Людвіцы Антонаўне Сівіцкай (сапраўднае імя Зоські Верас) лёс наканаваў доўгае, насычанае цікавымі падзеямі жыццё.
Яна нарадзілася на Украіне ў мястэчку Мяджыбаж Ляцічаўскага павета Падольскай губерні (цяпер Ляцічаўскі раён Хмяльніцкай вобласці) у сям’і ваеннаслужачага. Дачка капітана царскай арміі Антона Міхайлавіча Сівіцкага і Эміліі Людвікаўны Садоўскай выхоўвалася ў атмасферы павагі да сваіх нацыянальных каранёў. Бацькі прытрымліваліся шляхецкіх традыцый продкаў, захапляліся польскай і беларускай літаратурай, класічнай музыкай, валодалі некалькімі замежнымі мовамі. Зоська Верас атрымала грунтоўную хатнюю адукацыю і ў 1904 г. паступіла ў прыватнае камерцыйнае вучылішча ў Кіеве. У час вучобы супрацоўнічала з часопісам “Подснежник”, які выпускаўся навучэнкамі. Скончыць вучылішча дзяўчынцы не давялося: раптоўная смерць бацькі прымусіла маці вярнуцца ў родныя мясціны на Гродзеншчыну. Далейшая вучоба праходзіла ў Гродзенскай прыватнай жаночай гімназіі, дзе Зоська Верас актыўна ўключылася ў грамадска-культурнае жыццё. Яна ўступіла ў Гродзенскі гурток беларускай моладзі, мэтамі і задачамі якога было вывучэнне гісторыі, культуры, побыту роднага краю. На першым пасяджэнні гуртка Зосьцы Верас было даручана загадваць бібліятэкай. Яна займалася зборам кніг, наладзіла сувязь з Віленскай беларускай кнігарняй, рэдакцыяй газеты “Наша ніва” і суполкай “Загляне сонца і ў наша аконца” ў Пецярбургу. Акрамя таго, іграла ў спектаклях гуртка, перакладала з польскай мовы на беларускую кароткія п’есы, прымала ўдзел у выданні альманаха “Колас беларускай нівы”, пісала вершы, якія былі ўпершыню надрукаваны ў “Нашай ніве” пад псеўданімам Мірко.
Захапленне прыродай роднага краю прывяло Зоську Верас у 1913 г. у Варшаву на агародніцка-пчалярскія курсы. У час вучобы яна збірала і запісвала назвы раслін. У 1924 г. на аснове гэтых запісаў быў выдадзены “Беларуска-польска-расійска-лацінскі батанічны слоўнік”. Гэта праца не страціла вартасцей і ў больш позні час. Матэрыялы, надрукаваныя там, цалкам увайшлі ў батанічны слоўнік А. Кісялеўскага (выдадзены ў 1967 г.). У Варшаве Зоська Верас пазнаёмілася і пасябравала з таленавітым беларускім паэтам Г. Леўчыкам, вядомым фалькларыстам, этнографам і археолагам М. Федароўскім, што зрабіла жыццё больш насычаным і разнастайным. Пасля заканчэння курсаў, перад самым пачаткам Першай сусветнай вайны, яна жыла ў фальварку Альхоўнікі на Сакольшчыне (Беласточчына), які належаў яе дзеду, аднак прабыла там нядоўга: набліжэнне фронту прымусіла пакінуць дарагія мясціны і перабрацца разам з маці ў Мінск. Мінскі перыяд расцягнуўся на тры гады (1915–1918) і пакінуў адметны след у жыцці Зоські Верас. Знаёмства з новымі, цікавымі людзьмі прынесла шмат карыснага для духоўнага росту і ў многім вызначыла далейшы лёс. Яна актыўна супрацоўнічала з Беларускім таварыствам дапамогі пацярпелым ад вайны, апекавала сталовыя для бежанцаў, дзіцячы прытулак, выкладала на курсах садоўніцтва і пчалярства, працавала ў шпіталях. Адным з найбольш блізкіх па духу Зосьцы Верас людзей у гэты перыяд быў М. Багдановіч, які таксама працаваў у таварыстве. Некалькі месяцаў сумеснай работы знайшлі адлюстраванне ў цікавых успамінах пад загалоўкам “Пяць месяцаў у Мінску. З жыцця М. Багдановіча”. Восенню 1918 г. Зоська Верас зноў пасялілася ў Альхоўніках, дзе пражыла некалькі гадоў. Там яна пісала вершы, апавяданні; рыхтавала батанічны слоўнік і энцыклапедычны даведнік па меданосных раслінах. З 1923 г. абрала пастаянным месцам жыхарства Вільню, якая з’яўлялася ў той час буйнейшым грамадска-культурным цэнтрам Беларусі. Тут адразу ўлілася ў беларускае культурна-дэмакратычнае жыццё: працавала ў газетах Беларускай сялянска-работніцкай грамады, займалася выдавецкай справай (дзякуючы ёй у 1925 г. выйшаў беларускі адрыўны каляндар на 1926 г.), наведвала палітычных вязняў у турме Лукішкі. Зосьцы Верас удалося вынесці адтуль вершы паэта М. Машары і надрукаваць іх у 1928 г. асобным зборнікам пад назвай “Малюнкі”. У тым жа годзе арганізавала і ўзначаліла кааператыўнае пчалярскае таварыства “Пчала”. З 1927 па 1931 г. была рэдактарам дзіцячага часопіса “Заранка”, а з 1934 г. рэдагавала адначасова часопісы “Пралескі” (дзіцячы) і “Беларуская борць” (сельскагаспадарчы).
У віленскі перыяд жыцця Зоська Верас пісала шмат вершаў, апавяданняў, эсэ, артыкулаў на сельскагаспадарчыя і педагагічныя тэмы; перакладала з украінскай і польскай моў п’есы для дзіцячага тэатра. З’яўляецца аўтарам успамінаў пра М. Багдановіча, Г. Леўчыка, У. Галубка, Ядвігіна Ш. Літаратурныя заслугі пісьменніцы былі заўважаны: у 1982 г. (напярэдадні 90-годдзя) яна была прынята ў Саюз пісьменнікаў Беларусі, а ў 1985 г. выйшаў зборнік вершаў “Каласкі”. Да апошніх дзён жыцця Зоська Верас заставалася ў цэнтры грамадска-культурнага жыцця Беларусі: вяла перапіску з літаратарамі і краязнаўцамі, сустракалася з моладдзю, давала інтэрв’ю, пісала біяграфічныя нарысы пра славутых беларусаў.