Кобец Рыгор Якаўлевіч (сапраўднае імя Драч Міхаіл)
Дата нараджэння:
20.07.1900 Украіна
Дата смерці:
09.09.1990 Мінск, г.
Кароткая даведка:
пісьменнік, драматург, сцэнарыст, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі
Псеўданімы:
Кобец Григорий Яковлевич; Кобец Рыгор Якаўлевіч; Лахматы Грыша; Лахматы Грышка; Лахматы Рыгор; Лохматый Гриша
Варыянты імя:
Драч Міхаіл; Сандыга Міхаіл Мусіевіч
Імёны на іншых мовах:
Драч Михаил Мусиевич (руская); Сандыга Михаил Мусиевич (руская);
3708 сімвалаў
Даведка
Беларускі драматург, празаік, сцэнарыст Рыгор Якаўлевіч Кобец (сапраўднае прозвішча Міхаіл Драч) нарадзіўся на Украіне. Вучыўся ў царкоўнапрыходскай школе, народным рамесным і рэальным вучылішчах, быў удзельнікам Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў. З 1921 г. жыў у Мінску. Скончыў тры курсы Мінскага вячэрняга рабочага тэхнікума, працаваў маркіроўшчыкам, токарам і качагарам, рабкарам газеты «Рабочий» (цяпер «Беларусь сёння»). З 1925 г. уваходзіў у рускую секцыю «Звенья» літаратурнага аб'яднання «Маладняк», з 1929 г. – у «Маладняк». У 1935 г. стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР, заслужаным дзеячам мастацтваў БССР. У 1931–1937 гг. Р. Кобец быў кансультантам, загадчыкам сцэнарнага аддзела кінастудыі «Савецкая Беларусь» у Ленінградзе. У 1933, 1935, 1937 гг. ездзіў у творчыя камандзіроўкі ў Бірабіджан, быў супрацоўнікам газет «Биробиджанская правда», «Тихоокеанская звезда». У 1938 г. быў арыштаваны, у 1939 г. апраўданы. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны жыў у Хабараўску, дзе працаваў рэдактарам студыі кінахронікі. У 1941 г. быў зноў арыштаваны і ў 1942 г. сасланы на 10 гадоў у Сібір. Адбываў пакаранне на будоўлях чыгункі Тайшэт – Лена, Наушкі – Улан-Батар, на лесапавале ў лагерах Іркуцкай вобласці Расіі. У 1951–1959 гг. знаходзіўся на пасяленні ў Кіргізіі, дзе працавў вартавым, грузчыкам, загадчыкам-хаты чытальні. У 1960 г. вярнуўся ў Мінск, у лістападзе гэтага ж года быў рэабілітаваны. У 1967 г. стаў членам Саюза кінематаграфістаў Беларусі.
Друкавацца Р. Кобец пачаў у 1917 г. Адной з першых публікацый быў верш-фельетон «Лавочка» (газета «Друг народа», 1918). У беларускім друку выступаў з 1923 г. з вершамі, фельетонамі, нарысамі і апавяданнямі. Пісаў на рускай і беларускай мовах пад псеўданімамі Грыша Лахматы, Рыгор Лахматы і інш. Яго творы змяшчаліся ў газетах «Рабочий», «Чырвоная змена», «Звязда», «Савецкая Беларусь», часопісах «Маладняк», «Чырвоная Беларусь», «Напагатове», «Полымя рэвалюцыі», у маскоўскіх газетах «Гудок», «Рабочая газета». У 1929 г. Р. Кобец напісаў першую п'есу аб рабочым класе Беларусі «Гута». У 1930 г. п’еса была пастаўлена БДТ-1. Выдатную работу рэжысёра Е. Міровіча, акцёраў Л. Рахленкі, Б. Платонава, У. Крыловіча, У. Уладамірскага, В. Пола, Г. Грыгоніса высока ацанілі на Алімпіядзе тэатраў і мастацтва народаў СССР у Маскве, дзе пастаноўка БДТ-1 падзяліла першае месца з грузінскім тэатрам імя Ш. Руставелі. У перакладзе на іншыя мовы «Гута» ішла ў многіх тэатрах СССР, а таксама ў Чэхаславакіі (1931).
Рыгор Кобец ў’яўляецца аўтарам п'ес «А ўсё ж заспяваю» (1932), «На заставе» (1935), «Мигрень» (1940), «Цяжкі выпадак» (1961), «Піражкі з чырвонцамі» (1965), музычнай камедыі «Счастливый берег» (пастаўлена ў 1940 г.), успамінаў пра Я. Купалу «Купалава ноч» (1959, апублікаваны ў 1998 г.). У 1967 г. ён напісаў «Аўтабіяграфію» (друкавалася ў Беларусі ў 1973 г. са скарачэннямі) – шчырую споведзь чалавека вельмі цяжкага і складанага лёсу. Аўтабіяграфічную тэму працягнуў у аповесці «Ноеў каўчэг» (1964, апублікавана ў 1989 г.), дзе расказаў аб пакутах і мужнасці рэпрэсіраваных у сібірскіх лагерах.
Рыгор Кобец зрабіў значны ўклад у станаўленне беларускай кінематаграфіі. Ён аўтар сцэнарыяў кінафільмаў «Ураган» (1931, з Б. Брадзянскім), «Двойчы народжаны» (1933, першы гукавы фільм на беларускай мове), «Шукальнікі шчасця» (1936, з І. Зэльцарам), «Дняпро ў агні» (1937, з І. Барашкам) і інш.
Кінафільм «Шукальнікі шчасця» дзякуючы выдатнай рэжысёрскай рабоце У. Корш-Сабліна, цудоўнай ігры акцёраў М. Блюменталь-Тамарынай (Двойра), В. Зускіна (Піня), М. Вальянава (Лёва), І. Бій-Бродскага (Шлёма) і інш., песням на музыку І. Дунаеўскага ўвайшоў у залаты фонд савецкай кінематаграфіі. Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г., актуалізаваны ў 2025 г.