Аркадзь Абрамавіч Астрамецкі нарадзіўся ў Мінску ў сям'і рабочых. З ранняга дзяцінства захапіўся музыкай. Бацькі купілі Аркадзю мандаліну, і хлопец хутка навучыўся падбіраць па слыху народныя песні і танцы. Пасталеўшы, пачаў наведваць музычны гурток Мінскага палаца піянераў, іграў у школьным аркестры народных інструментаў. У 1937 г. у Мінску адкрылася Беларуская дзяржаўная філармонія, пры якой арганізавалі аркестр народных інструментаў. У 14-гадовым узросце Аркадзь Астрамецкі вытрымаў конкурс і быў залічаны ў мастацкі домравы аркестр філармоніі, дзе ўпершыню пазнаёміўся з цудоўнай ігрой вядомага цымбаліста Ханона Шмелькіна. Праз два гады ўпартай мэтанакіраванай працы А. Астрамецкі разам з І. Жыновічам стаў лаўрэатам І Усесаюзнага агляду выканаўцаў на народных інструментах у Маскве (1939). Аркадзю Астрамецкаму давялося выступаць на адной сцэне з такімі музыкантамі-балалаечнікамі, як М.П. Осіпаў, імя якога цяпер носіць Нацыянальны акадэмічны аркестр народных інструментаў Расіі, і П.І. Нічыпарэнкам. У гэтым жа годзе юнак паступіў у Беларускую дзяржаўную кансерваторыю (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі). У 1940 г. А. Астрамецкі ўдзельнічаў у І Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве, дзе атрымаў медаль «За працоўную адзнаку».
Творчая дзейнаць маладога музыканта была прыпынена Вялікай Айчыннай вайной. У гады вайны артыст стаў курсантам Краснадарскага пяхотнага вучылішча. У 1942 г. змагаўся на Сталінградскім фронце, дзе быў цяжка паранены. Пасля ранення Аркадзь Астрамецкі прадоўжыў службу ў ансамблі Беларускай ваеннай акругі ў якасці саліста-цымбаліста.
З 1946 г. А.А. Астрамецкі быў прызначаны кіраўніком групы цымбалістаў Беларускага дзяржаўнага народнага аркестра (цяпер Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча), затым стаў яго канцэртмайстрам. З 1957 г. выступаў як саліст Беларускай дзяржаўнай філармоніі і адначасова працаваў педагогам сярэдняй спецыяльнай музычнай школы пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. Рэпертуар артыста складалі творы беларускіх аўтараў, пералажэнні інструментальных п'ес кампазітараў-класікаў («Сюіта ў старадаўнім стылі» В. Войціка, «Элегія» Д. Смольскага, прысвечаная памяці Д. Шастаковіча, «Інтэрмедыя», Адажыа з балета «Маленькі прынц» Я. Глебава, «Фантастычны марш» С. Картэса, «Трыпціх» В. Іванова і інш.). У яго выкананні неаднаразова гучалі рапсодыі Ф. Ліста і мазуркі Ф. Шапэна, капрысы Н. Паганіні і экасезы Л. Бетховена, танцы А. Дворжака і І. Брамса, неўміручая музыка І. Чайкоўскага, Н. Рахманінава, М. Балакірава, М. Глінкі. Манера выканання А. Астрамецкага вылучалася артыстызмам, яркай выразнасцю, вобразнасцю, рамантычнай узнёсласцю, шырокай палітрай фарбаў. У 1979 г. у зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбыўся першы ў гісторыі цымбалаў сольны канцэрт у двух аддзяленнях у выкананні А. Астрамецкага.
Творчасць артыста была вядома не толькі ў межах краіны, але далёка па-за яе межамі. Аркадзь Астрамецкі шмат гастраляваў па СССР, пабываў больш чым у дваццаці краінах свету. Поспехі Аркадзя Абрамавіча ў развіцці нацыянальгага мастацтва адзначаны званнем народнага артыста Беларусі (1970), ордэнам «Знак Пашаны», медалём «За працоўную адзнаку», ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.