Дата нараджэння:
16.06.1912 Дрыколле, в., Віцебскі раён
Дата смерці:
06.02.1984
Кароткая даведка:
вучоны-фітапатолаг-вірусолаг, член-карэспандэнт НАН Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1974), кавалер ордэна "Знак Пашаны" (1966)
Варыянты імя:
Амбросаў Антон Лаўрэнавіч
Імёны на іншых мовах:
Амбросов Антон Лаврентьевич (руская);
3414 сімвалы
Даведка
Вядомы вучоны, таленавіты кіраўнік і педагог Антон Лаўрэнцьевіч Амбросаў пакінуў значны след у галіне фітавірусалогіі і аховы раслін.
Нарадзіўся ён у в. Дрыколле Віцебскага раёна Віцебскай вобласці. У 1932 г. паступіў у Ленінградскі сельскагаспадарчы інстытут на факультэт аховы раслін. Пасля заканчэння з 1936 г. працаваў аграномам у Куйбышаўскай вобласці, з 1937 г. па 1938 г. быў навуковым супрацоўнікам Беларускай дзяржаўнай селекцыйнай станцыі. Потым паступіў у аспірантуру пры Інстытуце біялогіі АН БССР. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны эвакуіраваўся ў Чкалаўскую вобласць, дзе працаваў галоўным аграномам раённага зямельнага аддзела і старшым аграномам Тоцкай машынна-трактарнай станцыі. Пасля вызвалення вярнуўся ў Беларусь. Пад кіраўніцтвам А.Л. Амбросава ў Мінскай вобласці была адноўлена разбураная нямецка-фашысцкімі акупантамі Ганусаўская сельскагаспадарчая доследная станцыя, якую вучоны ўзначальваў з 1944 па 1951 г. У гэты перыяд А.Л. Амбросаў падрыхтаваў і абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «К вопросу о повышении болезнеустойчивости картофеля». У 1951–1956 гг. ён працаваў начальнікам упраўлення сельскагаспадарчай прапаганды Баранавіцкага, потым Маладзечанскага аблсельгасупраўленняў, затым узначальваў упраўленне сельскагаспадарчай навукі Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР. З 1956 па 1971 г. А.Л. Амбросаў кіраваў аддзелам аховы раслін у Беларускім НДІ бульбаводства і плодаагародніцтва, дзе займаўся распрацоўкай антывірусных сываратак ад хвароб бульбы, вывучаў біялагічныя ўласцівасці ўзбуджальнікаў асноўных вірусных хвароб і распрацаваў сістэму мерапрыемстваў па атрыманні і вырошчванні свабоднай ад вірусаў насеннай бульбы. З 1971 г. дырэктар, у 1978–1983 гг. загадчык лабараторыі Беларускага навукова-даследчага інстытута аховы раслін. Ён праводзіў навукова-даследчую працу па вывучэнні вірусаў, іх спецыялізацыі і структуры, удасканаленні метадаў дыягностыкі і прыёмаў, накіраваных на ахову бульбы, зернебабовых і пладова-ягадных культур ад вірусных захворванняў. У 1974 г. А.Л. Амбросаў атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР за вывядзенне, размнажэнне і ўкараненне ў вытворчасць высокапрадукцыйных сартоў бульбы. Вынікі шматгадовых даследаванняў вучонага апублікаваны больш чым у 230 навуковых працах, асноўнымі сярод якіх з'яўляюцца манаграфіі «Вирусные болезни картофеля и методы выращивания здоровых клубней» (1964), «Вирусные болезни картофеля и меры борьбы с ними» (1975), «Физиология картофеля» (1979, у суаўтарстве).
Навукова-даследчую работу А.Л. Амбросаў сумяшчаў з арганіцыйнай і грамадскай дзейнасцю. Ён з'яўляўся членам камісіі па вірусных хваробах пры аддзяленні аховы раслін Усесаюзнай ордэна Леніна акадэміі сельскагаспадарчых навук імя У.І. Леніна (УАСГНІЛ), намеснікам старшыні секцыі раслінаводства і аховы раслін Заходняга аддзялення УАСГНІЛ, намеснікам старшыні прэзідыума Беларускага рэспубліканскага таварыства па ахове прыроды, членам бюро Аддзялення біялагічных навук АН БССР, членам прэзідыума Беларускага рэспубліканскага праўлення навукова-тэхнічнага таварыства сельскай гаспадаркі, членам Савета па абароне дысертацый пры Беларускім НДІ бульбаводства і пладаводства, Беларускім НДІ аховы раслін.
Актыўная навуковая, педагагічная і грамадская дзейнасць А.Л. Амбросава адзначана ордэнамі «Знак Пашаны» (1966), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1973), шматлікімі медалямі і ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.