Кароткая даведка:
пісьменнік, драматург, тэатральны крытык, заслужаны дзеяч культуры Беларусі
Псеўданімы:
Вольский Виталий Фридрихович; Вольскі Віталь
Імёны на іншых мовах:
Вольский-Зейдель Виталий Фридрихович (руская);
Крыптанімы:
В-кі; В-скій; В.В-кі; В.В.
4024 сімвалы
Даведка
Не думаў і не гадаў шаснаццацігадовы юнак Віталь, што неўзабаве трапіць у Беларусь і парадніцца з ёю назаўсёды, будзе пісаць кнігі пра яе слаўную гісторыю, культуру і прыроду.
Нарадзіўся Віталь Фрыдрыхавіч Вольскі (сапраўднае прозвішча Зэйдэль) у Пецярбургу. Юнацтва будучага пісьменніка супала з гадамі рэвалюцыі. У пачатку 1920-х гг. лёс закінуў яго ў Беларусь. Менавіта ў гэты час пачалося знаёмства з беларускім народам, прыйшло захапленне мясцовым фальклорам. У чырвонаармейскім рэчавым мяшку будучы пісьменнік насіў з сабою сшыткі, куды запісваў народныя песні, паданні, казкі, прымаўкі, дыялекты, краязнаўчыя матэрыялы. Пасля грамадзянскай вайны служыў у пагранічных войсках, потым працаваў у Галоўрэперткоме БССР, у Белдзяржкіно, быў дырэктарам Віцебскага мастацкага тэхнікума, у 1927 г. скончыў Камуністычны універсітэт Беларусі, у 1930–1932 гг. узначальваў БДТ-2, у 1932–1936 гг. – Інстытут літаратуры і мастацтва АН БССР, адначасова працаваў рэдактарам часопіса “Мастацтва і рэвалюцыя” і кіраваў Беларускім федэратыўным аб’яднаннем савецкіх пісьменнікаў (БелФАСП).
У час Вялікай Айчыннай вайны Віталь Вольскі выконваў заданні Саўінфармбюро для замежнай прэсы, быў рэдактарам аддзела агітплаката ЦК КПБ “Раздавім фашысцкую гадзіну”, з 1943 па 1948 гг. загадваў аддзелам часопіса “Беларусь”, у 1948–1954 гг. быў старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры АН БССР, у 1953–1966 гг. узначальваў праўленне Літфонда БССР. У 1971 г. Віталю Фрыдрыхавічу Вольскаму было прысвоена званне заслужанага дзеяча культуры Беларусі.
Першымі друкаванымі творамі Віталя Вольскага сталі артыкулы пра тэатральнае мастацтва, фальклор і мову, надрукаваныя ў 1926 г. З цягам часу ён стаў вывучаць народную творчасць і старажытную рукапісную літаратуру беларускіх татар, надрукаваў шэраг літаратуразнаўчых прац: “Сучасныя праблемы беларускай савецкай драматургіі”, “Эдуард Самуйлёнак. Жыццё і творчасць”, “Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры эпохі феадалізму”. Віталь Вольскі з’яўляецца адным з аўтараў працы “Очерк истории белорусской советской литературы” і падручніка для ВНУ “Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры” і інш.
Глыбокае веданне фальклору, праца ў тэатры дапамаглі В. Вольскаму стварыць новы для беларускай літаратуры жанр – драматычную казку. Першая п’еса-казка “Цудоўная дудка” па матывах беларускага фальклору была напісана ў 1939 г. для ТЮГа, другая – “Дзед і Жораў” – у 1940 г. для тэатра лялек. Самая папулярная п’еса Віталя Вольскага “Несцерка” (1940) заняла трывалае месца ў гісторыі беларускай літаратуры. П’еса была пастаўлена ў 1941 г. Беларускім дзяржаўным драматычным тэатрам імя Я. Коласа і некалькі дзясяткаў гадоў не сыходзіла са сцэны. У 1946 г. спектакль быў удастоены Дзяржаўнай прэміі СССР, у 1955 г. па творы зняты аднайменны фільм. У 1970-я гг. “Несцерка” ішоў на сцэнах шэрага беларускіх тэатраў.
Творчыя камандзіроўкі, сустрэчы з людзьмі прывялі Віталя Вольскага да напісання твораў для маладога пакалення. Асноўная тэма ў іх – прырода, беларускія краявіды. Па сцэнарыю пісьменніка ў 1946 г. быў створаны навукова-папулярны фільм “Белавежская пушча”, у 1965 г. – дакументальны фільм “Бярэзінскі запаведнік”. У 1948 г. выйшла кніга краязнаўчых нарысаў і апавяданняў “Па лясных сцежках”. У 1950-я гг. з’явіўся цыкл кніг Віталя Вольскага аб родным краі: “У лясах над Бярозай”, “Месяц за месяцам”, “На бабровых азёрах”, “Чайкі над Нараччу”. У 1961 г. выйшла кніга выбраных твораў “Родны край”, у 1974 г. – “Палессе”.
У якасці падарожніка Віталь Вольскі наведаў краіны афрыканскага кантыненту: Сенегал, Бераг Слановай Косці, Гвінею, Туніс, Марока. У выніку паездак з’явіліся кнігі “Афрыканскае падарожжа” (1963), “Эль Махрыб” (1965), “Под небом Африки” (1969). Пісаў Віталь Вольскі і пра гісторыю Беларусі: “Три путешествия в страну белорусов. Книга о Белоруссии” (1967), “Падарожжа па краіне беларусаў” (1968), “Старонкі нашай гісторыі. Кніга для чытання па гісторыі БССР у пачатковай школе” (1966).