Дата нараджэння:
30.04.1881 Чашнікі, г., Віцебская вобласць
Дата смерці:
07.01.1964
Кароткая даведка:
паэт, перакладчык
Псеўданімы:
Журба; Журба А.; Журба Янка; Журба Янук; Иже; Кручинин І.
Імёны на іншых мовах:
Ивашин Иван Яковлевич (руская);
Крыптанімы:
И.И.; Я.Ж.
4685 сімвалаў
Даведка
Янка Журба (сапраўднае імя Івашын Іван Якаўлевіч) – старэйшы беларускі пісьменнік, сучаснік Я. Купалы і Я. Коласа. Яго творчасць, прасякнутая грамадзянскім і патрыятычным пафасам, паглыбіла лірычныя асновы беларускай паэзіі.
Нарадзіўся Я. Журба ў в. Купніна Лепельскага павета Віцебскай губерні (цяпер Чашніцкі раён Віцебскай вобласці) у сялянскай сям’і. Вучыўся ў Казаноўскім вучылішчы, у 1898 г. паступіў у Полацкую настаўніцкую семінарыю, якую скончыў у 1902 г. На працягу чатырох гадоў ён працаваў у школах на Віцебшчыне (у Себежскім і Гарадоцкім паветах). У 1906 г. Я. Журба стаў студэнтам Глухаўскага настаўніцкага інстытута (Чарнігаўская губерня). Паглыбленае вывучэнне прадметаў і ўдзел у нелегальных студэнцкіх гуртках, а таксама знаёмства з першымі нумарамі беларускай газеты «Наша ніва» ўплывала на развіццё і фарміраванне светапогляду будучага паэта. У 1909 г. ён скончыў інстытут і пачаў выкладаць рускую мову і літаратуру ў гарадскім вучылішчы ў Канстанцінаградзе (Палтаўская губерня). Потым з 1911 г. працаваў настаўнікам на Віцебшчыне. У 1913 г. паступіў на Вышэйшыя камерцыйныя курсы ў Харкаве. Праслухаўшы асноўныя курсы па агульнаадукацыйных дысцыплінах, Я. Журба быў вымушаны (з-за недахопу матэрыяльных сродкаў) пакінуць вучобу і зноў заняцца педагагічнай дзейнасцю: да 1915 г. ён настаўнічаў у Карэлічах. У гады Першай сусветнай вайны знаходзіўся ў эвакуацыі ў Сімбірскай губерні. У 1921 г. Я. Журба вярнуўся ў Беларусь і пачаў працаваць у навукова-педагагічнай камісіі Народнага камісарыята асветы БССР. З 1923 г. ён інспектар Бабруйскага, затым Калінінскага (Клімавічы) акруговых аддзелаў народнай асветы, праз два гады – настаўнік у Чэрыкаўскай сямігадовай школе. З 1927 па 1933 г. выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Магілёўскім медыцынскім вучылішчы. У 1934 г. Я. Журба пераехаў у Мінск, дзе атрымаў пасаду навуковага супрацоўніка ў Інстытуце мовы АН БССР. З-за хваробы вачэй у 1937 г. пакінуў інстытут і ў вясковай школе (с. Сіняло, Мінскі раён) пачаў выкладаць спевы, займаўся таксама літаратурнай працай. У 1939 г. Я. Журба стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР. З 1941 г. і пасля вайны жыў у Чашніцкім раёне, дзе працаваў настаўнікам музыкі і спеваў у пачатковых класах. Апошнія гады паэт правёў у доме састарэлых у Полацку.
Друкавацца Я. Журба пачаў у рускіх выданнях з 1902 г. (першая публікацыя не выяўлена). Фальклорна-этнаграфічныя нарысы пісьменніка на працягу 1903–1906 гг. публікаваліся ў газетах «Витебские губернские ведомости» і «Витебский голос». У іх былі апісаны абрадавыя святы, духоўная культура і быт беларусаў. Праца Я. Журбы як этнографа атрымала навуковае прызнанне і высокую ацэнку ад вядомых краязнаўцаў, у тым ліку М. Каспяровіча. Першы верш на беларускай мове «На беразе Дзвіны» быў змешчаны ў 1909 г. у газеце «Наша ніва». Там друкаваліся таксама розныя публіцыстычныя артыкулы Я. Журбы і пераклады. У 1912–1913 гг. у часопісе «Маладая Беларусь» былі змешчаны вершы «За працу», «Вокліч», «У дарозе», «Успамін»; у 1914 г. на старонках мінскага часопіса «Лучынка» апублікаваны вершы «На ўсходзе сонца», «Да светлых зор» і інш. У дакастрычніцкай паэзіі Я. Журбы выразна выявіліся сацыяльная накіраванасць, аптымістычны погляд на свет, жаданне рэвалюцыйных пераўтварэнняў, вера ў лепшую будучыню. Вершы гэтага часу, напісаныя ў прыўзнята-паэтычнай танальнасці, нагадваюць агіткі, лозунгі, палымяныя публістычныя прамовы і заклікі. У тэматычным і вобразна-выяўленчым плане яны пераклікаюцца з творамі А. Дудара, А. Александровіча, А. Гаруна і інш. Янка Журба з’яўляецца таксама аўтарам некалькіх празаічных твораў, сярод якіх вылучаюцца апавяданні «Горькая доля» (1908), «Перад святам» (1911) і «Прыгонная душа» (1912). Яны напоўнены перажываннем за чалавека-пакутніка, чалавека-працаўніка.
З 1921 г. Я. Журба пачаў друкавацца ў газеце «Савецкая Беларусь», з 1922 – у часопісе «Полымя» і іншых перыядычных выданнях. Яго першы зборнік «Заранкі» выйшаў у Мінску ў 1924 г. У 1930 г. Я. Журба пераклаў на беларускую мову раман Ф. Дастаеўскага «Бедные люди». У час Вялікай Айчыннай вайны загінулі рукапісы паэтычных кніг «Раніца», «Шляхі перамогі», паэмы «На палярнай станцыі». У 1950 г. былі выдадзены «Выбраныя творы» Я. Журбы. Ён з’яўляецца таксама аўтарам зборнікаў паэзіі «Ясныя шляхі» (1959), «Вершы» (1970), «Роднае» (1980), «Мая песня» (1984), «Творы» (2011). Сапраўднае майстэрства паэта-педагога праявілася ў вершах, напісаных для дзяцей. Ён улічваў узрост маленькіх чытачоў, характар, тонка адчуваў іх псіхалогію. Менавіта таму дзіцячыя творы паэта гучаць шчыра, дасціпна, даходліва і эмацыянальна. Яны змешчаны ў зборніках «Ластаўкі» (1950), «Сонечная раніца» (1955), «Светлыя дні» (1959).