Дата нараджэння:
02.02.1838 Мастаўляны, в., Гродзенскі павет, Гродзенская губерня (цяпер Падляскае ваяводства, Польшча)
Дата смерці:
22.03.1864
Кароткая даведка:
рэвалюцыянер-дэмакрат, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гг. на Беларусі і ў Літве, мысліцель, публіцыст, паэт
Псеўданімы:
Вітажэнец; Хамовіч; Яська гаспадар з-пад Вільні
Варыянты імя:
Каліноўскі Кастусь; Каліноўскі Кастусь (Вікенцій Канстанцін Сямёнавіч)
Імёны на іншых мовах:
Калиновский (руская); Калиновский Кастусь (Викентий Константин Семёнович) (руская); Калиновский Константин Викентий Семёнович (руская);
3892 сімвалы
Даведка
Кастусь (афіцыйна Канстанцiн Вікенцій Сямёнавіч) Калiноўскi нарадзiўся ў в. Мастаўляны Гродзенскага павета (цяпер тэрыторыя Польшчы) у шматдзетнай сям’і беззямельнага шляхцiча. Яго бацька валодаў невялiкай ткацкай мануфактурай, дзе выраблялiся абрусы i сурвэткi. Мацi памерла, калi Кастусю было пяць гадоў. У 1849 г. Калiноўскiя пераехалі ў невялiкi фальварак Якушоўка Ваўкавыскага павета. У 1852 г. Кастусь паспяхова скончыў Свiслацкае павятовае вучылiшча. Гэта навучальная ўстанова ў невялiкiм гарадку была адзiнай прагрэсiўнай школай на тагачаснай Гродзеншчыне. Тут панавалi свабодалюбства i вольны абмен думкамi пра будучыню Бацькаўшчыны. У 1855 г. 17-гадовы юнак стаў студэнтам Маскоўскага ўнiверсiтэта, але праз паўгода паехаў услед за старэйшым братам Віктарам у Пецярбург. Вучыўся на юрыдычным факультэце Пецярбургскага ўнiверсiтэта, якi скончыў у 1860 г. Браты Калiноўскiя актыўна ўдзельнiчалі у студэнцкiх зямляцтвах i рэвалюцыйных гуртках, іх светапоглад складваўся ў абставiнах узрастання сялянскага руху, пад уплывам iдэй рускiх радыкальна настроеных публiцыстаў М.Г. Чарнышэўскага і А.I. Герцэна.
У пачатку 1861 г. К. Калiноўскі вярнуўся ў Беларусь з мэтай падрыхтоўкi ўзброенага паўстання: тут, як у Расіі і Польшчы, наспела рэвалюцыйная сітуацыя, выкліканая абвяшчэннем сялянскай рэформы і абвастрэннем нацыянальна-вызваленчага руху. У 1861–1862 гг. К. Калiноўскі стварыў у Гродне i Гродзенскай губернi шэраг нелегальных рэвалюцыйных арганiзацый, каардынаваў сваю дзейнасць з рэвалюцыйнымi сiламi Польшчы, з’яўляўся адным з кіраўнікоў Камiтэта руху – арганiзацыйнага цэнтра “чырвоных” (прадстаўнікі дробнай шляхты і інтэлігенцыі, сялянства, студэнцтва і гарадскіх “нізоў”). З кастрычнiка 1862 г. – старшыня Лiтоўскага правiнцыяльнага камiтэта. 1 лютага 1863 г. К. Калiноўскі ўзначалiў Часовы правiнцыяльны ўрад Лiтвы i Беларусi. У сакавiку 1863 г. адхiлены “белымi” (прадстаўнікі буйных землеўладальнікаў і буржуазіі) ад кiраўнiцтва i накiраваны на пасаду рэвалюцыйнага камiсара Гродзенскага ваяводства. Са жнiўня 1863 г. зноў на чале ўзброеннай барацьбы ў Лiтве i Беларусi, старшыня Выканаўчага аддзела Лiтвы.
Не атрымаўшы шырокай падтрымкi ў народзе, не маючы адзiных канкрэтных мэт, не адчуўшы дапамогi i з боку заходнiх дзяржаў, паўстанцы не змаглi супрацьстаяць магутнай царскай армii. У сярэдзiне мая 1863 г. пачалося фiзiчнае падаўленне паўстання. Па афiцыйных даных, у Беларусi i Лiтве 128 чалавек былi пакараны смерцю, каля 12,5 тыс. чалавек адпраўлены на катаргу i пасяленне ў Сiбiр, у арыштанцкiя роты. Кастуся Калiноўскага ў лютым 1864 г. арыштавалі і паводле рашэння ваенна-палявога суда 22 сакавiка павесілі на Лукiшскай плошчы ў Вiльнi.
Вялікае значэнне К. Калiноўскi надаваў падпольнаму руху. Ён з’яўляўся адным з выдаўцоў, аўтарам i рэдактарам газеты для сялян на беларускай мове “Мужыцкая праўда”. Пiсаў пад псеўданiмам “Яська-гаспадар з-пад Вiльнi”. На працягу лiпеня 1862 – красавiка 1863 гг. выйшла сем яе нумароў. У 1863–1864 гг. К. Калiноўскiм выдавалiся таксама газеты “Choragiew swobody” (“Сцяг свабоды”), “Glos z Litwy” (“Голас з Лiтвы”), на старонках якiх праводзiлiся iдэi сацыяльнай i нацыянальнай свабоды, неабходнасцi аб’яднання беларускiх i лiтоўскiх зямель у суверэнную дзяржаву. Этапнай з’явай у гiсторыi беларускай лiтаратуры сталi яго публiцыстыка (“Лiсты з-пад шыбенiцы”) i вершы (“Марыська, чарнаброва галубка мая”, прысвечаны Марыi Ямант, i “Калi за нашу праўду Бог нас стаў караць” – развiтанне з беларускiм народам).
Вобраз К. Калiноўскага шырока адлюстраваны ў розных вiдах мастацтва: створаны спектаклi, мастацкi фiльм, опера, балет, паэмы i аповесцi. У г. п. Свiслач Гродзенскай вобласцi ў 1958 г. пастаўлены помнiк (скульптар З. Азгур). Яго iмем названы вулiцы ў Мiнску, Брэсце i iншых гарадах Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.