай Айчыннай вайны жыў ва Узбекістане. Пасля вяртання скончыў у 1950 г. Нараўлянскую сярэднюю школу і паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна. З 1955 па 1959 г. выкладаў рускую мову і літаратуру ў Крынкаўскай сярэдняй школе Лёзненскага раёна, потым два гады быў літсупрацоўнікам рэдакцыі абласной газеты «Віцебскі рабочы». У 1960 г. Д. Сімановіч стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР. З 1961 па 1994 г. займаў пасады рэдактара, старшага рэдактара, загадчыка аддзела камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні Віцебскага аблвыканкама, адначасова (з 1971 да 1980 г.) узначальваў абласное літаратурнае аб'яднанне. У 1949 г. Д. Сімановіч атрымаў Першую прэмію на Рэспубліканскім конкурсе, прысвечаным 150-годдзю А.С. Пушкіна. Ён з'яўляецца таксама лаўрэатам Шагалаўскай прэміі (1992), прэміі «Созвездие муз» (1996) і прэміі імя У.С. Караткевіча (2001).
Друкавацца Д. Сімановіч пачаў з 1948 г. Пісаў на рускай мове. Першы верш «Парк Победы» быў апублікаваны ў мазырскай абласной газеце «Бальшавік Палесся». У 1959 г. выйшаў зборнік паэзіі «Весенняя сказка», прасякнуты пачуццём любві да роднай зямлі, працавітых сумленных людзей. Ад кнігі да кнігі – «Июнь-река» (1962), «Равноденствие» (1966), «Минуты» (1969), «Станция тревоги и любви» (1972), «Письмо тебе» (1975), «Встречные поезда» (1978), «Силуэты дней» (1981), «Солнечный хмель» (1982), «Сентябри» (1990) – узрастала грамадзянская значнасць твораў паэта. У іх радаснае ўспрыманне навакольнага свету спалучаецца з трывогай за лёс планеты і чалавека, якога непакояць праблемы вайны і міру. Гэта тэма працягваецца і ў больш позніх зборніках «Витебск – Шагал –любовь» (2002), «Арфа Давида» (2003), «Желтые бессмертники детства» (2005), «Радость молнии» (2007), «Ашкелонский дневник» (2008), «Дневник июньского дня» (2009), «Дневник осенних вечеров» і «Скрипка Шагала, или Здесь осталась его душа» (2010), «Автопортрет на берегу времени» (2012) і інш. Асобныя вершы Д. Сімановіча былі пакладзены на музыку кампазітарамі І. Лучанком, Б. Насоўскім, А. Гоманам і інш. Самабытны талент піьменніка праявіўся не толькі ў паэтычных творах. У сваёй творчасці ён звяртаўся да прозы і мастацкага перакладу. У кнігах нарысаў «Подорожная Александра Пушкина» (1977) і «Сквозь даль времен» (1984) гаворыцца пра вядомых людзей, чые жыццёвыя і творчыя шляхі праходзілі праз Беларусь. Непасрэднасцю, адкрытасцю і шчырасцю адзначаюцца творы Д. Сімановіча для дзяцей, што ўвайшлі ў зборнікі «Волшебный луг» (1959), «Зеленый кузнечик» (1968). Давід Сімановіч з'яўляецца таксама аўтарам тэлеп'ес «Якаў Свярдлоў» (1963), «Восеньскі букет» (1964), сцэнарыяў дакументальных тэлефільмаў «Маладосць старажытнага города» (1964), «Балада пра чырвонага кавалерыста» (1968), «Літаратурнымі маршрутамі Віцебшчыны (1969), «Душой і справамі заўсёды з Віцебшчынай» (1990).